БЕЛАРУ́СКІ ПАДАДДЗЕ́Л АДДЗЕ́ЛА АСВЕ́ТЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ НАРО́ДНАГА КАМІСАРЫЯ́ТА АСВЕ́ТЫ РСФСР.
Дзейнічаў у Маскве з крас. 1919 да сак. 1921. Створаны на базе культ.-асв. аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята з мэтай праводзіць культ.-асв. работу сярод беларусаў. Загадчык Ф.Ф.Турук, інструктар Я.І.Хлябцэвіч. Пададдзелам выдадзены дапаможнік для настаўнікаў школ Беларусі «Курс беларусазнаўства» (1918—20), частка лекцый, прачытаных у Беларускім народным універсітэце, першы на рус. мове зборнік Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), «Нарысы беларускай літаратуры» (1920, рэд. М.А.Янчук), «Этнаграфічная карта беларускага племя» Я.Ф.Карскага (1920). Падтрымліваў сувязі з Я.Купалам, А.Р.Чарвяковым, вучнямі навуч. устаноў у Горках (сярод іх Г.І.Гарэцкі), акад. А.А.Шахматавым. Пададдзел удзельнічаў у арганізацыі БДУ, Бел. драм. студыі ў Маскве і інш.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,
галіна гігіены, якая распрацоўвае і ажыццяўляе прафілакт. мерапрыемствы па ахове і ўмацаванні здароўя падрастаючага пакалення. Вывучае ўплыў прыродных і сац. фактараў на растучы арганізм, яго ўзаемадзеянне з навакольным асяроддзем і распрацоўвае на гэтай аснове гігіенічныя нарматывы.
Асн. праблемы гігіены дзяцей і падлеткаў: заканамернасці росту і развіцця дзіцячага арганізма, стан здароўя дзяцей і падлеткаў і фактары, якія яго фарміруюць, гігіенічныя асновы рэжыму дня і навуч.-выхаваўчага працэсу, гігіена фіз. і працоўнага выхавання, навучання і прафес. адукацыі вучняў; гігіена харчавання ў дзіцячых калектывах, гігіенічныя асновы праектавання і будовы ўстаноў для дзяцей і падлеткаў, патрабаванні да іх добраўпарадкавання і абсталявання, гігіенічнае выхаванне і навучанне здароваму ладу жыцця.
На Беларусі гігіена дзяцей і падлеткаў — частка сан.-эпідэміялагічнай службы і пададдзел яе асн. устаноў — цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі. Распрацоўваюцца крытэрыі здароўя і метадалагічныя асновы комплекснай ацэнкі стану здароўя дзяцей, падлеткаў і моладзі; гігіенічныя аспекты аздараўлення ва ўмовах радыеэкалагічнага забруджання, гігіенічныя рэкамендацыі па аптымізацыі навуч.-выхаваўчага працэсу ў дзіцячых установах.
Літ.:
Гигиена детей и подростков. М., 1986.
Г.В.Лаўрыненка.
т. 5, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)