АПАЛО́Г (грэч. apologos літар. апавяданне),

у старажытнагрэчаскай і ўсх. л-ры кароткі павучальны апавядальны твор, пабудаваны на алегарычным паказе жывёл і раслін. Блізкі да байкі, але вобразы ў апалогу менш канкрэтныя, большае месца займае дыдактычны элемент. Найб. вядомы збор апалога — у стараж.-інд. кнізе на санскрыце «Панчатантра» (3—4 ст.; у араб. і перс. перапрацоўках «Каліла і Дзімна», каля 750). Апалогі ўключаліся ў рэліг. і дыдактычныя аповесці («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа»), Традыцыі гэтага жанру выкарыстаў Я.​Колас у паэме «Сымон-музыка».

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕГО́РЫЯ (ад грэч. allēgoria іншасказанне),

1) адлюстраванне адцягненай ідэі (паняцця) пры дапамозе канкрэтнага нагляднага вобраза. Узнікненне алегорыі звязана з практыкай вытлумачэння стараж. шанавальных тэкстаў (у эпоху элінізму — Гамера, у хрысц. багасловаў — Бібліі); у сярэднявеччы алегарычна вытлумачваўся і свет прыроды як павучальны наглядны дапаможнік, створаны Богам для чалавека. Паняцце «алегорыя» ўпершыню сустракаецца ў трактатах Псеўда-Лангіна, Цыцэрона, у эстэт. вучэннях Гарацыя, Плутарха, Лукрэцыя Кара і інш. Іншасказальны прынцып алегорыі пашыраны ў сярэдневяковай эстэтыцы, у мастацтве Адраджэння і Асветніцтва. Існуе як прыём і прынцып арганізацыі маст. матэрыялу ў л-ры, фальклоры, у розных відах выяўл. мастацтва.

2) У выяўленчым мастацтве алегорыя ствараецца пры дапамозе вобраза канкрэтнай, асацыятыўна блізкай істоты, прадмета або з’явы (напр., правасуддзе — жанчына з завязанымі вачыма і з шалямі ў руках). Алегорыя шырока выкарыстоўвалася ў мастацтве Адраджэння (алегорыя граматыкі ў кн. «Грамматіка словенска...» Л.​Зізанія, 1596), маньерызму, барока, ракако, класіцызму, рамантызму. Найб. пашыраны від алегорыі — персаніфікацыя, г. зн. фігура, аздобленая пэўнымі атрыбутамі, якія тлумачаць яе змест. Алегорыя сустракаецца ў мастацтве 19—20 ст. — у манум. скульптуры, творах жывапісу, плакаце, паліт. карыкатуры і інш.

Да арт. Алегорыя. С.​Батычэлі. Вясна. Фрагмент (Тры грацыі). Каля 1477—78.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),

галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасці засн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.

Літ.:

Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.

В.​М.​Навумчык.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)