Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРКЕ́ВІЧ (Карл Станіслававіч) (н. 17.10.1926, г. Мазыр),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну ў партызанах, разведчык, з 1944 на фронце. Радавы К. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Германіі: 4 лютага на подступах да г. Франкфурт-на-Одэры, 26 лютага з яго ўдзелам захоплены 2 «языкі», 19—20 крас. на левым беразе Одэра падняў байцоў у атаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 22.5.1923, ст. Бада Хілокскага р-на Чыцінскай вобл., Расія),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. У Вял.Айч. вайну з сак. 1942 на фронце. Удзельнік Сталінградскай бітвы 1942—43, баёў пад Ржэвам, Ярцавам, вызвалення бел. гарадоў Мазыр, Калінкавічы, Пінск, Брэст, Польшчы, Берлінскай аперацыі 1945. У крас. 1945 наводчык станковага кулямёта Бялевіч з групай байцоў у баі каля Франкфурта-на-Одэры 3 гадз адбіваў варожыя контратакі, паранены не пакінуў занятых пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЛЬЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен.авіяц. школу пілотаў імя П.Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед.ін-т (1967). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎМГАРТЭН ((Baumgarten) Аляксандр Готліб) (17.6.1714, Берлін — 26.5.1762),
нямецкі філосаф школы К.Вольфа. З 1740 праф. ун-та ў Франкфурце-на-Одэры. Родапачынальнік эстэтыкі як філас. дысцыпліны. У аснове канцэпцыі Баўмгартэна падзел пазнання на рацыянальнае і пачуццёвае. Эстэтыку лічыў часткай тэорыі пазнання, што датычыць паўсвядомых, заблытаных, незразумелых уяўленняў (т.зв. перцэпцый у прынятай Баўмгартэнам тэрміналогіі Лейбніца) у адрозненне ад ясных і лагічных меркаванняў, т.зв.аперцэпцый. Паводле Баўмгартэна, аперцэпцыямі, або рацыянальным пазнаннем, займаецца логіка, а перцэпцыямі, або пачуццёвым пазнаннем, — эстэтыка. Лічыў, што мастацкае (пачуццёвае) пазнанне, якое выяўляецца ў эстэт. суджэннях, з’яўляецца недасканалай формай лагічнага пазнання. Гал. працы: «Развагі» (1735), «Метафізіка» (1739), «Эстэтыка» (1750—58).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: История эстетики. М.,1964. Т. 2. С. 49—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МБАЛЬТ ((Humboldt) Аляксандр фон) (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),
нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДРА, Одэр (чэш. і польск. Odra, ням. Oder),
рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс.км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял.Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎЦЫ,
шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял.кн. Жыгімонта I Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав.Найб. вядомыя Быхаўцы:
Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАН (Волян) Андрэй
(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),
палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.