О́ПАВА (Opava),

горад на ПнУ Чэхіі, каля граніцы з Польшчай, на р. Опава. Каля 75 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, харч., у т. л. цукровая, тэкстыльная. Ун-т Сілезіі Чэш. АН.

Пабудаваны на землях сілезскага племя галеншанаў. Упершыню згадваецца ў 1185. Пазней заселены ням. каланістамі. У 1224 атрымаў гар. права (ням. назва Трапаў). З 1318 сталіца Опаўскага княства (з 1348 лен чэш. караля). З 1526 пад уладай Габсбургаў. У 16 ст. цэнтр рэфармацыйнага руху. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў чэш. нац.-вызв. руху. У О. адбыўся 2-і еўрап. кангрэс «Свяшчэннага саюза» (23.10—24.12.1820), які санкцыяніраваў інтэрвенцыю аўстр. войск у Неапаль.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБРЫХ ((Olbrich) Іозеф Марыя) (22.12.1867, г. Опава, Чэхія — 8.8.1908),

аўстрыйскі архітэктар; прадстаўнік венскага мадэрну. Вучань О.Вагнера. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1897) і Дармштацкай калоніі мастакоў (1899). Пабудовам О. ўласцівы смеласць канстр. вырашэнняў, спалучэнне функцыян. і дэкар. элементаў, выразнае супастаўленне манум. аб’ёмаў з каменю з лёгкімі формамі са шкла, гладкіх і расчлянёных плоскасцей сцен, выкарыстанне паліхроміі, геам. ці схематызаванага расл. арнаменту. Асн. творы: будынак «Венскага Сецэсіёну» (1897—98) у Вене, дом Э.​Людвіга (1900—01), выставачны будынак і «Вясельная вежа» (1907—08) у Дармштаце (Германія) і інш.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗІЯ (польск. Śląsk, чэш. Slezsko, ням. Schlesien),

гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).

Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст. н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля ​1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)