Рэспубліка Таджыкістан (Чумхурии Точикистон), дзяржава на ПдУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на З і ПнЗ з Узбекістанам, на Пн з Кіргізіяй, на ПдУ з Кітаем і на Пд з Афганістанам. Пл. 143,1 тыс.км. Нас. 6,2 млн.чал. (2001). Сталіца — г.Душанбе. У складзе Т. 3 адм. вобласці і Горна-Бадахшанская аўт. вобласць (гл.Горны Бадахшан). Дзярж. мова — таджыкская (фарсі). Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 вер.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994 (са зменамі і дапаўненнямі 1999). Кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 7 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны парламент (Маджлісі алі) у складзе 63 дэпутатаў.
Прырода. Т. — горная краіна, 93 % тэр. займаюць горы, каля 50 % — на выш. больш за 3 тыс.м. На ПнЗ адгор’і Цянь-Шаня (Курамінскі хр.), на Пд ад іх горы сістэмы Гісара-Алая (хр. Туркестанскі, Зераўшанскі, Гісарскі, Алайскі), на ПдУПамір (хр. Заалайскі, Музкол, Рушанскі, Акадэміі Навук з найвышэйшай вяршыняй пік Ісмаіла Самані — 7495 м). Паміж хрыбтамі міжгорныя катлавіны і даліны (Гісарская, Кафірніганская, Вахшская, ч. Ферганскай). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: поліметал. і уранавыя руды, вальфрам, вісмут, нафта, прыродны газ, каменная соль. Крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. У далінах і на раўнінах да выш. 500 м сярэдняя т-растудз. ад -1 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна 27 °C і 30 °C, ападкаў 150—300 мм за год. У высакагорных раёнах сярэдняя т-растудз. ад -18 °C да -20 °C, ліп. 10—12 °C, ападкаў да 1200 мм за год. У гарах больш за 8 тыс. ледавікоў, найб. Федчанкі (651,7 км²), Грум-Гржымайлы (143 км²). Гал. рэй: Сырдар’я, Зераўшан, Амудар’я з прытокамі Вахш і Пяндж, Кафірніган. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (патэнцыяльныя запасы 32,8 млн.кВт, 2-е месца ў СНД пасля Рас. Федэрацыі). Буйныя азёры: Каракуль, Сарэзскае, Іскандэркуль і інш. Вадасховішчы: Нурэкскае, Фархадскае, Кайраккумскае. Буйныя арашальныя каналы: Гісарскі, Дальверзінскі, Паўн.-Ферганскі і інш. Глебы пераважна пустынныя пясчаныя (70%), у перадгор’ях — шэразёмы, у гарах — карычневыя, у высакагор’ях — горна-стэпавыя і горна-лугавыя. На нізінных раўнінах пераважае травяністая і паўхмызняковая расліннасць пустынь. Пад лесам і хмызнякамі каля 4% тэр. У далінах рэк тугайныя лясы з таполі, на сухіх горных схілах — з фісташкі, на вільготных — грэцкі арэх, туркестанскі клён, усх. чынара (платан), дзікія яблыні і вінаград, грушы і алыча. У складзе жывёльнага свету ў гарах буры мядзведзь, тыбецкі воўк, азіяцкі леапард, снежны барс (ірбіс), у перадгор’ях — дзік, бухарскі высакародны алень, чаротавы кот, дзікабраз. Шмат птушак (фазан, чапля, грыф, чорная курапатка), паўзуноў (кобра, гюрза, вадзяны вуж, агамы). Запаведнікі: Тыгровы Яр, Раміт, Даштыджум.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — таджыкі (62,3%). Жывуць узбекі (23,5%), рускія (каля 2%), татары (1,4%), кіргізы (1,3%) і інш. Пануючая рэлігія — іслам. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, ёсць мусульмане-шыіты, у Горным Бадахшане — абшчыны мусульман-ісмаілітаў. Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны. Гар. насельніцтва 26,8%. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Душанбе — 500, Худжанд — 164, Куляб — 79,3. У эканоміцы занята 1,8 млн.