ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр. мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.

А.​Ф.​Кірэева.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМАНС (Simons) Генры Калверт (1899—1946),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСЫ І КРЭДЫТ

Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі ўключае: дзярж. бюджэт, які складаецца з рэспубліканскага і мясц. бюджэтаў; банкаўскую сістэму; фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, сістэмы сац. страхавання, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян. Паводле Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Кіраўніцтва адпаведнымі звёнамі фінансава-крэдытнай сістэмы ў Беларусі ажыццяўляюць Мін-ва фінансаў і Нац. банк.

Гісторыя фінансава-крэдытнай сістэмы. Асобныя элементы гэтай сістэмы (дзярж. бюджэт, крэдыт, падатковая сістэма) паступова фарміраваліся на тэр. Беларусі з часоў сярэдневякоўя. З 1492 у ВКЛ існаваў адзіны эмісійны цэнтр дзяржавы — Віленскі манетны двор і пачала складвацца адзіная грашовая сістэма. У 1580 утворана адзіная манетная сістэма Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 уваходзіла ВКЛ. У ролі крэдытораў, паслугамі якіх карысталіся купцы і інш. прадпрымальнікі, у ВКЛ звычайна выступалі іх больш багатыя кампаньёны, феадалы, ліхвяры. У 2-й пал. 18 ст. ў Рэчы Паспалітай функцыянавалі і банкірскія канторы.

Фінансава-крэдытная сістэма, характэрная для капіталіст. рыначнай эканомікі, на Беларусі пачала складвацца ў 2-й пал. 19 ст. Яна з’яўлялася часткай агульнарасійскай, але мела свае асаблівасці. Тут стрымлівалася развіццё мясц. бюджэтаў, былі абмежаваны дзярж. і мясц. расходы на сац. патрэбы насельніцтва і эканам. мерапрыемствы. Акцыянерныя банкі ігнаравалі мясц. інтарэсы і ажыццяўлялі толькі найб. прыбытковыя для іх крэдытныя аперацыі. Бюджэтная сістэма Беларусі пач. 20 ст. складалася з даходаў і расходаў дзярж. бюджэту Расіі, якія ўлічваліся па губернях, з губернскіх (земскіх), павятовых, гарадскіх і грамадскіх (валасных і сельскіх) бюджэтаў. Асноўнымі даходамі дзярж. бюджэту былі ўскосныя падаткі, пошліны і паступленні ад віннай манаполіі. Даходы мясц. бюджэтаў фарміраваліся пераважна з падаткаў на нерухомую маёмасць, у т. л. на зямлю. На Беларусі даходы дзярж. бюджэту значна перавышалі расходы (на 58% у 1913). Амаль 74% бюджэтных сродкаў ішло на ўтрыманне органаў кіравання і духоўнага ведамства. На непасрэдныя патрэбы насельніцтва выдаткоўваліся нязначныя сумы, расходы на ахову здароўя і сац. забеспячэнне працоўных зусім не прадугледжваліся. Выдаткі на асвету ішлі пераважна на ўтрыманне гімназій і царкоўнапрыходскіх школ. Губернскія (земскія) бюджэты больш як 50% сродкаў накіроўвалі на асвету і ахову здароўя, але магчымасці іх былі нязначныя. Значнае месца ў фінансава-крэдытнай сістэме займала маёмаснае страхаванне, якое ажыццяўлялі агульнарасійскія акц. страхавыя т-вы («Расія», «Саламандра», «Надзея» і інш.) і мясц. гарадскія т-вы ўзаемнага страхавання. Абавязковым было страхаванне сял. забудоў. Крэдытаванне на Беларусі ажыццяўлялі: філіялы агульнарасійскіх і рэгіянальных акцыянерных камерцыйных банкаў (Руска-Азіяцкага, Азоўска-Данскога, Аб’яднанага, Маскоўскага, Віленскага, Беластоцкага, Руска-Французскага); мясц. гарадскія грамадскія банкі і таварыствы ўзаемнага крэдыту, установы дробнага крэдыту кааператыўнага тыпу (больш як 500 тыс. членаў); банкірскія дамы і канторы.

