Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САЙФЕ́РЦІС (Леанід) (Веньямін) Уладзіміравіч (14.11.1911, г. Ільінцы Вінніцкай вобл., Украіна — студз. 1996),
расійскі графік. Нар.маст. Расіі (1982). Нар. маст СССР (1996). Чл.-кар.АМСССР (1966). Вучыўся ў Харкаўскім маст. ін-це (1928—30). З 1930 у Маскве. Супрацоўнічаў з газ. «Комсомольская правда», час. «Смена», «Огонек» і інш., з 1934 у час. «Крокодил». Станковыя творы вызначаюцца абагульненай лаканічнасцю лінейнага штрыха, мяккай празрыстасцю колеравых плям, вастрынёй кампазіцыйных ракурсаў, карыкатуры — мяккім гумарам. Аўтар серый «Старая Масква» (1938), «Абарона Севастопаля» (1941), «Берлін» (1945), «Метро» (1957), «Маскоўскія жанры» (1966—67), «Спорт» (1967—70), «Новыя раёны Масквы» (1970-я г.) і інш.
Літ.:
Семенова Т. Л.В.Сойфертис. М., 1962;
Гурьева Т.Г. Л.В.Сойфертис. Графика: [Альбом]. М., 1973.
Л.Сайферціс. Некалі! 3 серыі «Абарона Севастопаля». 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
грамадска-паліт. газета ліберальна-кадэцкага інфарм.-асв. кірунку. Выдавалася з 25.8.1912 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове штодзённа. Да № 1091 (1915) наз. «Минская газета-копейка». Арыентавалася на яўр. грамадскасць рас. культуры. У праграмным арт. «Нашы задачы» вызначыла свой кірунак абстрактна, у сэнсе безумоўнай падтрымкі прагрэсу і крытыкі ўсяго, што вядзе да вяртання ў мінулае. Асвятляла рэгіянальныя, сац.-эканам. праблемы, дзейнасць мясц. самакіравання, Дзярж. думы, мела аддзел гар. хронікі, перадрукоўвала матэрыялы сталічных газет. Знаёміла чытачоў з жыццём і творчасцю рус. і яўр. пісьменнікаў (Л.Андрэеў, В.Верасаеў, А.Купрын, Шолам-Алейхем), друкавала крытычныя разборы прачытаных у Мінску лекцый, змяшчала нарысы пра творчасць Л.Талстога, М.Някрасава і інш., агляды мінскіх маст. выставак, твораў Л.Альпяровіча, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, нататкі пра тэатр. і муз. падзеі ў горадзе. Выступала за дэмакр. самавызначэнне народаў, аднак дапускала асіміляцыю на глебе агульначалавечай культуры. Падтрымлівала выступленні сацыял-дэмакратаў супраць падрыхтоўкі да вайны, у 1917—18 — Часовы ўрад, кааліцыю бурж. партый з сацыялістамі, агітавала за скліканне ўсерас. Устаноўчага сходу і за перадачу яму заканадаўчай улады. Надрукавала ў перакладзе на рус. мову апавяданне Я.Коласа «Дудар» (пад назваю «Гусляр. Казка Якава Колас», 5.8.1913). Публікавала інфармацыю пра бел.нац. рух. Выпускала літ. дадатак — час. «Минский огонек» (1912), «Вечерние известия Минской газеты-копейки» (1914—15), «Вечерние известия Минской газеты» (1915—17).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФРО́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед.ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.Звонак, П Панчанка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1971—72;
Океания: Избр. М., 1980;
Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;
На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.
Літ.:
Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.Софронова. М., 1972;
Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.Софронова. М., 1985.