ЛАПА́ЦІНА (Таццяна Карнееўна) (15.8.1891, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 22.3.1980),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар-аматар. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Працавала ў калгасе, загадвала сельскай б-кай, навучала спевам у сярэдняй школе на радзіме. На аснове сямейнага гурту Лапаціных арганізавала і ў 1936—54 узначальвала Азершчынскі нар. хор — адзін з лепшых бел. самадз. калектываў. Пры яе ўдзеле ў хоры створаны найб. папулярныя песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка». «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а таксама песня Л. «Марфута».

Літ.:

Есакоў А., Смольскі Б. Калгасны хор сяла Азершчына Мн., 1953;

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАМЕ́ДЫЯ ПРА ЯКУ́БА І ІО́СІФА, ПАТРЫЯ́РХАЎ»

(«Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis»),

школьная драма, «эўхарыстычны дыялог» (ад грэч. eucharistia падзяка). Напісана на лац. мове езуітам Я.​Пылінскім, паст. ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме ў 1651. Уваходзіла ў рукапісны зборнік (загінуў у 1944), апісаны А.​Брукнерам і У.​Ператцам. Змест драмы невядомы. Вядомы толькі змест пралога і эпілога, напісаных лацініцай бел.-польскіх інтэрмедый. У іх выкарыстаны апакрыфічныя сюжэты, з пазіцый бел. сялянства крытыкаваўся сац.-рэліг. змест уніі і каталіцызму. Гал. герой інтэрмедый селянін Іван, а ў эпілогу і царкоўны паслугач гавораць па-беларуску. Інтэрмедыі апубл. А.​Брукнерам (1891).і Я.​Карскім (1921).

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1921. Т. 3, вып. 2. С. 214—238;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні. славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 171—173.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Валянцін Васілевіч) (н. 25.7.1936, хутар Авашл, Башкортастан),

рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). З 1965 у час. «Волга» (г. Саратаў), з 1967 у час. «Молодая гвардия», у 1971—81 гал. рэдактар выд-ва «Современник», з 1983 прарэктар Літ. ін-та імя М.​Горкага, Вышэйшых літ. курсаў у Маскве. Першая кніга паэзіі — «Мара» (1960). У зб-ках вершаў і паэм «Я не ведаю спакою» (1962), «Размова з каханай» (1968), «Блакітныя перавалы» (1970), «За жураўліным голасам» (1972), «Барвовыя салаўі» (1976), «Хачу быць ветрам» (1982, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Нас двое» (1987), «Абяцанне» (1989) і інш. — лёс Расіі і славян, айч. гісторыя; тэмы народ і герой, народ і паэт, творца і час, творца і радзіма, лірыка кахання. У кн. артыкулаў-роздумаў, нарысаў-апавяданняў «Падзяка: Паэт пра паэтаў» (1986) С. праз творчыя лёсы блізкіх яму паэтаў паказвае і свой лёс. Аўтар цыкла вершаў «Славянскія матывы», прысвечанага Беларусі. Перакладае на рус. мову вершы Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, Г.​Пашкова, А.​Пысіна і інш. Сакратар Міжнар. згуртавання пісьменніцкіх саюзаў (з 2000). Міжнар. прэмія імя М.​Шолахава 2000.

Тв.:

Избранное: Стихотворения и поэмы. М., 1978;

Посвящение: Избр. М., 1982;

Лирика: Стихи и поэмы. М., 1986;

Лицо. М., 1997;

Ратный миг. М., 2000;

Бессмертный маршал. М., 2000.

Літ.:

Ханбеков Л.В. Выбираю бой: Штрихи к творч. портрету В.​Сорокина. Челябинск, 1980;

Яго ж. Присягаю Уралу: Три лит. портрета. Челябинск, 1989.

А.​В.​Спрынчан.

В.В.Сарокін.

т. 14, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ХЕР ((Becher) Іаганес Роберт) (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел. пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш. бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.​Гартным, П.​Галавачом, М.​Чаротам, К.​Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.​Бузук, С.​Дзяргай, М.​Дуброўскі, А.​Зарыцкі, А.​Звонак, А.​Клышка, Я.​Семяжон. Нац. прэмія імя І.​В.​Гётэ 1949, 1950.

Тв.:

Бел. пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;

[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;

Вяртанне да сябе. Мн., 1985;

Рус. пер. — Сонеты. М., 1960;

Стихотворения;

Прощание;

Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;

Избранное. М., 1974;

О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.

Літ.:

Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;

Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;

Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;

Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.​Чарот і І.​Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.

А.​С.​Шаўчэнка.

І.Бехер.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)