ГЕНЕРА́Л-АДМІРА́Л,
найвышэйшае воінскае званне (чын) у ВМФ Расіі ў 1708—1908. Адпавядала званню генерал-фельдмаршал у арміі. Генерал-адмірал быў правадз. начальнікам флоту або насіў званне як ганаровае. Генераламі-адміраламі былі Ф.М.Апраксін (з 1708), А.І.Астэрман (1740—41), М.М.Галіцын (з 1756), вял. князі Павел Пятровіч (з 1762, пазней імператар Павел I), Канстанцін Мікалаевіч (з 1831), Аляксей Аляксандравіч (з 1883).
Літ.:
Дыгало В.А. Флот государства Российского: Откуда и что на флоте пошло. М., 1993. С. 234—244.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Вячаслаў Мікалаевіч) (н. 4.4.1929, г. Іванава, Расія),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1953). Да 1989 працаваў уласным карэспандэнтам газ. «Пионерская правда» па Беларусі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове для дзяцей і юнацтва. Аўтар дакумент. аповесцей «У разведку ішоў хлапчук» (1959), «Хто запаліў касцёр» (1962), «Валодзеў фронт» (1975), «Бачу бераг» (1980), сцэнарыяў дакумент. кінафільмаў «Пакараны ў 41-ым» (1967), «На краі свету на сваім караблі» (1970), «Карабель прыняў імя» (1977, усе «Беларусьфільм») і інш.
Тв.:
Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з І.В.Марозавым).
т. 10, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Ігар Вячаслававіч) (н. 18.5. 1954, Мінск),
бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар. арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).
Тв.:
Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.М.Марозавым);
Архитектурная герменевтика. Мн., 1999.
С.А.Сергачоў.
т. 10, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКВА́Р, азбука,
падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.
Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.Байкова, С.Некрашэвіча, М.Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.Федасенка, М.Пігулеўскі і І.Пісарчык, С.Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.Сіўко (1929—32 з Л.Лукіной, 1937—41 з З.Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».
Літ.:
Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.
т. 3, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)