АМАЛЬГА́МА (франц. amalgame ад грэч. malagma мяккая падкладка),

сплаў ртуці з інш. металам. У залежнасці ад суадносін ртуці і металу падзяляюцца на вадкія і цвёрдыя. Цвёрдыя пры награванні раскладаюцца на зыходныя кампаненты, вадкія застаюцца ўстойлівымі ў вял. інтэрвале тэмператур. Інертныя да агрэсіўных асяроддзяў, маюць добрыя цеплафіз. ўласцівасці. Утварэнне амальгамы адбываецца пры змочванні і дыфузіі ртуці ў метал. Кампаненты амальгамы ўтвараюць інтэрметал. злучэнні — меркурыды. Золата, серабро, волава лёгка сплаўляюцца з ртуццю, медзь — у здробненым стане ці пры награванні. Амальгамы — прамежкавыя рэчывы пры здабычы высакародных металаў з рудаў і канцэнтратаў; метад іх атрымання — амальгамацыя.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНТУ́Ш,

верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л. слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.

М.​С.​Лобач.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.​С.​Цітоў.

Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)