Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛI (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. ПавелI. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛI (Paulos; 14.12.1901, Афіны — 6.3.1964),
кароль Грэцыі [1947—64], З дынастыі Глюксбургаў. Сын караля Канстанціна I [1913—17, 1920—22) Служыў у ВМФ, удзельнік грэка-турэцкай вайны 1919—22. У сувязі з перамогай рэспубліканцаў у снеж. 1923 эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Пасля рэстаўрацыі манархіі вярнуўся (ліст. 1935) у Грэцыю ў якасці наследніка прастола. У 1941 у сувязі з уварваннем у Грэцыю ням.-фаш. войск эмігрыраваў у Егіпет, потым у Вялікабрытанію. Вярнуўся ў Грэцыю ў 1946. Пасля смерці брата — караля Георга II [1935—41, 1946—47] — абвешчаны каралём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-АДМІРА́Л,
найвышэйшае воінскае званне (чын) у ВМФ Расіі ў 1708—1908. Адпавядала званню генерал-фельдмаршал у арміі. Генерал-адмірал быў правадз. начальнікам флоту або насіў званне як ганаровае. Генераламі-адміраламі былі Ф.М.Апраксін (з 1708), А.І.Астэрман (1740—41), М.М.Галіцын (з 1756), вял. князі Павел Пятровіч (з 1762, пазней імператар ПавелI), Канстанцін Мікалаевіч (з 1831), Аляксей Аляксандравіч (з 1883).
Літ.:
Дыгало В.А. Флот государства Российского: Откуда и что на флоте пошло. М., 1993. С. 234—244.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТАРПЫ (Gottorp),
Гольштэйн-Готарпы, каралеўская дынастыя ў Швецыі ў 1751—1818. У 1761 готарпскі герцаг Карл Пётр Ульрых стаў рус. царом пад імем Пятра III (правіў у 1761—62). У 1773 сын Кацярыны II і Пятра III готарпскі герцаг ПавелI абмяняў уладанні Готарпаў у Шлезвіг-Гольштэйне на Ольдэнбург і Дэльменгорст, якія належалі Даніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ (Алег) (Альберт) Іванавіч (8.11.1929, г. Прыволжск Іванаўскай вобл., Расія — 28.4.1994),
рускі і ўкр. акцёр. Засл. арт. Украіны (1960), нар.арт. Расіі (1974), нар.арт.СССР (1978). Скончыў школу-студыю МХАТа (1951). Працаваў у Кіеве, С.-Пецярбургу, Маскве. Яго мастацтву былі ўласцівыя арганічнасць, уменне спалучаць у характары персанажа эмац. і аналітычныя пачаткі. Сярод роляў: Ганя Івалгін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» паводле М.Шолахава, Дзярж. прэмія СССР 1978), Павел («ПавелI» Дз.Меражкоўскага, Дзярж. прэмія Расіі 1991). З 1956 здымаўся ў кіно: «Спыніўся цягнік» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1984), «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЎЦО́Ў (Іларыён Мікалаевіч) (7.12.1879, б.мяст. Анатоль, Брэсцкая вобл. — 25.10.1934),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1932). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1902). З 1902 акцёр у розных трупах і т-рах Масквы і інш. гарадоў, у т. л. «Т-ва новай драмы» пад кіраўніцтвам У.Меерхольда (1902—05), Маскоўскага драм.т-ра (1915—20). З 1922 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, 1-й Студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра, Маскоўскім маст.акад. т-ры 2-м. З 1925 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна. Яго выкананне вызначалася псіхалагічна тонкай перадачай характараў герояў, іх унутр. стану, выразнай пластыкай і майстэрствам пераўвасаблення. Сярод роляў: Цар Фёдар Іаанавіч («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Іван Карамазаў, князь Мышкін («Браты Карамазавы», «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Той («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева), ПавелI («ПавелI» Дз.Меражкоўскага), Генадзь Дубровін («Вогненны мост» Б.Рамашова), Красільшчыкаў («Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага), прафесар Барадзін («Страх» А.Афінагенава), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. Здымаўся ў кіно («Чапаеў» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПА РЫ́МСКІ,
кіраўнік каталіцкай царквы і вярх. правіцель (абсалютны манарх) дзяржавы-горада Ватыкан. Выбіраецца канклавам (калегіяй кардыналаў) пажыццёва 2/3 галасоў + 1 голас (з 1389 толькі з кардыналаў). Згодна з догматам каталіцкай царквы, прынятым I Ватыканскім саборам у 1870, лічыцца бязгрэшным у справах веры і маралі. У афіц. спісе рым. пап, які выдаецца Ватыканам, 262 папы. З 1523 папскі прастол займалі італьянцы. Традыцыя парушана ў 1978, калі папам абраны польскі кардынал Караль Вайтыла, які прыняў імя Іаан Павел II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі пры Пецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл.Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл.Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.