О́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На ПдУ Мяшчорскай нізіны (Расія). Засн. ў 1935 з мэтай аховы прыроднага комплексу Мяшчоры і захавання хахулі. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 22,9 тыс. га. Рэльеф нізінны. Поймавыя лугі, старыцы, азёры. Хваёвыя, яловыя лясы, дубровы. У флоры больш за 800 відаў раслін. У фауне звычайныя лось, дзік, ліс, бабёр, куніца, вавёрка і інш. У арнітафауне 220 відаў тушак. Гадавальнікі рэдкіх відаў жывёл: зубра, жураўлёў белага, чорнага і японскага, сапсана, крэчата і інш. Музей прыроды.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАГО́ВЫ,

расійскія спевакі (басы), браты. Аляксандр Сцяпанавіч (4.7.1899, г. Разань, Расія — 26.6.1964), адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сав. вакальнай школы. Нар. арт. СССР (1937). Вучыўся ў Муз.драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва (1917—18). З 1919 артыст Перасоўнага т-ра Рэвваенсавета Рэспублікі, з 1922 — «Вольнай оперы». У 1924—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Выконваў драм., лірычныя і камічныя партыі. Гал. творчыя дасягненні звязаны з рус. класічнай операй: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Рэне («Іаланта» П.​Чайкоўскага) і інш. Першы выканаўца на сцэне Вял. т-ра партый: Сцяпан Разін («Сцяпан Разін» П.​Трыёдзіна), Маг Чэлія («Каханне да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Свенгалі («Трыльбі» А.​Юрасаўскага), Песцель («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949. Рыгор Сцяпанавіч (24.1.1885, с. Навасёлкі Разанскай вобл. — 20.2.1931). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1908). Дэбютаваў у прыватнай антрэпрызе Шумскага ў Растове-на-Доне. З 1909 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). У 1910—21 саліст Вял. т-ра. Валодаў голасам шырокага дыяпазону, роўным па гучанні ва ўсіх рэгістрах. Выканаўца рознабаковых партый ад нізкіх басавых да барытонавых. Асабліва вызначыўся ў рус. класічным рэпертуары і ў операх Р.​Вагнера. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дадон («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Вёў вял. канцэртную дзейнасць. Адзін з першых спевакоў, які гастраліраваў за мяжой (з 1923). Праф. спевакамі былі іх браты Аляксей Сцяпанавіч (па сцэне Пірагоў-Окскі; 21.2.1895—?) і Міхаіл Сцяпанавіч (29.12.1887—1933).

Літ.:

Львов М. Русские певцы. М., 1965;

Иванов А. Чудо на Оке. М., 1984.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 39,6 тыс. км². Нас. 1286 тыс. чал. (2000), гар. 68%. Цэнтр — г. Разань. Найб. гарады: Касімаў, Сасава, Скапін, Ражск.

Паверхня пераважна нізінная. На Пн — Мяшчорская нізіна, на Пд ад р. Ака — Окска-Данская раўніна, на З — адгор’і Сярэднярус. ўзв. (выш. да 236 м). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал. р. Ака з прытокамі Пра, Гусь (злева), Проня, Пара, Мокша з Цной (справа); на Пд — вытокі р. Варонеж. Шмат азёр, пераважна на Мяшчорскай нізіне (Вялікае, Белае, Чорнае). Новамічурынскае вадасх. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, і шэрыя лясныя, на Пд чарназёмныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Пад лесам каля 24% тэр. (хвоя, бяроза і інш.). На тэр. Р.в. — Мяшчорскі нац. парк, Окскі запаведнік.

Гал. галіны прам-сці — электраэнергетыка (37% кошту прамысл. прадукцыі; Разанская ДРЭС, ДРЭС-24), маш.-буд. (вытв-сць металарэзных станкоў, электразварачнага абсталявання, грузавых вагонаў, гідраўлічных прэсаў, бульбаўборачных камбайнаў, сродкаў выліч. тэхнікі, тэлевізараў, гандл. абсталявання, суднарамонту), нафтаперапр., хім. (хім. валокны і ніці), лёгкая (шаўковыя і штапельныя тканіны, швейныя і аўчынна-футравыя вырабы, абутак, дываны, рыбалоўныя сеткі). Развіта каляровая металургія, дрэваапр., харч., паліграф. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. маст. керамікі і шкляных вырабаў (шклаблокі, хрусталь). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Племянная конегадоўля (2 конезаводы). Рыбагадоўля. Пчалярства. Пасяўныя пл. займаюць 1198 тыс. га (1998), у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, пшаніца, авёс, проса, жыта) 56,9% пл., кармавымі — 36%, бульбай — 5,7%, цукр. буракамі і агароднінай — 1,4%. Садоўніцтва. Даўж. чыгунак 1034 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,9 тыс. км. Асн. чыгункі Масква—Разань—Пенза і Уладзімір—Разань—Мічурынск. Тэр. вобласці перасякаюць аўтамагістралі Масква—Самара і Масква—Валгаград. Суднаходства па рэках Ака, Мокша, Цна. Кліматычны курорт Салотча.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)