У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 фінансава-крэдытная сістэма Расіі была цалкам адзяржаўлена: нацыяналізаваны прыватныя банкі і акцыянерныя капіталы, банкаўская і страхавая справы абвешчаны дзярж. манаполіяй. Адначасова савецкая дзяржава вызваліла сялян ад выплаты даўгоў за купленую зямлю, увяла дзярж. сац. забеспячэнне, бясплатныя адукацыю і мед. абслугоўванне. Фінансава-крэдытная сістэма БССР была састаўной часткай адзінай сістэмы СССР. Яе дзярж. бюджэт і бюджэт мясц. Саветаў вылучаліся ў самаст. звяно адзінай бюджэтнай сістэмы краіны. З 1923—25 у Мінску пачалі дзейнічаць Бел. рэсп. кантора Дзяржбанка СССР, філіялы саюзных банкаў (Прамысловага, Кааператыўнага) і мясц. крэдытныя ўстановы: Гомельскі рабочы банк, т-вы с.-г. крэдыту, Бел. с.-г. банк, Бел. камунальны банк і інш. Нар. камісарыят фінансаў БССР меў статус саюзна-рэсп. органа. Грашовай адзінкай з’яўляўся рубель СССР, эмісію якога ажыццяўляў Дзярж. банк СССР у Маскве. На ўсіх этапах сав. дзяржава фінансавала развіццё эканомікі, сац. сферы і культуры Беларусі, выкарыстоўваючы магчымасці рэсп. і саюзнага бюджэтаў, крэдытных устаноў. Асабліва вял. дапамогу з саюзнага бюджэту Беларусь атрымала на аднаўленне сваёй гаспадаркі пасля вызвалення ад ням.-фаш. акупацыі: толькі ў 1943—45 больш за 122,7 млн. руб. У 1957 ліквідаваны Гандлёвы банк, у 1959 — Прамбанк, Цэкамбанк і іх філіялы, Белкамунбанк, а іх функцыі размеркаваны паміж Дзяржбанкам СССР (Рэсп. кантора ў Мінску) і нанава арганізаваным Будбанкам, філіялы якога адкрыты ў БССР. У 1958 бел. органы маёмаснага страхавання перададзены Мін-ву фінансаў БССР, арганізавана Гал. ўпраўленне дзярж. страхавання БССР. Заканадаўства 1950 — пач. 1970-х г. значна пашырыла бюджэтныя правы рэспублікі і мясц. Саветаў.

Крызіс адм.-каманднай эканомікі СССР у 1980 — пач. 1990-х г. прывёў да дэзінтэграцыі фінансава-крэдытнай сістэмы краіны. Рэзка ўпала пакупніцкая здольнасць савецкага рубля, які пасля распаду СССР яшчэ нейкі час выконваў функцыю грошай у былых саюзных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі, дзе ўжо пачалося фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы.

Дзяржаўны бюджэт. Фарміраванне самаст. дзярж. бюджэту Рэспублікі Беларусь пачалося ў 1991—92. Сучасны яе бюджэт уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, якія ўтвараюць кансалідаваны бюджэт краіны і складаюць яе бюджэтную сістэму. Бюджэтная сістэма грунтуецца на прынцыпах адзінства, паўнаты, рэальнасці, самастойнасці і публічнасці бюджэтаў, забяспечвае эканам. і сац. развіццё рэспублікі і яе адм.-тэр. адзінак. Даходы бюджэту кожнай адм.-тэр. адзінкі фарміруюцца за кошт падаткаў і інш. абавязковых плацяжоў (гл. табліцу 1) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У даходах бюджэту 2003 больш за 30% складалі ўскосныя падаткі (на дабаўленую вартасць і акцызы), 19% — прамыя падаткі (на прыбытак, на даходы, падаходны); каля 18% даходнай часткі бюджэту фарміраваліся за кошт даходаў мэтавых бюджэтных фондаў. Аб’ём фінансавання сац.-культ. устаноў і мерапрыемстваў па сац. абароне насельніцтва ў 2003 складаў больш за 38% усіх расходаў кансалідаванага бюджэту. На галіны эканомікі расходавалася каля 15% бюджэту, а таксама сродкі мэтавых галіновых бюджэтных фондаў; расходы на нац. абарону, дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне — 3%. І ў даходнай, і ў расходнай частках бюджэту значнае месца займаюць мэтавыя бюджэтныя фонды (гл. табл. 2).

Падатковая сістэма, уведзеная ў Рэспубліцы Беларусь у пач. 1992, будавалася з улікам найб. прымальных замежных мадэлей падаткаабкладання. Яе аснову склалі Закон «Аб падатках і зборах, што спаганяюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і спец. акты падатковага заканадаўства, што вызначалі канкрэтныя аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы. Першапачатковая падатковая сістэма ўключала 15 асн. падаткаў. Акрамя таго, юрыдычныя асобы плацілі 8 відаў адлічэнняў у розныя пазабюджэтныя фонды, доля якіх у агульнай падатковай нагрузцы складала больш за ​1/3. Пазней падатковая сістэма неаднаразова карэкціравалася, змяняліся яе структура, узровень, памяншаліся ўзровень і запазычанасць плацельшчыкаў перад бюджэтам (гл. табл. 3).

