О́ПАВА (Opava),

горад на ПнУ Чэхіі, каля граніцы з Польшчай, на р. Опава. Каля 75 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, харч., у т. л. цукровая, тэкстыльная. Ун-т Сілезіі Чэш. АН.

Пабудаваны на землях сілезскага племя галеншанаў. Упершыню згадваецца ў 1185. Пазней заселены ням. каланістамі. У 1224 атрымаў гар. права (ням. назва Трапаў). З 1318 сталіца Опаўскага княства (з 1348 лен чэш. караля). З 1526 пад уладай Габсбургаў. У 16 ст. цэнтр рэфармацыйнага руху. З 2-й пал. 19 ст. адзін з цэнтраў чэш. нац.-вызв. руху. У О. адбыўся 2-і еўрап. кангрэс «Свяшчэннага саюза» (23.10—24.12.1820), які санкцыяніраваў інтэрвенцыю аўстр. войск у Неапаль.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБРЫХ ((Olbrich) Іозеф Марыя) (22.12.1867, г. Опава, Чэхія — 8.8.1908),

аўстрыйскі архітэктар; прадстаўнік венскага мадэрну. Вучань О.Вагнера. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Венскі Сецэсіён» (1897) і Дармштацкай калоніі мастакоў (1899). Пабудовам О. ўласцівы смеласць канстр. вырашэнняў, спалучэнне функцыян. і дэкар. элементаў, выразнае супастаўленне манум. аб’ёмаў з каменю з лёгкімі формамі са шкла, гладкіх і расчлянёных плоскасцей сцен, выкарыстанне паліхроміі, геам. ці схематызаванага расл. арнаменту. Асн. творы: будынак «Венскага Сецэсіёну» (1897—98) у Вене, дом Э.Людвіга (1900—01), выставачны будынак і «Вясельная вежа» (1907—08) у Дармштаце (Германія) і інш.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)