КА́МЕРА-АБСКУ́РА (ад лац. camera obscura літар. цёмны пакой),

найпрасцейшае аптычнае прыстасаванне для атрымання на экране відарыса прадмета. Дае відарыс, свабодны ад дысторсіі, і дазваляе фатаграфаваць аб’екты ў такіх прамянях (напр., рэнтгенаўскіх), для якіх нельга падабраць лінзы.

К.-а. ўяўляе сабой цёмную скрыню, у адной са сценак якой зроблена маленькая адтуліна. Прамяні святла ад розных пунктаў аб’екта праходзяць праз адтуліну і ствараюць яго відарыс на процілеглай сценцы скрыні. Такая ўласцівасць К.-а. была вядома Арыстоцелю; прынцып яе работы апісаны ў працах Леанарда да Вінчы. З 17 ст. выкарыстоўвалася для назірання сонечных зацьменняў, атрымання дакумент. рысункаў («фатаграфія да фатаграфіі») і інш. Заменена лінзавай камерай. Гл. таксама Фатаграфічны апарат.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЕ́НТЫ»,

бел. нар. гульня. На пляцоўцы праводзяць 4 паралельныя лініі на адлегласці 5—6 м адна ад адной. Першая лінія — «мета», на ёй устанаўліваюцца 2 гарадкі («П.»), пастаўленыя адзін на адзін. Другая лінія — «вароты», трэцяя — «двор», чацвёртая — «хата». Выбраўшы «вартаўніка», гульцы кідаюць біты ў «П.» строга па чарзе, якая ўстанаўліваецца жараб’ёўкай перад гульнёй. Збіўшы «П.», гулец павінен падабраць сваю біту і вярнуцца за лінію, з якой ён рабіў удар. Кожны гулец робіць па 3 удары з лініі «варот», «двара» і «хаты». Задачы «вартаўніка» — паставіць збітыя «П.», «запляміць» гульца і ўцячы за лінію «варот». Перамагае той, хто першым 3 разы саб’е «П.» з лініі «хаты».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад мікра... + кліматалогія),

раздзел кліматалогіі, які даследуе мікраклімат. Вывучае асаблівасці фіз. працэсаў у сістэме глеба — расліна — прыземны слой паветра ў залежнасці ад неаднароднасці зямной паверхні, размеркаванне мікракліматаў па тэрыторыі, колькасныя характарыстыкі і змены іх пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. Распрацоўвае метады і прыёмы аптымізацыі мікраклімату. Цесна звязана з метэаралогіяй, фізікай глебы, біяметрыяй раслін, экалогіяй. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца ў сельскай гаспадарцы. На аснове вывучэння радыяцыйнага, цеплавога і воднага балансу робіцца ацэнка мікракліматычных рэсурсаў, цяпло- і вільгацезабеспячэння асобных палёў і гаспадарак. Складаюцца комплексныя мікракліматычныя карты, што дазваляе прыстасаваць с.-г. вытв-сць да мікракліматычных асаблівасцей кожнага поля, падабраць с.-г. культуры і меліярац. прыёмы (асушэнне, арашэнне, двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), устанавіць аптымальныя нормы і тэрміны агратэхн. мерапрыемстваў. Улік мікракліматычных асаблівасцей пры гар. буд-ве дазваляе правільна размяшчаць прамысл. прадпрыемствы і памяншаць шкодны ўплыў іх на жылыя раёны. Даследаванні праводзяцца таксама для абслугоўвання розных відаў транспарту, пры праектаванні і буд-ве ліній электраперадач і сувязі і інш. Вывучаецца мікраклімат на тэрыторыі і ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, музеях, збожжа і агароднінасховішчах, жывёлагадоўчых комплексах. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца аграметэаралагічнымі станцыямі, агранамічнай службай, навук; і праектнымі арг-цыямі. На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца ў БДУ, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Гідраметэаслужбе і інш. Значны ўклад зрабілі М.​А.​Гольберг, М.​А.​Гольчанка, П.​А.​Каўрыга, Т.​С.​Папова, Я.​Б.​Фрыдлянд, М.​П.​Хаміцкі, В.​Ф.​Шабека, А.​Х.​Шкляр і інш.

Літ.:

Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995. Шебеко В.Ф. Изменение микроклимата под влиянием мелиорации болот. Мн., 1977.

П.​А.​Каўрыга.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)