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы — 52%, у прам-сці — 17%, у сферы паслуг — 31%.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у палеаліце. Першыя гістарычна вядомыя дзяржавы Согд і Бактрыя ўзніклі тут у 1-й пал. 1-га тыс. да н. э., гал. заняткам іх насельніцтва было арашальнае земляробства. У 6—4 ст.н.э. яны ўвайшлі ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 да н.э. гэту тэр. заваяваў Аляксандр Македонскі, які падавіў упартае супраціўленне сагдыйцаў на чале са Спітаменам. З 312 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў, 250—140 да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства, якое заваявана качавымі плямёнамі тахараў. У 1—3 ст.н.э.тэр. Т. ў складзе Кушанскай дзяржавы. да пач. 6 ст. заваявана эфталітамі. у 560-я г. — Цюркскім каганатам. які ў сярэдзіне 7 ст. распаўся на мноства дробных дзярж. утварэнняў. У 8 ст. яны заваяваны арабамі, якія задушылі супраціўленне мясц. насельніцтва, у т. л.Муканы паўстанне, і ўключаны ў склад Амеядаў халіфата. а 750 — Абасідаў халіфата. Іслам выцесніў ранейшыя рэлігіі — зараастрызм. будызм; хрысціянства, нестарыянства. У 9—10 ст. ад улады араб. халіфаў вызвалілася Сярэдняя Азія, дзе склалася Саманідаў дзяржава са сталіцай у г.Бухара. У гэты час у выніку змяшэння мясц. сагдыйскага насельніцтва з прышлым араба-іранскім элементам склаўся таджыкскі этнас, што дае падставу тадж. гісторыкам лічыць дзяржаву Саманідаў першай тадж. дзяржавай. Пасля падзення ў 999 Саманідаў розныя часткі тэр. Т. былі ў складзе Караханідаў дзяржавы. Каракітаяў дзяржавы. дзяржаў Газневідаў і Гурыдаў. З 1212 усе тадж. землі ў складзе Харэзмшахаў дзяржавы, якая ў 1219—21 заваявана манголамі (гл.Мангольскія заваяванні); многія гарады разбураны, а насельніцтва моцна скарацілася. З 1224 б.ч. Сярэдняй Азіі, у т. л. землі з тадж. насельніцтвам, у складзе Джагатайскага (Чагатайскага) улуса, які ў 1260-я г. стаў дзяржавай, незалежнай ад Мангольскай імперыі. Пасля яго распаду (сярэдзіна 14 ст.) тэр. Т. з 1370-х г. у складзе вялізнай дзяржавы Цімура, сталіцай якой быў г. Самарканд. Пасля смерці Цімура (1405) яго дзяржава распалася на шэраг дзярж. утварэнняў на чале з яго нашчадкамі — Цімурыдамі. Адзін з іх — Мухамед Джахангір стварыў фактычна незалежнае ўладанне з цэнтрам у Гісары, куды ўвайшла значная ч.тэр. Т. У 1500 узбекі на чале з Шэйбані-ханам скінулі ўладу Цімурыдаў і завалодалі іх землямі. Пасля разгрому ў 1510 Шэйбані-хана Сефевідамі ўзніклі 2 узб. дзяржавы з цэнтрамі ў Харэзме і Маверанахры. Апошняя з іх пасля пераносу сталіцы ў канцы 14 ст. ў Бухару атрымала назву Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат). у склад якога ўвайшлі і землі Т. У 1710 з Бухарскага ханства вылучылася Какандскае ханства, куды ўвайшоў паўн. Т. з цэнтрам у г. Худжанд (Хаджэнт). У 1866 рас. войскі занялі Худжанд і Ура-Цюбе. какандскі хан прызнаў пратэктарат Расіі. У 1868 ваен. націск Расіі прымусіў і бухарскага эміра прызнаць рас. пратэктарат. Пасля падаўлення Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. яго тэр. далучана да Туркестанскага ген.-губернатарства, у склад якога з 1868 уваходзіла і паўн.-ўсх.ч. бухарскіх уладанняў з Самаркандам. Паводле рус.