Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),
мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХАМО́Р (Amanita),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. Растуць у лясах рознага тыпу пераважна ва ўмеранай зоне. Мікарызаўтваральнікі. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя М.: белы ці зялёны, або бледная паганка, пантэрны (A. pantherina), смярдзючы, або белая паганка (A. virosa), чырв. (A. muscaria). Трапляюцца з ліп. па кастрычнік.
Пладовае цела (шапка на ножцы) у маладых М. абкружана агульным пакрывалам, потым яно разрываецца і застаецца каля асновы ножкі ў выглядзе мешкападобнай похвы, а на шапцы — як белыя шматкі або лускавінкі. Шапка белая, зялёная, шэрая, шэра-фіялетавая, чырв. дыям. да 20 см. Пласцінкі белыя, жаўтаватыя. Ножка цыліндрычная або булавападобная, уверсе бывае з кольцам ад частковага покрыва. Споры шарападобныя, бясколерныя. Ёсць ядомыя, напр., М. шэра-ружовы, цэзарскі грыб, смяротна атрутныя — бледная паганка і М. смярдзючы. Інш. віды маюць фізіял. актыўныя рэчывы (таксіны, галюцынагены і інш), якія ўздзейнічаюць на нерв. сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мухамор белы, гл. Бледная паганка
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГА́НКІ, паганкі сапраўдныя,
або ўпрыгожаныя (Podiceps),
род вадаплаўных птушак. 10 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 5 відаў (гл. ў арт.Паганкападобныя). П.-галавасцік (P. gallardoi) і П. калумбійская (P. andinus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП; П. калумбійская з канца 1980-х г. лічыцца вымерлай.
Даўж. да 57 см, маса да 1,5 кг (чомга, або паганка вялікая), у інш. відаў — адпаведна 24—36 см і 125—1200 г. Крылы вузкія, доўгія. Хвост амаль рэдукаваны. Маюць складаны рытуал шлюбных дэманстрацый і спароўвання. Біял. індыкатары забруджвання ўнутр. вадаёмаў хім. рэчывамі, солямі цяжкіх металаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДЗІ́НЫ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.
Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т. л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т. л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.