Падаткі і інш. абавязковыя плацяжы ў Рэспубліцы Беларусь у залежнасці ад іх функцый і крыніц аплаты падзяляюцца на 3 буйныя групы:

Падаткі і адлічэнні з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг): мясц. падаткі і зборы; падатак на дабаўленую вартасць; падатак з продажу аўтамабільнага паліва; адлічэнні ў рэсп. фонд падтрымкі вытворцаў с.-г. прадукцыі і харчавання, падтрымкі аграрнай навукі; падатак з карыстальнікаў аўтадарог у дарожны фонд; мэтавыя зборы ў мясц. мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды і на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду; акцызы.

Падаткі, што ўключаюцца суб’ектамі прадпрымальніцтва ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) і ўлічваюцца пры падаткаабкладанні: надзвычайны падатак і абавязковыя адлічэнні ў дзярж. фонд садзейнічання занятасці, якія плацяцца адзіным плацяжом з фонду заработнай платы; зямельны падатак; экалагічны падатак; плата за праезд па аўтадарозе Брэст—Мінск — граніца Рас. Федэрацыі; плата за праезд па аўтадарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў; плата за размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання ў навакольным асяроддзі; плата за драўніну, якая адпускаецца на корані і інш.

Падаткі з прыбытку: на нерухомасць; на даходы і прыбытак, у т. л.: на прыбытак; на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы; на даходы з фізічных асоб; на даходы замежных юрыд. асоб, якія не дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; на даходы, атрыманыя ў асобных сферах дзейнасці (на ігральны бізнес, на даходы ад латэрэйнай дзейнасці і інш.); падаткі і зборы, якія плацяцца за кошт прыбытку, што застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў (на набыццё аўтатрансп. сродкаў, афшорны збор, мясц. падаткі і зборы, на рэкламу і інш.; адзіны падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, адзіны падатак для вытворцаў с.-г. прадукцыі і інш.

Банкаўская сістэма ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам (2001) выступае састаўной часткай фінансава-крэдытнай сістэмы, уключае ў сябе Нац. банк і інш. банкі. Сучасная банкаўская сістэма пачала стварацца ў 1990 на аснове законаў Вярх. Савета БССР «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР». На базе былой бел. рэсп. канторы Дзяржбанка СССР быў заснаваны незалежны Нац. банк Рэспублікі Беларусь. Банкі 2-га ўзроўню ствараліся шляхам прыватызацыі былых дзярж. спецыялізаваных банкаў і арганізацый новых банкаў праз прыцягненне фінансавых рэсурсаў прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў, прыватных фірм і гандлёва-пасрэдніцкіх груп.

Асноўныя мэты дзейнасці Нац. банка Рэспублікі Беларусь: абарона і забеспячэнне ўстойлівасці бел. рубля, у т. л. яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют; развіццё і ўмацаванне банкаўскай сістэмы рэспублікі і забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы. Нац. банк здзяйсняе эмісію грошай, штогод сумесна з урадам распрацоўвае і праводзіць грашова-крэдытную палітыку, рэгулюе дзейнасць камерцыйных банкаў і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя Банкаўскім кодэксам.

2-і ўзровень банкаўскай сістэмы Беларусі складаюць камерцыйныя банкі. На 1.2.2004 у нармальным рэжыме функцыянавала 30 банкаў з 473 філіяламі. З іх 25 банкаў з удзелам замежнага капіталу, у т. л. 6 банкаў са 100-працэнтным замежным капіталам. Валавыя актывы банкаўскай сістэмы Беларусі ў адносінах да валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на 1.2.2004 склалі 45,8%, у т. л. чыстыя актывы 28% да ВУП. Крэдыты рэальнаму сектару эканомікі ў адносінах да ВУП склалі 12,2%, а капітал банкаўскай сістэмы — 5,6% да ВУП.

Найважнейшымі кірункамі далейшага развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі з’яўляюцца пашырэнне рэсурснай базы, павышэнне капіталізацыі банкаў, паляпшэнне якасці паслуг і пашырэнне аперацый, што выконваюцца банкамі.