-брыт. пагаднення 1895 бухарскія ўладанні на Пд ад р. Пяндж, дзе пражывала значнае тадж. насельніцтва, адышлі да Афганістана: у сваю чаргу да Бухарскага эмірата далучаны землі Зах. Паміра; Усх. Памір перайшоў пад рас. кантроль (з 1905 увесь Памір). У Туркестанскім ген.-губернатарстве (краі) у 1886 замест традыц. ўмоўнага землеўладання ўведзена прыватная ўласнасць на зямлю (фактычна зямельная рэформа пачала праводзіцца з 1870-х г.інж.-ген. К.П.Каўфманам). Выступленне насельніцтва Худжанда 17.7.1916 паклала пачатак Сярэднеазіяцкаму паўстанню 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Худжандзе, Ура-Цюбе і Канібадаме створаны Саветы. У Бухарскім эміраце актывізаваліся младабухарцы, якія патрабавалі бурж.-дэмакр. рэформ. 30.4(13.5). 1917 у Худжандзе створаны Выканком рас. Часовага ўрада. Сав. ўлада ўсталявалася 24.11(7.12).1917 у Худжандзе. у ліп. 1918 — ва Ура-Цюбе, у канцы 1918 — на Паміры. У вер. 1920 Чырв. Армія заняла г. Бухара. дзе ў кастр. 1920 абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка (БНСР), у пач. 1921 заняла кішлак Душанбе і б.ч.Усх. Бухары На тэр. Т. разгарнуўся масавы антысав. рух — басмацтва. які ў кастр. 1921 узначаліў дзеяч руху младатуркаў, б.ваен. міністр Турцыі Энвер-паша. Да вясны 1922 яго атрады занялі Усх. Бухару. Пасля гібелі Энвер-пашы (жн. 1922) барацьбу працягвалі атрады Ібрагім-бека (да 1926). У вер. 1924 БНСР ператворана ў Бухарскую Сав.Сацыяліст. Рэспубліку. якая далучылася да СССР. Паўн. раёны Т. ўваходзілі ў склад Туркестанскай Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (засн. ў крас. 1918).
У выніку нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі 12.3.1925 створана Тадж. АССР у складзе Узб. ССР. У яе ўвайшлі Гармскі, Кулябскі, Гісарскі, Курган-Цюбінскі і ч. Сарнасійскага вілаятаў Бухарскай ССР і 12 валасцей Туркестанскай АССР. У снеж. 1924 асобная Памірская вобл. ператворана ў Горна-Бадахшанскую аўт. акругу, якая далучана да Тадж. АССР. 16.10.1929 абвешчана Тадж. ССР, да якой далучана Худжандская акруга. У 1925—26 праведзена агр. («зямельнаводная») рэформа. З 1929 пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял.Айч. вайну больш за 50 тыс. воінаў з Т. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, у т. л. 54 сталі Героямі Сав. Саюза; каля 60 тыс.чал. загінула. Да канца 1980-х г. з дапамогай інш.сав. рэспублік Т. з адсталай ускраіны ператварыўся ў індустр.-агр. краіну, дзе асаблівае развіццё атрымалі электраэнергетыка, горназдабыўная і хім.прам-сць, машынабудаванне і металаапрацоўка; значныя поспехі дасягнуты ў ахове здароўя і адукацыі, хоць і захоўвалася адноснае адставанне Т. ад інш. рэспублік СССР. Пачатак перабудовы ў СССР (1985) актывізаваў тадж.нац. рух. У 1989 тадж. мова абвешчана дзяржаўнай. Ствараліся апазіц. да Камуніст. партыі Т. (КПТ) паліт. арг-цыі: Растахез (Адраджэнне), Дэмакр. партыя Т. (ДПТ). У лют. 1990 у Душанбе адбыліся масавыя антыўрадавыя хваляванні. 25.8.1990 Вярх. СаветТадж. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У ліст. 1990 уведзена пасада прэзідэнта Т., на якую абраны К.Махкамаў, які пасля жнівеньскіх падзей 1991 у Маскве падаў у адстаўку. 9.9.1991 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Т. Яе прэзідэнтам абраны Р.Набіеў, але выступленні аб’яднанай апазіцыі прымусілі і яго пайсці ў адстаўку (май 1992). Паліт. канфлікт перарос у грамадз. вайну паміж выхадцамі з розных рэгіёнаў Т. У выніку ўзбр. сутыкненняў загінула больш за 50 тыс.