О́МАХА (Omaha),

горад у цэнтр. ч. ЗША, у штаце Небраска. Засн. ў 1804. 364,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 700 тыс. ж. (1996, частка прыгарадаў у штаце Аява). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Місуры. Аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна. Аптовы гандаль буйн. раг. жывёлай, свіннямі. Збожжавая і мясная біржы. Буйны цэнтр харч. (мукамольнай, мясной, маслаперапрацоўчай) прам-сці. Вытв-сць сродкаў сувязі, ЭВМ, грузавых аўтамабіляў, прамысл. абсталявання, с.-г. машын, мінер. угнаенняў, выплаўка цынку. 5 ун-таў.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДА ((Brando) Марлан) (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),

амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.​Копалай, Б.​Берталучы, А.​Пенам, Дж.​Х’юстанам, Э.​Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.

М.Бранда.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),

рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл. бас. 1371,1 тыс. км² (з іх каля 10 тыс. км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс. м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн. т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕБРА́СКА (Nebraska),

штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. р. Місуры. Пл. 200,3 тыс. км². Нас. 1662,7 тыс. чал. (1998). Адм. ц.г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч. тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс. км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд. кВтгадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як ​2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 11, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)