Грашова-крэдытная палітыка. Пачатак рэалізацыі самастойнай грашова-крэдытнай палітыкі (ГКП) Беларусі звязаны з увядзеннем у 1992 у абарот бел. рубля, які ў першы час абарачаўся паралельна з рублём былога СССР і выкарыстоўваўся толькі ў наяўных разліках. З сак. 1993 ён пачаў каціравацца на валютнай біржы, а ў жн. 1994 бел. рубель абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам на тэр. краіны. З 1996 да вер. 2000 эканоміка і банкаўская сістэма Беларусі дзейнічалі ва ўмовах «множнасці валютных курсаў», калі адхіленні рыначных каціровак ад афіц. курсу складалі ад 20—30 да 100—200% і болей (максімальна ў кастр.—ліст. 1998 — каля 250%). У агульнаэканам. плане такая сістэма курсаўтварэння з’яўлялася па сутнасці своеасаблівай формай схаванага субсідзіравання «крытычнага імпарту» (гал. чынам, энерганосьбітаў, збожжа, некаторых сацыяльна значных тавараў). Такая сістэма абумоўлівала значныя скажэнні эканам. інфармацыі. Яна рэалізоўвалася за кошт дадатковага падатку на экспарцёраў, якіх прымушалі абавязкова прадаваць валюту дзяржаве па заніжаным афіц. курсе; была элементам падтрымання неэфектыўных вытворцаў, суправаджалася вельмі мяккай ГКП.

У 2000 памеры крэдытнай эмісіі Нац. банка былі значна абмежаваны — яна накіроўвалася выключна на крэдытаванне дэфіцыту дзярж. бюджэту. Гэта дазволіла, пачынаючы з крас. 2000, істотна знізіць тэмпы дэвальвацыі рыначных каціровак рубля (з 205% у сярэднім за месяц да 0,5—1,5%), а ў маі пачаць паскораную карэкціроўку яго афіц. курсу. 14.9.2000 здзейснены пераход да адзінага валютнага курсу. Ліквідацыя сістэмы множных валютных курсаў і пашырэнне сферы выкарыстання бел. рубля ў знешнім гандлі сфарміравалі ўмовы для знешнеэканам. дзейнасці бел. прадпрыемстваў. Важнае значэнне мела лібералізацыя валютнага рынку, зняцце мноства абмежаванняў на наяўным і на безнаяўным сегментах, у т. л. ў адносінах нерэзідэнтаў. У кастр. 2001 Беларусь далучылася да арт. XIII Статута Міжнар. валютнага фонду, у якім сфармуляваны крытэрыі канверсоўнасці нац. грашовай адзінкі па бягучых аперацыях.

У наступныя гады працягвалася манетарная палітыка, накіраваная на паглыбленне фінансава-эканам. стабільнасці, падтрыманне павольных і прадказальных тэмпаў дэвальвацыі бел. рубля. Паводле «Канцэпцыі развіцця банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2001—10 гады» зніжэнне курсу бел. рубля да 2005 павінна быць даведзена да ўзроўню 5% за год, што адпавядае міжнар. стандартам.

Страхаванне. Страхавая дзейнасць на Беларусі рэгулюецца Законам «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і «Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Для правядзення дзярж. палітыкі ў сферы страхавання пры Мін-ве фінансаў створаны Савет па страхаванні.

У 2004 на Беларусі дзейнічалі 6 абавязковых відаў страхавання і каля 30 добраахвотных, якія па галінах страхавання падзяляюцца на асабістае (жыцця і ад няшчасных выпадкаў), маёмаснае (фізічных асоб і юрыд. асоб), страхаванне адказнасці. Да абавязковай формы страхавання адносяцца: асабістае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў (з 1.1.2004); мед. страхаванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца на Беларусі (з 1.10.2004); абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў асобных катэгорый дзярж. служачых; страхаванне будынкаў грамадзян (з 1.1.1998); страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў (з 1.7.1999); страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі (з 1.4.2002). Добраахвотнымі відамі страхавання з’яўляецца страхаванне: жыцця; дадатковых пенсій; ад няшчасных выпадкаў, што не падлягаюць абавязковаму страхаванню; добраахвотнае страхаванне будынкаў грамадзян; хатняй маёмасці грамадзян; аўтатранспартных сродкаў; жывёлы грамадзян і інш. маёмасці фізічных асоб; маёмасці юрыд. асоб; авіясуднаў юрыд. асоб; будаўніча-мантажных рызык юрыд. асоб; прадпрымальніцкай рызыкі юрыд. асоб; інш. віды маёмаснага страхавання юрыд. асоб; грамадзянскай адказнасці арганізацый, што ствараюць павышаную небяспеку для наваколля; грамадзянскай адказнасці за нанясенне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафес. дзейнасці; грамадзянскай адказнасці перавозчыка і экспедытара; грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветр. суднаў; інш. віды страхавання адказнасці.