чал., каля 80 тыс. уцяклі за мяжу. У снеж. 1992 Душанбе занялі атрады Тадж.нар. фронту. Кіраўніком дзяржавы Вярх. Савет Т. абраў Э.Рахмонава, у ліст. 1994 ён выбраны прэзідэнтам Т. (перавыбраны ў 1999). Кааліцыя з Растахез, ДПТ і Партыі ісламскага адраджэння стварыла Аб’яднаную тадж. апазіцыю (АТА), якая, выкарыстоўваючы базы на тэр. Афганістана, разгарнула партыз. вайну супраць цэнтр. ўрада. У выніку перагавораў Рахмонава і лідэраў АТА у 1997 заключана пагадненне пра мірнае ўрэгуляванне канфлікту, вяртанне бежанцаў, раззбраенне баевікоў АТА, іх амністыю і далучэнне АТА да паліт. працэсу. У знешняй палітыцы Т. арыентуецца на цеснае супрацоўніцтва з краінамі цэнтр.-азіяцкага рэгіёна і Расіяй. На яго тэр. знаходзяцца рас. войскі і пагранічнікі. Т. — чл.ААН (з 1992), СНД (з 1991), Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця (з 1992), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва (з 1993), Міжнар. валютнага фонду (з 1993), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (з 1993) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.9.1996.
У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Камуніст. партыя Т., Нар.-дэмакр. партыя Т., Сацыяліст. партыя, Дэмакр. партыя Т., Ісламская партыя адраджэння Т. і інш.
Гаспадарка. Т. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 6 млрд.дол. (990 дол. на душу насельніцтва). Доля сельскай гаспадаркі ў структуры ВУП 27%, прам-сці і буд-ва — 26,9%, сферы паслуг — 46,1%. Грамадз. вайна і яе вынікі абмежавалі магчымасці эканам. развіцця краіны, адбылося рэзкае скарачэнне прамысл. і с.-г. вытв-сці. У 2000 аб’ём прамысл. прадукцыі складаў 42%, сельскай гаспадаркі — 73% да ўзроўню 1991. Наглядаецца тэндэнцыя да паляпшэння становішча; дэклараваны курс на рэфармаванне эканомікі і пераход да рыначных форм гаспадарання, але па-ранейшаму захоўваецца і дырэктыўнае дзярж. рэгуляванне. На долю дзярж. сектара прыпадае каля 53% занятых, кааператываў, акц. т-ваў, прыватнага сектара — 47%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,15 млн.га, у т. л. пад ворывам 0,76 млн.га, сенажацямі і пашай 3,39 млн.га. Каля 0,7 млн.га паліўных зямель. Да 80% с.-г. угоддзяў эрадзіравана, на 15% ворыва засоленыя глебы. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс); з тэхн. — бавоўнік (пераважна тонкавалакністыя сарты), алейныя (лён-кудраш, кунжут), эфіраалейныя (герань), тытунь. Бульбаводства, агародніцтва і бахчаводства. На Пн і ПдЗ развіты вінаградарства і садоўніцтва (яблыкі, абрыкосы, персікі, вішні, гранаты, інжыр, міндаль, цытрусавыя). Збор (млн.т, 1999) збожжа — 0,5, бульбы — 0,2, агародніны — 0,4. Мяса-воўнавая і мяса-малочная жывёлагадоўля. На Пн і ПдЗ развіта каракуляводства. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы — 911,5, авечак — 1620, коз — 625, птушак — 600. На Усх. Паміры разводзяць якаў. Вытв-сць мяса (забойная вага) — 30 тыс.т, малака — 310 тыс.т, яек — 23 млн.шт. Развіта шаўкаводства. Прамысловасць развіваецца ў асноўным на мясц. рэсурсах. На долю металургічнай прам-сці прыпадае 49,5%, паліўнаэнергет. комплексу — 8,9%, маш.-буд. і металаапрацоўкі — 1,1%, лёгкай — 13,2%, харч. — 16,1%. Металургічная прам-сць звязана са здабычай і абагачэннем руд каляровых і рэдкіх металаў (горна-металургічны камбінат у Анзобе, і абагачальныя ф-кі ў Кансаі і Чарух-Дайроне). Аснова каляровай металургіі — вытв-сць алюмінію ў г. Турсунзадэ. Паліўна-энергет. комплекс грунтуецца на здабычы нафты (20 тыс.