ухіленне ад уплаты падаткаў

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАТКО́ВЫЯ ЛЬГО́ТЫ,

частковае або поўнае вызваленне пэўнага кола фіз. і юрыд. асоб ад платы падаткаў шляхам вылічэнняў ці скідак пры вызначэнні падаткаў. П.л. маюць на мэце стымуляванне развіцця эканомікі, прыярытэтных галін, асобных вытворчасцей, рэгіёнаў краіны. Існуюць розныя формы П.Л.: неабкладны мінімум аб’екта падатку; выключэнне з абкладання пэўных элементаў аб’екта падатку; вызваленне ад платы падаткаў пэўных асоб або катэгорый плацельшчыкаў або паніжэнне падатковых ставак; вылік з падатковага плацяжу за разліковы перыяд; мэтавыя П.Л., падатковыя крэдыты, адтэрміноўкі спагнання падаткаў і інш.

М.​Е.​Заяц.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАТКО́ВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкі дзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж. сац. абароне.

М.​Е.​Заяц.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДА́ТКІ ПАЗАВЫТВО́РЧЫЯ,

выдаткі, якія не ўваходзяць у вытв. сабекошт прададзеных тавараў. Напр., выдаткі рэалізацыі, агульныя і адм. выдаткі, выдаткі па выплаце працэнтаў і падаткаў, выдаткі гандл., трансп., збыту, захоўвання і інш.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НДЫ (Grandes),

у сярэдневяковай Іспаніі вышэйшае духоўнае і свецкае дваранства. Займалі высокія дзярж. пасады, карысталіся вял. прывілеямі і былі вызвалены ад падаткаў. З 16 ст. гранды — спадчынны дваранскі тытул (адменены ў 1931).

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫКТЫЁН (лац. indictio абвяшчэнне, падаткі),

у Рымскай імперыі прамежак часу ў 15 гадоў, пасля якога праводзіўся перапіс маёмасці для вызначэння памераў падаткаў. У 312 імператар Канстанцін Вялікі ўвёў афіц. летазлічэнне па І. Парадкавы нумар года ў І. называецца індыктам.

т. 7, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deflatio выдзіманне) у эканоміцы, працэс стрымлівання росту грашовай масы шляхам зняцця часткі залішніх, у параўнанні з патрэбнасцямі грашовага абарачэння, папяровых грошай. Праводзіцца ў мэтах барацьбы з інфляцыяй шляхам павышэння падаткаў, скарачэння бюджэтных выдаткаў, стымулявання скарачэння крэдытаў, росту зберажэнняў і да т.п.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САР,

пасада (урад) у ВКЛ у 14—18 ст. П. вялікі — кіраўнік справаводства канцылярыі ВКЛ. Загадваў зборам дзярж. падаткаў, Метрыкай Вялікага княства Літоўскага, выконваў дыпламат. даручэнні. П. дэкрэтавы з 17 ст. загадваў дэкрэтавымі кнігамі Метрыкі, куды заносіліся рашэнні задворнага асэсарскага (каралеўскага) суда. П. двароў і валасцей загадвалі ў 16 ст. зборам падаткаў з дзярж. уладанняў. П. палявы з 16 ст. праводзіў рэгістрацыю войска ВКЛ і загадваў выдачай жалавання. П. скарбовыя з 16 ст. вялі ўлік прыходаў і расходаў скарбу (падзяляліся на прыходавых і расходавых). П. земскія з 14 ст. вялі справаводства земскіх судоў у паветах. Прызначаліся манархам з 4 кандыдатаў, абраных на павятовых сойміках. Захоўваў пячатку павета, якую прыкладаў да позваў. П. гродскія (замкавыя) з 16 ст. вялі справаводства гродскіх судоў, выконвалі натарыяльныя функцыі. П. месцкія загадвалі гар. канцылярыямі.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НІЯ (грэч. pronoia апека),

у Візантыі 11—15 ст. пажыццёвае (часам спадчыннае) імператарскае падараванне свецкай асобе ці манастыру права збору дзярж. падаткаў з вызначанай тэр., з 13 ст. падараванне і зямельных уладанняў. Уласнік П. (проніяр) нярэдка быў абавязаны несці ваен. службу. З 12 ст. П. была падобная на зах.-еўрап. бенефіцый.

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРА́ТАР (лац. procurator літаральна папячыцель, кіраўнік),

у Старажытным Рыме: 1) домакіраўнік; 2) давераная асоба рым. грамадзяніна ў суд. і камерцыйных справах (звычайна з ліку вольнаадпушчанікаў); 3) у эпоху імперыі таксама кіраўнік вял. маёнтка (імператарскага, прыватнага), чыноўнік, які кіраваў невял. правінцыяй, загадваў зборам падаткаў у вял. правінцыі або ўзначальваў фін. ці гасп. ведамства.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)