ПІРАГО́ВЫ,
расійскія спевакі (басы), браты. Аляксандр Сцяпанавіч (4.7.1899, г. Разань, Расія — 26.6.1964), адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сав. вакальнай школы. Нар. арт. СССР (1937). Вучыўся ў Муз.драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва (1917—18). З 1919 артыст Перасоўнага т-ра Рэвваенсавета Рэспублікі, з 1922 — «Вольнай оперы». У 1924—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Выконваў драм., лірычныя і камічныя партыі. Гал. творчыя дасягненні звязаны з рус. класічнай операй: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Рэне («Іаланта» П.Чайкоўскага) і інш. Першы выканаўца на сцэне Вял. т-ра партый: Сцяпан Разін («Сцяпан Разін» П.Трыёдзіна), Маг Чэлія («Каханне да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Свенгалі («Трыльбі» А.Юрасаўскага), Песцель («Дзекабрысты» Ю.Шапорына) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949. Рыгор Сцяпанавіч (24.1.1885, с. Навасёлкі Разанскай вобл. — 20.2.1931). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1908). Дэбютаваў у прыватнай антрэпрызе Шумскага ў Растове-на-Доне. З 1909 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). У 1910—21 саліст Вял. т-ра. Валодаў голасам шырокага дыяпазону, роўным па гучанні ва ўсіх рэгістрах. Выканаўца рознабаковых партый ад нізкіх басавых да барытонавых. Асабліва вызначыўся ў рус. класічным рэпертуары і ў операх Р.Вагнера. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дадон («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Вёў вял. канцэртную дзейнасць. Адзін з першых спевакоў, які гастраліраваў за мяжой (з 1923). Праф. спевакамі былі іх браты Аляксей Сцяпанавіч (па сцэне Пірагоў-Окскі; 21.2.1895—?) і Міхаіл Сцяпанавіч (29.12.1887—1933).
Літ.:
Львов М. Русские певцы. М., 1965;
Иванов А. Чудо на Оке. М., 1984.
т. 12, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)