ПАРКЕ́Т (франц. parquet),

габляваныя драўляныя планкі (клёпкі) для насцілу падлогі, а таксама само пакрыццё такой падлогі. Робіцца з дубу, буку, ясеню, клёну, бярозы, грабу і інш., мастацкі П. — з драўніны каштоўных парод (арэху, чырвонага дрэва). Вызначаецца прыгожым выглядам, даўгавечнасцю, нізкай цепла- і гукапранікальнасцю.

Бывае шчытавы (мае аснову і пакрыццё з клёпак, наклееных на аснову), наборны, або мазаічны (з планак, падабраных па рысунку і наклееных вонкавым бокам на трывалую паперу), штучны (з асобных планак, прыклееных да асновы) і з паркетных дошак (рэйкі з папярочна наклеенымі планкамі). Пасля насцілу П. націраюць воскам, масцікай ці пакрываюць спец. паркетным лакам. Аддзелка паркетнай падлогі — струганне, цыкляванне і націранне, робіцца паркетастругальнымі, паркеташліфавальнымі і электрапалацёрнымі машынамі.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛАЛІ́Т (ад ксіла... + lithos камень),

штучны буд. матэрыял з сумесі магнезіяльнага вяжучага рэчыва, пілавіння і драўнянай мукі з дабаўленнем тонкадысперсных мінер. рэчываў і пігментаў. Выкарыстоўваецца пераважна для пакрыццяў бясшвовых падлог і асноў пад падлогі з сінт. матэрыялаў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕТО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1899—1914 у г. Мінску (з 1913 наз. ф-ка «Мазаіка»). Выпускала цэментныя пліты для падлогі, тратуараў, лесвіц са штучнага каменю, мазаічныя вырабы. У 1913 працавала 50 чал., выраблена прадукцыі на 20 тыс. руб.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТКА ў тэхніцы,

1) разгорнутыя ў плоскасці ліставая загатоўка ці паверхня дэталі складанай формы (напр., вінта, шаравой цыстэрны, злучэння трубаправодаў).

2) Чарцёж, на якім паказаны праекцыі ўнутр. сцен памяшкання сумесна з праекцыямі падлогі і столі (плафона).

Разгортка: а — круглага конуса; б — круглага цыліндра з нанесенай на ім вінтавой лініяй.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁЎНЯ,

традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНО́ЛЕУМ (ад лац. linum лён, палатно + oleum алей),

палімерны рулонны матэрыял для пакрыцця падлогі.

Паводле зыходнай сыравіны (сувязнага) падзяляюць на полівінілхларыдны, гліфталевы (алкідны Л.), калаксілінавы (нітралінолеум) і гумавы (рэлін). Вырабляюць без асновы (адна- і шматслойны) і на ўмацаванай (тканіннай) або цеплагукаізаляцыйнай аснове. Прамысл. вытв-сць Л. — джутавай тканіны, пакрытай з аднаго боку слоем аксідаванага алею, распачалі ў 1864 у Вялікабрытаніі. Выкарыстоўваюць у буд-ве.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЭС ХО́У,

калідорная грабніца на Аркнейскіх а-вах (Вялікабрытанія). Датуецца 3 — сярэдзінай 2-га тыс. да н.э. Адкрыта ў 1861. Пахаванне разрабавана. Знаходзілася пад круглым каменным курганом, абкружаным кальцавым ровам. Падквадратная пахавальная камера мела 3 дадатковыя прамавугольныя памяшканні, уваходы ў якія былі падняты на 0,9 м над узроўнем падлогі. На сценах захаваліся рунічныя надпісы і графіці 12 ст., якія сведчаць аб разрабаванні М.Х. вікінгамі.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве,

матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ РАБО́ТЫ ў будаўніцтве,

работы, звязаныя з выкарыстаннем аддзелачных матэрыялаў у мэтах павышэння даўгавечнасці, паляпшэння эксплуатацыйных, санітарна-гігіенічных і архітэктурна-маст. якасцяў збудаванняў. Да аддзелачных работ належаць малярныя работы, абліцовачныя работы, шкляныя работы, шпалерныя і штукатурныя работы, устаноўка сталярных вырабаў і дэталяў, насціланне падлогі (у т. л. паркету). Паслядоўнасць і сумяшчэнне з інш. буд. работамі залежаць ад асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі ўзвядзення збудаванняў, часткова выконваюцца пры вытв-сці буйнапамерных зборных элементаў.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТУМНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

тэрмапластычныя матэрыялы на аснове прыродных або штучных нафтавых бітумаў, каменнавугальнага пеку або іх сплаваў. Змяшчаюць 25—60% напаўняльнікаў (баваўняныя ачоскі, кізельгур). Пластычныя сумесі бітуму з дробнадысперснымі напаўняльнікамі (мел, азбест і інш.) наз. бітумнымі масцікамі. Атмасфера- і вільгацеўстойлівыя; перапрацоўваюцца прасаваннем (5—20 МПа) загатовак пры т-ры да 175 °C. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці акумулятарных бакаў, дэталяў электра- і радыёапаратуры, дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў (напр., руберойду), пакрыццяў падлогі і інш.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)