КУЛЯШО́ВА (Галіна Рыгораўна) (н. 20.7.1928, г. Гомель),

бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1984). Скончыла Харкаўскую кансерваторыю (1956). З 1956 выкладала ў Херсонскім і Гомельскім муз. вучылішчах, у Бел. кансерваторыі. З 1962 (з перапынкам) у ІМЭФ Нац. АН Беларусі. Асн. працы па тэарэт. пытаннях оперы і яе канкрэтным сцэн. увасабленні. Аўтар манаграфій «Беларуская савецкая опера» (1967), «Пытанні драматургіі оперы» (1979), «Кампазіцыя оперы» (1983). Навук. кіраўнік, рэдактар і сааўтар выдання «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97). Распрацавала навуч. праграму і курс асноў опернай драматургіі для муз. ВНУ. Выступае як муз. крытык. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Н.​И.​Аладов. Л., 1970;

Заметки о белорусской опере // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977;

Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́ТА (італьян. cantata ад лац. canto спяваю),

буйны вакальна-інструментальны шматчасткавы твор урачыстага ці лірыка-эпічнага характару, асобныя часткі якога аб’яднаны агульнай тэмай, сюжэтам. Звычайны склад выканаўцаў К. — спевакі-салісты, хор, аркестр. Выканальніцкім складам, структурай, адсутнасцю сцэн. дзеяння К. набліжаецца да араторыі, але адрозніваецца ад яе менш развітым сюжэтам, больш сціплымі памерамі.

Узнікла ў пач. 17 ст. ў Італіі, да 2-й пал. 18 ст. развівалася ў свецкай і духоўнай формах (І.​С.​Бах). Пазней зацвердзілася як канцэртны жанр (у творчасці П.​Чайкоўскага, С.​Танеева, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ю.​Шапорына, Г.​Свірыдава, К.​Орфа і інш.).

У бел. музыцы жанр К. інтэнсіўна развіваўся ў разнастайных паводле формы і зместу рэчышчах. З 1920-х г. ва ўсёй гісторыі жанру прасочваецца традыцыя ўвасаблення грамадска значных тэм («Дзесяць год» М.​Аладава, «Песня волі» і «Босыя на вогнішчы» Т.​Шнітмана). Героіка-патрыят. вобразы знайшлі глыбокае ўвасабленне ў К. «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы» А.​Багатырова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.​Семянякі, «Памяці герояў» Р.​Суруса. Гісторыя роднага краю, жыццё народа вызначылі вобразны змест К. «Па шляху барацьбы і перамог» Аладава, «За праўду ўстанем» Я.​Глебава, «Палі стэпавыя» І.​Кузняцова, «Курган» І.​Лучанка, «А хто там ідзе?» Р.​Пукста, «Забыты Богам край» С.​Бельцюкова. К. для дзяцей стварылі У.​Алоўнікаў, П.​Падкавыраў, С.​Картэс, Сурус, Л.​Шлег, В.​Войцік, Н.​Усцінава і інш. Нац. рысы найб. яскрава выяўлены ў К., непасрэдна звязаных з нар. песеннасцю («Беларускія песні» Багатырова, «Казацкія песні» Войціка, «Вянок» Л.​Захлеўнага, «Беларускі край» А.​Мдывані, «На ш край» Ф.​Пыталева, «Трава-мурава» Шлег, «Сваток» Суруса, «Лірычная кантата» Г.​Гарэлавай, «Вясковыя святы» В.​Кузняцова, «Песні Белай Русі» А.​Хадоскі). Паглыбленым псіхалагізмам вобразнага ладу вылучаюцца К. «У год сусветнага пажару» і «Тысяча гадоў надзеі» Гарэлавай, «Начны матылёк» Бельцюкова, «Гукавыя прасторы» і «Euphonia» В.​Кузняцова. Па жанравых прыкметах да К. набліжаюцца некат. творы, вызначаныя аўтарамі як паэма, балада і інш.

Літ.:

Хохловкина А.А. Советская оратория и кантата. М., 1955;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Белорусская музыка 1960—1980 г. Мн., 1997;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),

буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.​Ф.​Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.​С.​Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.​Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.​Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.​Картэса, «Званы» Я.​Глебава, «Мы — беларусы» К.​Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.​Смольскага. З 1970-х г. бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.​Дарохіна (сл. П.​Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.​Купалы, «Памяць Хатыні» В.​Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.​Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.​Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.​Багатырова, «Думкі рускія» А.​Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.​Танка) А.​Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.​Шлег, «Куранты» В.​Капыцько, «Зорка паэта» Э.​Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.​Алоўнікава і інш.

Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.

Літ.:

Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)