МІКРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ
(ад мікра... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які даследуе мікраклімат. Вывучае асаблівасці фіз. працэсаў у сістэме глеба — расліна — прыземны слой паветра ў залежнасці ад неаднароднасці зямной паверхні, размеркаванне мікракліматаў па тэрыторыі, колькасныя характарыстыкі і змены іх пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. Распрацоўвае метады і прыёмы аптымізацыі мікраклімату. Цесна звязана з метэаралогіяй, фізікай глебы, біяметрыяй раслін, экалогіяй. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца ў сельскай гаспадарцы. На аснове вывучэння радыяцыйнага, цеплавога і воднага балансу робіцца ацэнка мікракліматычных рэсурсаў, цяпло- і вільгацезабеспячэння асобных палёў і гаспадарак. Складаюцца комплексныя мікракліматычныя карты, што дазваляе прыстасаваць с.-г. вытв-сць да мікракліматычных асаблівасцей кожнага поля, падабраць с.-г. культуры і меліярац. прыёмы (асушэнне, арашэнне, двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), устанавіць аптымальныя нормы і тэрміны агратэхн. мерапрыемстваў. Улік мікракліматычных асаблівасцей пры гар. буд-ве дазваляе правільна размяшчаць прамысл. прадпрыемствы і памяншаць шкодны ўплыў іх на жылыя раёны. Даследаванні праводзяцца таксама для абслугоўвання розных відаў транспарту, пры праектаванні і буд-ве ліній электраперадач і сувязі і інш. Вывучаецца мікраклімат на тэрыторыі і ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, музеях, збожжа і агароднінасховішчах, жывёлагадоўчых комплексах. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца аграметэаралагічнымі станцыямі, агранамічнай службай, навук; і праектнымі арг-цыямі. На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца ў БДУ, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Гідраметэаслужбе і інш. Значны ўклад зрабілі М.А.Гольберг, М.А.Гольчанка, П.А.Каўрыга, Т.С.Папова, Я.Б.Фрыдлянд, М.П.Хаміцкі, В.Ф.Шабека, А.Х.Шкляр і інш.
Літ.:
Ковриго П. А Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995. Шебеко В.Ф. Изменение микроклимата под влиянием мелиорации болот. Мн., 1977.
П.А.Каўрыга.
т. 10, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)