Падводны спорт 7/602; 8/456; 10/409
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,
від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.
П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.
На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).
С.А.Патрыкееў.
т. 11, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́ТЫ (ад іза... + грэч. bathos глыбіня),
лініі на геаграфічных, батыметрычных і інш. картах, якія праходзяць па кропках з аднолькавымі значэннямі глыбінь вадаёмаў. Адлюстроўваюць падводны рэльеф.
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЕ МАРСКО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ 1935.
Заключана 18 чэрв. ў выглядзе абмену нотамі паміж англ. міністрам замежных спраў С.Хорам і спец. упаўнаважаным А.Гітлера І.Рыбетропам. Паводле пагаднення Германія атрымала права мець флот, роўны 35% танажу агульнага водазмяшчэння флоту Брыг. імперыі, падводны флот — у межах 45% танажу падводных лодак краін Брыт. імперыі і ў далейшым магла давесці свой падводны флот да ўзроўню брытанскага. Пагадненне парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дэнансавана фаш. Германіяй у крас. 1939 ва ўмовах падрыхтоўкі Германіі да 2-й сусв. вайны.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́КЕЛЬ (Якаў Якаўлевіч) (18.7.1901, Пецярбург — 30.12.1965),
савецкі акіянограф. Д-р геагр. н. (1950), прафесар. Удзельнік арктычнай экспедыцыі на «Сібіракове» (1932), «Чэлюскіне» (1934) і інш. Кіраваў складаннем першай батыметрычнай карты Арктычнага басейна. Яго імем названы падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.
т. 4, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,
агульная назва відаў спорту, якія звязаны з вадой. Да іх адносяцца вадналыжны спорт, веславанне акадэмічнае, веславанне на байдарках і каноэ, віндсёрфінг, вяслярны слалам, воднае пола, водна-маторны спорт, падводны спорт, парусны спорт, скачкі ў ваду і інш.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР (франц. barre),
пясчаны падводны вал у прыбярэжнай паласе марскога дна перад вусцем ракі (прывусцевы бар) або вузкая, выцягнутая ўздоўж берага наносная паласа сушы, што аддзяляе лагуну ад мора (берагавы бар). Утвараецца ад сукупнага дзеяння цячэння ракі, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў.
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)