Страхавы рынак Беларусі пачаў фарміравацца ў 1990, калі была адменена дзярж. манаполія на страхаванне. Да сярэдзіны 1990-х г. у дзярж. рэестры зарэгістравана каля 100 страхоўшчыкаў; у пач. 2004 дзейнічалі 33 страхавыя арганізацыі розных арганізацыйна-прававых форм, у т. л. 3 дзяржаўныя: Белдзяржстрах, Белэксімгрант і даччыная кампанія Белдзяржстраха, якая займаецца страхаваннем жыцця — «Стравіта». Самай буйной страхавой кампаніяй Беларусі з’яўляецца Белдзяржстрах (да 1991 — адзіная страхавая арг-цыя ў рэспубліцы), доля якога ў агульнай страхавой прэміі складае 60%. Страхавыя арг-цыі сканцэнтраваны ў асноўным у Мінску, а ў іншых гарадах маюць структурныя падраздзяленні.

Найб. развітым відам страхавання на Беларусі з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў, уведзенае 1.7.1999; з 1.7.2002 Бел. бюро па трансп. страхаванні стала транзітным членам міжнар. сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта» (44 краіны-члены).

Заканадаўства краіны забараняе продаж полісаў замежных страхавых кампаній у Рэспубліцы Беларусь. Страхавая дзейнасць замежных кампаній дазваляецца толькі ў сумесных прадпрыемствах з бел. кампаніямі. Максімальная доля замежнага капіталу абмяжоўваецца 49% укладу ва ўстаўны фонд. На бел. страхавым рынку працуе 10 кампаній з удзелам замежнага капіталу. Партнёрамі з’яўляюцца рэзідэнты Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Аўстрыі, Бельгіі і інш.

Штогадовы збор страхавых прэмій усімі страхоўшчыкамі Рэспублікі Беларусь да 2000 складаў у эквіваленце 50 млн. долараў ЗША. З 2000 памер паступленняў страхавых прэмій штогод нарастаў і ў 2004 дасягнуў 200,8 млрд. рублёў, ці каля 100 млн. долараў ЗША. Расходы на страхаванне ў Беларусі вельмі нізкія: 0,5—0,7% ад ВУП (у 1990—1,8%).

Літ.:

Очерки развития финансов и кредита в БССР. Мн., 1970;

Шмарловская Г.А. Теория налогов: закономерности формирования и государственного регулирования. Мн., 1996;

Корякина О.А. Финансы в национальной экономике. Мн., 1998;

Совершенствование финансово-кредитного механизма в условиях трансформации экономики Республики Беларусь. Мн., 2000;

Лученок А.И. Актуальные проблемы финансовой политики (респ. и региональный аспекты). Мн., 2002.

Т.​У.​Сарокіна (дзяржаўны бюджэт), Т.​А.​Выразубава (падатковая сістэма, страхаванне), Ж.​Д.​Даніловіч (банкаўская сістэма), І.​Н.​Цішчанка (грашова-крэдытная палітыка).


Табліца 1
Структура даходаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь (без уліку фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у % да выніку)
Даходы 1998 1999 2000 2001 2002 2003
Усяго 100 100 100 100 100
у т. л.: падатак на прыбытак і падатак на даходы 12,7 13,9 13,8 12,7 9,0 11
падаходны падатак 10,4 8,5 8,7 9,3 9,0 8,4
падатак на дабаўленую вартасць 25,8 24,8 25,7 25,2 25,1 23,7
акцызы 11,1 9,4 8,0 7,7 6,9 6,9
падаткі і плацяжы за карыстанне прыроднымі рэсурсамі 0,3 0,3 0,2 0,3 0,3 0,3
падаткі за карыстанне ляснымі фондамі 0,2 0,4 0,3 0,2 0,2 0,2
надзвычайны падатак для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС 2,6 2,3 2,3 2,7 2,5 2,2
падаткі на ўласнасць 3,8 1,7 2,9 4,1 4,5 6,0
даходы ад знешняга гандлю і знешнеэканам. аперацый 6,3 5,5 4,5 5,2 6,1 7,8
непадатковыя даходы і абавязковыя плацяжы, у т. л. паступленні ад прыватызацыі дзярж. маёмасці 7,6 6,6 4,6 5,4 9,6 4,9
даходы свабодных эканам. зон 0,0 0,3 0,4 0,3 0,3 0,3
даходы дзярж. мэтавых бюджэтных і пазабюджэтных фондаў 15,7 16,7 18,5 18,0 17,0 17,9
іншыя даходы 3,5 9,9 10,1 8,9 9,5 10,4

