Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.
Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАВО́Д,
гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ ЗМА́ЗКІ, кансістэнтныя змазкі,
высакавязкія мазі, якія атрымліваюцца ўвядзеннем у вадкія нафтавыя ці сінт. маслы цвёрдага загушчальніка (мыла, парафіну, сілікагелю, сажы і інш.). Вызначаюцца высокай т-рай кроплепадзення, добрым прыліпаннем да паверхняў трэння, стабільнасцю ўласцівасцей. Найб. пашыраны: графітная і чыгуначная П.з., кансталін, літол, салідол і інш. Выкарыстоўваюць для змазвання вузлоў механізмаў (калі падача вадкай змазкі немагчыма), для кансервацыі розных дэталей і механізмаў пры іх працяглым захоўванні і транспартаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗКАў тэхніцы,
1) змазачныя матэрыялы, якія памяншаюць трэнне і аблягчаюць працэсы мех. апрацоўкі металаў.
2) Змазачнае дзеянне змазачнага матэрыялу на паверхні трэння, у выніку якога памяншаюцца сіла трэння і зношванне паверхняў.
3) Падача змазачнага матэрыялу да паверхні слізгання ці качэння дэталей. Спосабы З. вызначаюцца функцыямі і ўмовамі работы вузла трэння, уласцівасцямі змазачнага матэрыялу.
4) Кансервацыйныя матэрыялы і матэрыялы для герметызацыі (ушчыльняльнікі). Выкарыстоўваюць для прадухілення карозіі метал. вырабаў пры захаванні і эксплуатацыі і ўшчыльнення злучэнняў дэталей машын (гл.Пластычныя змазкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛКА,
машына для правяльвання і сушкі агародніны, садавіны, ягад, грыбоў, траў, а таксама насення агароднінных і інш. культур. Найб. пашыраны агароднінасушылкі камернага і стужкавага тыпаў. Крыніца цяпла — электранагравальнікі, паравыя каларыферы, паветранагравальнікі. Выкарыстоўваюцца пераважна стужкавыя агароднінасушылкі, у якіх нарэзаная агародніна на рухомай стужцы з дробнаячэйкавай сеткі высушваецца падагрэтым паветрам. Прадукцыйнасць прамысл. агароднінасушылкі да 0,2 т/гадз. Існуюць канструкцыі агароднінасушылак бытавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВА́ННЕ,
падача голасу за каго-н. або што-н.; адна з найб. пашыраных працэдур для высвятлення меркаванняў, настрояў, спадзяванняў людзей па важных праблемах паліт. жыцця, уладнай практыкі. Бывае адкрытае, закрытае (тайнае), пайменнае, пры якім афіцыйна рэгіструецца, як галасаваў пэўны член парламента ці інш. органа. Галасаваннем вырашаецца лёс дэмакратычна выбіраемых кіраўнікоў дзяржаў і мясц. органаў улады, членаў парламента, дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады насельніцтвам, а таксама кіраўнікоў, супрацоўнікаў тых або інш. органаў і ўстаноў (гл.Выбарная сістэма). Для вырашэння ключавых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця можа праводзіцца нар. галасаванне — рэферэндум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПАЎНЯ́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГНС),
прызначана для прыёму, захоўвання і пастаўкі спажыўцам звадкаванага газу (ЗГ). Газ захоўваецца ў наземных, падземных і ізатэрмічных рэзервуарах, балонах. Яго разліваюць у балоны і аўтацыстэрны і дастаўляюць спажыўцам, часам запраўляюць аўтамабілі, якія працуюць на ЗГ.
На ГНС робяцца таксама рэгазіфікацыя газу, змешванне пары ЗГ з паветрам або нізкакаларыйнымі газамі і падача сумесі ў гар. размеркавальныя сістэмы. ГНС мае зліўную эстакаду (ад чыг. веткі), базу захоўвання ЗГ (агульная ўмяшчальнасць рэзервуараў да 8000 м³), помпава-кампрэсарны цэх для зліву газу з чыг. цыстэрнаў і падачы яго ў цэх для разліву, камунікацыі вадкай і паравой фаз і інш. ГНС будуюць за межамі горада з падветранага боку пануючых вятроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
сукупнасць мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой нас. пунктаў, прам-сці, транспарту і інш. праз сістэму гідратэхнічных збудаванняў. Для водазабеспячэння выкарыстоўваюць паверхневыя воды і прэсныя падземныя воды. Падзяляецца на камунальнае і вытворчае. Найб. спажыўцы вады — прадпрыемствы металург., хім., нафтаперапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, ЦЭЦ (падача вады на арашэнне адносіцца да воднай гаспадаркі, на ГЭС — да гідраэнергетыкі). Сістэма водазабеспячэння ўключае ачышчальныя (гл.Водаачыстка) і водазаборныя збудаванні, помпавыя станцыі, вадаводы, водаправодную сетку і інш., бывае гасп.-пітнога, вытв., проціпажарнага і аб’яднанага прызначэння. Сучасныя сістэмы цэнтралізаваныя: кожная забяспечвае вадой вял. групу спажыўцоў. Якасць вады для водазабеспячэння кантралюе сан. нагляд праз санэпідэмстанцыі. Для захавання неабходнай якасці пітной вады ствараюцца водаахоўныя зоны, зберагаюцца водаахоўныя лясы, ажыццяўляюцца інш. мерапрыемствы па ахове прыроды. Гл. таксама Водакарыстанне, Водаспажыванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.