Павукі, гл. Павукападобныя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Павукі (радовішча цагельнай сыравіны, Камянецкі р-н) 5/362

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн. г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.

Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10​−3 мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм2, мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),

клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.

Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.

Марскія павукі: 1 — німфон; 2 — каласендэіс.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паву́к

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. паву́к павукі́
Р. павука́ павуко́ў
Д. павуку́ павука́м
В. павука́ павуко́ў
Т. павуко́м павука́мі
М. павуку́ павука́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

пазаплята́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што.

1. Пераплятаючы, сплесці, заплесці ўсё, многае.

П. косы.

П. дзіркі ў тыне.

2. чым. Аплятаючы, пакрыць чым-н. усё, многае.

Павукі пазапляталі куткі павуціннем.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абчапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Абчапляць сябе чым‑н. з усіх бакоў. Між імі [вочкамі] павукі пазвівалі сабе гнёзды, і нельга было зайсці ў камору, каб не абчапляцца павуціннем. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплятаючы, сплесці, заплесці ўсё, многае. Пазаплятаць косы. Пазаплятаць дзіркі ў плоце.

2. Аплятаючы, пакрыць чым‑н. усё, многае. Не верылася, што ў доме пуста, і што вецер там дзьме праз выбітыя вокны, і павукі пазапляталі павуціннем куткі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазвіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скручваючы, звіць усё, многае. Пазвіваць вяроўкі.

2. Зматаць усё, многае. Пазвіваць ніткі ў клубок. Пазвіваць пражу з матавіла.

3. Звіць, зляпіць (пра гнёзды). У каморы і цяпер стаялі вялізныя .. бочкі. Між імі павукі пазвівалі сабе гнёзды. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАВУЦІ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

органы некаторых павукападобных, якія выдзяляюць павуціну. Размешчаны ў галавагрудзях (несапраўдныя скарпіёны), педыпальпах (павуцінныя кляшчы), брушку (павукі). Кожны тып П.з. выпрацоўвае асобы сорт павуціны (для яйцавых коканаў, лоўчай сеткі і інш.). Прадукцыйнасць П.з. павукоў адносна высокая, напр., ад крыжавіка можна атрымаць адразу да 500 м ніткі, за некалькі дзён — да 1000 м.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)