ПАДМА́НКІ,

група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЫ́Т (ад лац. Dacia Дакія),

магматычная горная парода, эфузіўны аналаг гранадыярытаў і кварцавых дыярытаў. Складзена з тонказярністай або шклістай асн. масы і ўкрапванняў плагіяклазу, кварцу, рагавой падманкі і інш. Структура парфіравая або афіравая. Колер светла-шэры, зеленавата-шэры, чырванаваты. Шчыльн. 2650 кг/м³. Д. вядомы ў вулканагенных тоўшчах усіх узростаў, асабліва ў кайназойскіх. Буд. матэрыял.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФІРЫ́Т (porphyrite),

палеатыпныя эфузіўныя сярэднія і асноўныя горныя пароды, у структуры якіх буйныя ўкрапанікі плагіяклазу, рагавой падманкі або піраксену ў тонказярністай масе, якая складзена з тых жа мінералаў і змененага шкла (парфіравая структура). Паводле складу аналагічнай кайнатыпнай пароды адрозніваюць П. базальтавы, андэзітавы і інш. П. наз. таксама гіпабісальныя, жыльныя сярэднія і асноўныя горныя пароды (габрапарфірыт, дыярытавы П. і інш.) з парфіравай структурай.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),

імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),

глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п. Мікашэвічы) мае прамысл. значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ТА-ГНЕЙС,

поўнакрышталічная сланцаватая ці палоскавая горная парода паводле саставу аналагічная граніту. Структура прамежкавая паміж гнейсам і гранітам. Складзены пераважна з мінералаў плагіяклазу, мікракліну, кварцу і слюды (пераважна біятыту). Тэкстура вызначаецца субпаралельным размяшчэннем таблітчастых і прызматычных крышталёў (палявога шпату, слюды, рагавой падманкі і інш.) і падоўжных уключэнняў, а таксама скопішчам мінералаў у палосы ці праслойкі, якія чаргуюцца. Граніта-гнейс ўтвараюцца ў зонах высокага метамарфізму і цесна асацыіруюць з гнейсамі рознага саставу. На Беларусі пашыраны ў дакембрыйскіх утварэннях Беларускай антэклізы. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БРА (італьян. gabbro),

магматычная інтрузіўная горная парода асноўнага саставу; глыбінны аналаг базальту. Складаецца з асн. плагіяклазу, манакліннага, радзей рамбічнага піраксену, алівіну або рагавой падманкі. Другарадныя мінералы: біятыт, нефелін, тытанамагнетыт і інш. Акцэсарныя мінералы: апатыт, пірацін, храміт, сфен і інш. Разнавіднасці: алівінавае габра, нарыт (габра з рамбічным піраксенам), лабрадарыт і г.д. Раўнамерназярністая горная парода са спецыфічнай габравай структурай. Шчыльн. 2800—3200 кг/м³; трываласць на сцісканне 80—360 МПа. З інтрузіямі габра звязаны радовішчы магнетыту, тытанамагнетыту, сульфідаў нікелю, медзі і інш. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і штучны камень, друз у буд-ве. На Беларусі габра вядомыя ў архейскім і ніжнепратэразойскім комплексах парод крышт. фундамента.

У.​Я.​Бардон.

т. 4, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНАДЫЯРЫ́Т,

магматычная інтрузіўная поўнакрышт. горная парода, прамежкавая паводле саставу паміж гранітамі і кварцавым дыярытам. Складаецца з плагіяклазу (65—90%), каліева-натрыевага палявога шпату, кварцу, рагавой падманкі, біятыту, радзей піраксену і акцэсорных мінералаў (апатыт, магнетыт, сфен і інш.). Колер зеленавата-шэры. У залежнасці ад структуры і тэкстуры адрозніваюць гранадыярыт: парфірападобныя, раўнамерна-, буйна-, сярэдне-, дробна-, тонказярністыя, аплітавыя, пегматоідныя, масіўныя, у палоску, плямістыя і інш. Глыбінны аналаг дацыту. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Трываласць на сцісканне 100—300 МПа. Гранадыярыт развіты ва ўсіх раёнах, дзе пашыраны кіслыя глыбінныя пароды. На Беларусі вядомы ў саставе крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як абліцовачны камень і друз.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЫЙ (лац. indium),

In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: ​113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙10​14 гадоў) ​115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10​−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.​Райхам і Т.​Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.

Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.

Літ.:

Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.

І.​В.​Боднар.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)