Табліца 2
Структура расходаў кансалідаванага бюджэту Рэспублікі Беларусь (без уліку фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у % да выніку)
Расходы 1999 2000 2001 2002 2003
Усяго 100 100 100 100 100
у т. л.:
дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне
2,6 2,7 2,8 2,9 3,0
нацыянальную абарону 2,6 2,8 3,1 3,0 3,0
праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі 4,8 5,1 5,5 5,3 5,1
навуку 1,2 1,1 1,1 1,1 1,1
галіны эканомікі 16,3 15,0 15,1 13,7 14,9
прадухіленне і ліквідацыю наступстваў надзвычайных сітуацый і стыхійных бедстваў 4,3 3,4 3,8 3,5 3,1
сацыяльна-культурныя ўстановы і мерапрыемствы па сац. абароне 34,6 36,7 39,0 41,8 38,5
капітальныя ўкладанні 6,9 5,3 4,2 3,7 4,5
расходы дзярж. мэтавых бюджэтных і пазабюджэтных фондаў 14,2 17,2 16,5 15,6 15,5
іншыя 12,5 10,7 8,9 9,3 11,3

Табліца 3
Падаткі ў бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь
Паказчык 1995 1999 2000 2001 2002 2003
Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту 89,6 103,4 105,8 104,7 104,7 106,8
Рэальная падатковая нагрузка 42,6 40,5 42,1 41,5 39,7 40,1
Нядоімкі 4,6 0,3 0,5 0,9 0,9 0,7
Прамыя падаткі ў даходах бюджэту 34,0 25,6 27,9 28,1 26,2 24,9
Ускосныя падаткі ў даходах бюджэту 36,8 54,8 58,6 55,9 55,5 54,7
Доля падаткаў у даходах бюджэту 87,6 91,2 89,3 88,0 86,7
Будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Філіял «Беларусбанка». Браслаў.

т. 18, кн. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВЫ, СВАБОДЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН

Сістэма правоў, свабод і абавязкаў з’яўляецца нарматыўнай сферай узаемадзеяння людзей, неабходнай умовай забеспячэння нармальнага функцыянавання індывіда, грамадства і дзяржавы. Яна акрэслівае асобе магчымасці яе паводзін, вызначае яе свабоду і тыя межы свабоды, якія ўстанаўлівае дзяржава без фактычнага ўмяшання ў гэтую сферу. Прынята, што правы і свабоды чалавека маюць натуральную прыроду паходжання, індывід набывае іх не ад дзяржавы, а ў сілу свайго нараджэння. У адрозненне ад гэтага правы і свабоды грамадзяніна прадвызначаны яго прыналежнасцю да дзяржавы і яе народа. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законах і міжнар. абавязацельствах, абвешчана вышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі складаюць аснову прававога статуса грамадзян Беларусі. Яны разглядаюцца ў якасці найважнейшых, асн. правоў, свабод і абавязкаў, маюць універсальны, агульны для ўсіх грамадзян характар, валодаюць вышэйшай юрыд. сілай і з’яўляюцца базай для ўсіх астатніх (звычайных) правоў і абавязкаў. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Канстытуцыя не толькі абвяшчае правы і свабоды грамадзян, але і замацоўвае гарантыі іх рэалізацыі (прыналежнасць улады народу, клопаты аб задавальненні матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей людзей і інш.). Паводле сферы свайго праяўлення і рэальнага функцыянавання ў розных сферах жыцця адрозніваюць асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян.

Асабістыя правы і свабоды ўключаюць: права на жыццё; свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля; свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на вызначэнне адносін да рэлігіі; свабоду меркаванняў і перакананняў; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і; права на нац. прыналежнасць, карыстанне роднай мовай; права на суд. абарону; права на юрыд. дапамогу; права на абарону міжнар. арганізацыяй. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага чалавека на жыццё і абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. Яна дапускае прымяненне смяротнай кары як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі паводле прыгавору суда. У адпаведнасці з заключэннем Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 11.3.2004 гэтая норма дазваляе Прэзідэнту і Парламенту прыняць рашэнне пра аб’яўленне мараторыя на прымяненне смяротнай кары або пра поўную адмену гэтага. віду пакарання. Кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам (учыненне злачынства, дачыненне да тэрарызму або іншых небяспечных гвалтоўных злачынстваў, кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй, арганізаванай групай або прыналежнасць да яе і інш.). Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту. Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца мед. або іншым доследам. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у т. л. ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і інш. паведамленняў, на яго гонар і годнасць, а таксама тайны ўкладаў, інфармацыі аб стане здароўя, тайны галасавання, споведзі і інш. Грамадзянін мае права патрабаваць на судзе абвяржэння звестак, якія знеслаўляюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гарантуецца недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Аб’ектам ніякіх абмежаванняў не можа быць права грамадзяніна свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад, акрамя тых, якія прадугледжаны заканадаўствам. Кожны чалавек мае права асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам, забяспечваць рэліг. і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці з перакананнем. Адным са сродкаў рэалізацыі свабоды поглядаў і перакананняў з’яўляецца выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі (СМІ), удзел у сходах і інш. грамадскіх мерапрыемствах, накіраванне зваротаў у дзярж. і грамадскія органы, службовым асобам, удзел у перадвыбарчай агітацыі і г.д. Любы прымус чалавека да адкрытага выказвання або адмовы ад сваіх поглядаў лічыцца проціпраўным. Не дапускаюцца манапалізацыя СМІ дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама стварэнне і фінансаванне арганізацый, устаноў, органаў або пасад, у задачы якіх уваходзіць ажыццяўленне цэнзуры масавай інфармацыі.

Пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям’я, мацярынства і бацькоўства. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць прычыніць шкоду яго фіз., разумоваму або маральнаму развіццю. Дзяржава гарантуе павагу правоў асоб, якія адносяць сябе да нац. меншасцей; забараняецца патрабаваць ад грамадзяніна ўказання яго нац. прыналежнасці ні вусна, ні пісьмова. Знявага нацыянальнай годнасці караецца паводле закона. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, выхавання і навучання. Грамадзянам гарантуецца абарона іх правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. На канстытуцыйным узроўні прадугледжана права карыстацца ў любы момант юрыд. дапамогай адвакатаў і інш. сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзярж. органах, органах мясц. кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама звяртацца ў міжнар. арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзярж. сродкі прававой абароны.

Да палітычных правоў і свабод грамадзяніна адносяцца: права кіравання справамі дзяржавы; права выбіраць і быць выбраным; права на звяртанне ў дзярж. органы; свабода аб’яднанняў; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; свабода друку і інфармацыі; права на роўны доступ да любых пасад у дзярж. органах. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэсп. і мясц. значэння, рэсп. і мясц. сходаў, іншымі вызначанымі законам спосабамі. Права на свабоду аб’яднанняў рэалізуецца праз магчымасць стварэння і ўдзелу грамадзян у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў і грамадскіх арганізацый. Для забеспячэння аб’ектыўнасці і непрадузятасці суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутр. спраў, Камітэта дзярж. кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, аб стане навакольнага асяроддзя. Нарматыўныя акты Прэзідэнта, Парламента, Урада, іншых дзярж. органаў публікуюцца ў афіц. выданнях і ў друку, даводзяцца да ўсеагульнага ведама інш. прадугледжаным законам спосабам. Дзярж. органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Грамадзянам гарантуецца роўны, без якой-небудзь дыскрымінацыі доступ да любых пасад у дзярж. органах, незалежна ад расы, рэлігіі, мовы, паліт. перакананняў, нац., сац. паходжання або маёмаснага становішча.

Сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы ўключаюць: права на працу; на справядлівую долю ўзнагароджання ў эканам. выніках працы; на адпачынак; права ўласнасці; на жыллё; на абарону здароўя; на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; на адукацыю; на сац. забеспячэнне; на ўдзел у культурным жыцці. Права на працу разглядаецца як найб. годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўключае права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафес. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Прымушэнне да працы ў любой форме не дапускаецца, за выключэннем работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам. Свае эканам. і сац. інтарэсы грамадзяне могуць абараняць рознымі спосабамі (зварот у суд, аб’яднанне ў прафсаюзы, заключэнне калект. дагавораў, забастоўкі). Канстытуцыйна замацаванае права працоўных на адпачынак дазваляе абмежаваць рабочы час работнікаў і стварыць ім неабходныя ўмовы для аднаўлення сіл і рацыянальнага выкарыстання свабоднага часу. Для тых, хто працуе па найме, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку. Закон ахоўвае недатыкальнасць уласнасці грамадзян і права яе атрымання ў спадчыну. Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай. Уласнік мае права паводле свайго меркавання ўчыняць у адносінах да сваёй маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць закону і не ўшчамляюць правы і інтарэсы іншых асоб, у т. л. адчужаць сваю маёмасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, свае правамоцтвы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда. Права грамадзяніна на жыллё рэалізуецца шляхам набыцця дзярж. (грамадскага) жылля ва ўласнасць, а таксама кааператыўнага і індывід. жыллёвага будаўніцтва, недапушчальнасцю адвольнага пазбаўлення яго жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце ў адпаведнасці з заканадаўствам. Права на ахову здароўя забяспечваецца стварэннем даступнага для ўсіх грамадзян мед. абслугоўвання, бясплатным лячэннем у дзярж. установах аховы здароўя, за выключэннем вызначаных урадам відаў мед. дапамогі, развіццём фіз. культуры і спорту, магчымасцю карыстацца аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы. З мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, працы і адпачынку дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, меры па іх аднаўленні і аздараўленні навакольнага асяроддзя і прадухіленні экалагічна шкоднай дзейнасці, ліквідацыі вынікаў аварый, катастроф, стыхійных бедстваў. Гарантыяй рэалізацыі права на адукацыю з’яўляецца даступнасць і бясплатнасць сярэдняй і прафес.-тэхн. адукацыі, даступнасць у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ў дзярж. або недзярж. навуч. установах, выдзяленне дзярж. сродкаў на ўтрыманне і матэрыяльнае забеспячэнне навуч. устаноў, прадастаўленне дзярж. стыпендый і льгот навучэнцам і студэнтам, бясплатная выдача школьных падручнікаў, агульнадаступнасць бібліятэк і інш. Дзейным заканадаўствам прадугледжваюцца розныя віды дзярж. сац. страхавання работнікаў, устанаўліваюцца нормы і парадак пенсіённага забеспячэння (пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, у выпадку страты працаздольнасці, страты карміцеля, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па догляду інвалідаў I групы, на дзяцей ва ўзросце да 16 галоў і інш.). Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзярж. і грамадскіх інтарэсаў. З мэтай рэалізацыі права займацца культ. дзейнасцю дзярж. органы павінны ствараць неабходныя ўмовы для далучэння грамадзян да каштоўнасцей нац. і сусв. культуры, развіваць сетку культ.-асв. устаноў, забяспечваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, ствараць гарантыі і стымулы маст., навук., тэхн. творчасці, захавання традыц. бел. культуры (фальклор, нар. промыслы, рамёствы), развіццё культуры нац. меншасцей і этн. груп. Законам абараняецца права інтэлектуальнай уласнасці (творы навукі, л-ры і мастацтва, выканаўчая дзейнасць артыстаў, радыё- і тэлеперадачы, вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі і інш.).

Канстытуцыйныя абавязкі чалавека і грамадзяніна прадугледжваюць неабходнасць: выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нац. традыцыі; паважаць годнасць, правы і свабоды інш. асоб; берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроду; прымаць удзел у фінансаванні дзярж. расходаў; абараняць Айчыну. Патрабаванне выконваць Канстытуцыю, законы і інш. нарматыўныя акты распаўсюджваецца як на грамадзян Рэспублікі Беларусь, так і на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэр. Беларусі і павінны з павагай ставіцца да звычаяў і традыцый яе народа. Канстытуцыйныя абавязкі таксама, як і правы, канкрэтызуюцца ў галіновым заканадаўстве, якое ўстанаўлівае розныя віды прававой адказнасці — дысцыплінарнай, грамадз.-прававой, адм.-прававой, крымін.-прававой. Агульны, універсальны характар носіць канстытуцыйная норма аб павазе годнасці і правоў інш. асоб. На ўсіх, хто знаходзіцца на тэр. Беларусі, распаўсюджваецца абавязак берагчы гісторыка-культ. спадчыну і інш. каштоўнасці, якія маюць вялікія духоўныя і эстэт. вартасці і ахоўваюцца дзяржавай. За невыкананне абавязкаў па ахове і выкарыстанні гісторыка-культ. спадчыны, знішчэнне або прычыненне шкоды нац. каштоўнасцям, парушэнне правіл іх увозу і вывазу вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Розныя меры адказнасці грамадзян, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, звязаных з негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, устаноўлены за невыкананне патрабавання аб ахове прыроды (пашкоджанне і забруджанне зямель, атмасфернага паветра, вады і інш.). Адным з важнейшых абавязкаў грамадзян з’яўляецца выплата імі агульнадзярж. падаткаў, пошлін і інш. плацяжоў (падаходны падатак, падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак і даходы, на нерухомасць, за карыстанне прыроднымі рэсурсамі і інш.) і мясц. падаткаў (зямельны, падатак з пабудоў і інш.). Канстытуцыйным і свяшчэнным абавязкам грамадзяніна з’яўляецца абарона Рэспублікі Беларусь. З мэтай падрыхтоўкі насельніцтва да абароны бел. дзяржавы, забеспячэння камплектавання Узбр. Сіл і інш. вайск. фарміраванняў устанаўліваецца ўсеагульны воінскі абавязак. Парадак праходжання вайск. службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайск. службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Асн. Закон Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што дзяржава абавязваецца прымаць усе даступныя ёй меры, накіраваныя на стварэнне ўнутр. і міжнар. парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод сваіх грамадзян. Дзярж. органы, службовыя асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы. Ажыццяўленне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

т. 18, кн. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)