Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм2, мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.
Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЦІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
органы некаторых павукападобных, якія выдзяляюць павуціну. Размешчаны ў галавагрудзях (несапраўдныя скарпіёны), педыпальпах (павуцінныя кляшчы), брушку (павукі). Кожны тып П.з. выпрацоўвае асобы сорт павуціны (для яйцавых коканаў, лоўчай сеткі і інш.). Прадукцыйнасць П.з. павукоў адносна высокая, напр., ад крыжавіка можна атрымаць адразу да 500 м ніткі, за некалькі дзён — да 1000 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРА́К (сапр.Казлоўскі) Іван Андрэевіч
(29.2.1892, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 1943),
рускі паэт і перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага т-ва сялянскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1913. Для ранняй творчасці характэрны гераічныя матывы. Аўтар зб-каў баек «Абручы і клёпкі» (1926), «Саха і трактар» (1928), «Павукі і мухі» (1931), «Байкі» (1928, 1933). На рус. мову перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. Яго творы на бел. мову перакладалі Э.Валасевіч, У.Паўлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ (Алена Уладзіміраўна) (н. 4.2.1957, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка Л.М.Лось. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Творы вылучаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, цікавасцю да бел.нар. традыцый. Працуе ў тэхніках саломапляцення («40 год Перамогі», «Павукі», 1980—86; пано, дробная пластыка, упрыгожанні, 1986—97), аплікацыі (серыя «Народны каляндар», 1984), батыку (серыі «Кветкі...», 1992, «Хрызантэмы», 1994; «Касмічная», «Вясна», «Супрацьстаянне», усе 1997) і інш. Аўтар мадэляў дзіцячага і трыкат. адзення, трыкат. палотнаў і інш. Удзельнічала ў рэстаўрацыі царскіх варот 18 ст. з в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр. кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙСТО́Н (ад грэч. neustos які плавае),
сукупнасць мікраарганізмаў, раслін і жывёл, што жывуць на мяжы воднага і паветр. асяроддзя, у зоне плёнкі паверхневага нацяжэння вады. Складаецца з арганізмаў, якія жывуць на паверхні вады (эпінейстон) і ў падпаверхневым (на глыб. да 5 см) слоі (гіпанейстон). У складзе эпінейстона — клапы-вадамеркі, жукі-вертуны, павукі-даламеды, некат. віды мух і інш., сярод раслін — раска, сальвінія плаваючая і інш. У складзе гіланейстона пераважаюць бактэрыі, прасцейшыя, лічынкі планктонных і донных беспазваночных, дробныя лёгачныя малюскі, ікра, лічынкі і маляўкі рыб. На Беларусі Н. найб. багаты ў стаячых вадаёмах, затоках. Паводле якаснага і колькаснага складу Н. вызначаюць ступень і інтэнсіўнасць забруджвання вады (біяіндыкацыя).