ПАГРУ́ЗАЧНА-РАЗГРУ́ЗАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны цыклічнага або неперарыўнага дзеяння, прызначаныя для выканання аперацый на пагрузачна-разгрузачных, перагрузачных, складскіх, укладачных работах з насыпнымі, кавалкавымі і штучнымі грузамі. Бываюць стацыянарныя, перасоўныя, самаходныя, на колавым і гусенічным хаду. Падзяляюцца на 2 асн. групы: пагрузчыкі (у т. л. аўтапагрузчыкі) і разгрузчыкі (пераважна для сыпкіх матэрыялаў).

Для пагрузкі і разгрузкі сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў выкарыстоўваюць універсальныя адна- і многакаўшовыя пагрузчыкі, разгрузачна-штабелявальныя машыны; для разгрузкі пылаватых матэрыялаў (цэмент, мука) — пнеўмаразгрузчыкі, сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў з чыг. рухомага саставу — скрабалкавыя і элеватарныя разгрузчыкі, цэменту з крытых вагонаў — вакуумныя разгрузчыкі. Як П.-р.м. выкарыстоўваюцца канвееры, скрэперы, экскаватары, розных тыпаў краны.

І.​І.​Леановіч.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКА́Р (ад аўта... + англ. car цялежка),

самаходная цялежка з рухавіком унутранага згарання і грузавой платформай. На іх могуць устанаўліваць пад’ёмныя платформы, грузапад’ёмныя краны і інш. Прызначаны для ўнутрызаводскай перавозкі грузаў, механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ на чыг. станцыях, складах, у портах і інш.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКРА́Н, аўтамабільны кран,

самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.

Аўтакран ККТ-50.01 на шасі МЗКТ-6923.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБАРКАДЭ́Р (франц. débarcadère ад débarquer выгружаць, высаджваць на бераг),

1) плывучае несамаходнае збудаванне (найчасцей пантон з двух- ці трохпавярховай надбудовай) для прычальвання, стаянкі і адпраўлення рачных суднаў. Бываюць пасажырскія (маюць памяшканні для адпачынку і абслугоўвання пасажыраў), грузавыя (маюць механізмы для пагрузачна-разгрузачных работ, склады). Д. ўстанаўліваюць каля берага, дзе няма спец. абсталяванай прыстані; замацоўваюць тросамі. Даўж. 40—100 м.

2) Устарэлая назва чыг. станцыйнай платформы.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для падымання і перамяшчэння грузаў і людзей на адносна невялікія адлегласці. Падзяляюцца на грузападымальныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны і транспартавальныя. Бываюць перыяд. дзеяння (пад’ёмныя краны, пад’ёмнікі, ліфты, пагрузчыкі, фунікулёры, дамкраты, лябёдкі, талі і інш.) і бесперапыннага (канвееры, ральгангі, транспарцёры, элеватары, эскалатары, прыстасаванні гідраўлічнага транспарту і пнеўматычнага транспарту). Да П.-т.м. адносяцца таксама машыны падвесных канатных дарог і манарэйкавых дарог.

І.​І.​Леановіч.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ (франц. port ад лац. portus гавань, прыстань),

участак берага мора, возера, ракі з зацішнай прылеглай воднай плошчай (акваторыяй) для падыходу і стаянкі суднаў, з інжынернымі будынкамі і збудаваннямі для прычалу, пагрузачна-разгрузачных работ і інш.

Паводле прызначэння П. бываюць ваен., гандл., прамысл., П.-сховішчы, П.-марскія станцыі, суднарамонтныя і суднабудаўнічыя. На Беларусі рачныя П.: Гомельскі, Брэсцкі, Віцебскі, Гродзенскі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі.

т. 12, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МПА (ад франц. rampe схіл, пакатасць),

1) канструкцыя для перамяшчэння трансп. сродкаў паміж двума рознымі ўзроўнямі з нахілам, магчымым для іх руху. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на чыг. платформу, заезду пагрузачна-разгрузачных машын на склады, пераходу цягнікоў метрапалітэна з паверхні зямлі пад зямлю, для пераходу на асн. магістраль у месцах развязкі руху у двух узроўнях і інш. (гл. таксама Апарэль, Пандус).

2) Асвятляльнае прыстасаванне, размешчанае на падлозе тэатр. сцэны па яе пярэднім краі, а таксама мяжа паміж глядзельнай залай і сцэнай.

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМКРА́Т (галанд. dommekracht),

пераносны, перасоўны або стацыянарны механізм для пад’ёму грузаў на невялікую (звычайна да 2 м) вышыню. Бываюць рэечныя (рычажныя і зубчастыя), вінтавыя, гідраўлічныя і пнеўматычныя, ручныя і маторныя. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да соцень тон. Выкарыстоўваюцца пры будаўніча-мантажных, рамонтных і пагрузачна-разгрузачных работах, на аўтамаб. і чыг. транспарце. Магутнымі Д. можна падняць цэлае збудаванне на вышыню ў некалькі метраў.

Тыпы дамкратаў: 1 — вінтавы на палазах; 2, 5 — гідраўлічныя бесперапыннага дзеяння; 3 — гідраўлічны; 4 — рэечны з зубчастай перадачай; 6 — рычажна-рэечны; 7 — вінтавы; 8 — паравозны.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТЭ́ЙНЕР (англ. Container ад contain змяшчаць),

шматабаротная тара ў выглядзе стандартнай ёмістасці для перавозкі грузаў спец. кантэйнеравозамі, суднамі, аўтамабілямі, чыг. платформамі.

Грузы пры кантэйнерных перавозках не выгружаюць з К. аж да прыбыцця на склад атрымальніка, самі ж К. прыстасаваны для механізаванай пагрузкі і выгрузкі, перагрузкі з аднаго віду транспарту на другі. К. бываюць універсальныя, спец. і спецыялізаваныя; закрытыя і адкрытыя суцэльныя, рашоткавыя, разборныя і складаныя. Разлічаны на перавозку ад 3 да 30 т грузаў. Выкарыстанне К. паскарае пагрузачна-разгрузачныя аперацыі і абарот трансп. сродкаў, паляпшае захаванасць грузаў.

т. 8, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННА-ТРА́КТАРНЫ ПАРК у сельскай гаспадарцы,

сукупнасць машын для механізацыі работ па вырошчванні с.-г. культур і працаёмкіх працэсаў у жывёлагадоўлі. Уключае: трактары, самаходныя шасі, сельгасмашыны, якія агрэгатуюцца з імі (плугі, сеялкі, бароны, культыватары, касілкі, розныя ўборачныя несамаходныя машыны і інш.), транспартныя сродкі; самаходныя ўборачныя машыны; стацыянарныя машыны для пасляўборачнай апрацоўкі ўраджаю (збожжаачышчальная, сушыльная тэхніка і г.д.), інш. машыны, што працуюць у тэхнал. працэсах з машынна-трактарнымі агрэгатамі; пагрузачна-разгрузачныя машыны; машыны для выканання працаёмкіх працэсаў на жывёлагадоўчых фермах, якія забяспечваюць механізацыю асн. вытв. працэсаў і інш.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)