У́КА,
у старажытных балтыйска-фін. вераваннях і міфалогіі вярхоўны бог-грамавержац, падавец дажджу, ураджаю, здароўя і ахоўнік свойскай жывёлы. Яго ўяўлялі сівым старым у блакітнай накідцы, які едзе на калясніцы па каменнай нябеснай дарозе. Ён качае нябесныя камяні (гром) і забівае маланкамі злых духаў. Свяцілішчамі У. былі «свяшчэнныя» гаі і камяні.
т. 16, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХНУМ,
у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі бог урадлівасці і абарончай вайны, падавец вады і захавальнік вытокаў р. Ніл. У грэка-рым. перыяд (з канца 4 ст. да н.э.) бог-дэміург, які на ганчарным крузе стварыў з гліны ўвесь свет. Старажытныя выявы паказвалі яго ў выглядзе барана з закругленымі гарызантальнымі рагамі, пазней — чалавека з галавой барана.
т. 17, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)