КА́НА, эланд (Tragelaphus oryx),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы, на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, трымаецца статкамі.

Самая буйная антылопа кантынента, даўж. да 3,5 м, выш. ў карку каля 1,8 м, маса да 1 т. Рогі даўж. каля 1 м, скручаныя. Пад шыяй складка скуры (падгрудак). Афарбоўка ад шаравата-жоўтай да цёмна-рыжай. Нараджае 1 цяля. Корміцца травой, лісцем. Лёгка прыручаецца, гадуюць на фермах, у т. л. з 1892 у запаведніку Асканія-Нова (Украіна). Зах. падвід (T.o. derbianus) у Чырв. кнізе МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Кана.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЭФО́РДСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Англіі (графства Херэфардшыр) ад мясц. жывёлы з выкарыстаннем блізкароднаснага спароўвання і працяглага адбору. Займае першае месца ў свеце па колькасці пагалоўя сярод мясных парод. Гадуюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, краінах СНГ і інш.: на Беларусі — у племсаўгасе «Беняконскі» Воранаўскага р-на.

Жывёла мае моцную канстытуцыю, гарманічны склад цела, добра вызначаныя мясныя формы. Масць чырвоная розных адценняў, галава, карак, падгрудак, ніжняя частка ног і хваста белая. Жывая маса нованароджаных бычкоў 32—34 кг, цялушак 28—32, дарослых быкоў 850—1000, кароў 500—600 кг. Мяса сакаўное, далікатэснае, мармуровае. Малочнасць кароў 1200—1600 кг, тлустасць малака 3,9—4%.

Карова герэфордскай пароды.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)