т, на Пн і Пд), прыроднага газу (40 млн.м³), бурага вугалю (20 тыс.т) і вытв-сці электраэнергіі (14,3 млрд.кВт∙гадз, 2000) пераважна на ГЭС. Працуюць Нурэкская, Галаўная, Байпазінская (на р. Вахш), Кайраккумская (на р. Сырдар’я) і інш.ГЭС. Буйныя ЦЭЦ — у г. Душанбе, г.п. Яван. Вытв-сць прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў 2000 складала 14,9% да ўзроўню 1991. У Душанбе прадпрыемствы па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў (1,7 тыс.шт., 2000), рамонце машын і абсталявання. Лёгкая прам-сць прадстаўлена ачысткай бавоўны (Турсунзадэ, Шаартуз, Курган-Цюбе, Канібадам), вытв-сцю баваўняных і шаўковых тканін (12,7 млн.м², Душанбе, Худжанд), абутку (80 тыс. пар), швейных вырабаў, дываноў. У харч. прам-сці развіты алейная, мясная, малочная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць (тыс.т, 2000) алею — 14,3, мяса — 1,1, цэльна-малочнай прадукцыі — 2,9. Хім.прам-сць у г.п. Яван (11 тыс.т азотных угнаенняў) і Душанбе (пластмаса). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 500 км, аўтадарог 13,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 12,7 тыс.км. Асн. грузаперавозкі на чыг. транспарце — 1324,8 тыс. ткм, на аўтамаб. — 117,1 тыс. ткм (2000). Асн. чыгунка Тэрмез—Куляб, аўтадарогі Ош—Харог, Душанбе—Харог, Душанбе—Худжанд. Аэрапорты ў Душанбе, Худжандзе і Кулябе. Курорты: Абігарм, Зумрат, Хаджа-Абігарм, Шаамбары. Экспарт (1459,3 млн.дол., 2000) электраэнергіі, неапрацаванага алюмінію, бавоўны, тытуню. Імпарт (525,8 млн.дол., 2000) нафтапрадуктаў прыроднага газу, хім. і маш.-буд. прадукцыі, харч. прадуктаў. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Украіна, Кітай. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 5,3 млн.дол. Грашовая адзінка — самані.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і войск ППА. Агульная колькасць узбр. сіл больш за 10 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 8,8 тыс.чал., танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры, мінамёты, гарматы і інш. У ВПС каля 700 чал.; у войсках ППА каля 1 тыс.чал., на ўзбраенні зенітныя артыл. комплексы, зенітныя пушкі і інш.
Ахова здароўя. Ажыццяўляецца на дзярж. узроўні, існуе і прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60,9, жанчын 67,4 года. Узровень нараджальнасці — 33,6 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс. чал.
Натуральны прырост 2,5% (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 115 чал., урачамі — 1 на 443 чал. Дзіцячая смяротнасць — 117 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета. У 2001/02 навуч.г. ў Т. дзярж.агульнаадук. школ 3649, у іх 1560 тыс. вучняў, 42 недзярж. ўстановы адукацыі, у т. л. 18 ліцэяў, 17 гімназій, 7 сярэдніх агульнаадук. школ; 45 сярэдніх прафес.навуч. устаноў, у іх 23 825 навучэнцаў; 31 ВНУ розных тыпаў (84 360 студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тадж.дзярж.ун-т, с.-г., політэхн., мед. ін-ты (усе ў Душанбе), Худжандскі ін-т. У Т. 1436 б-к і 33 музеі. Найбуйнейшая б-ка — Нац.б-ка Рэспублікі Таджыкістан імя Фірдаўсі ў Душанбе; найбуйнейшыя музеі: Нац. краязнаўчы і Нац. музей старажытнасці ў Душанбе. Навук. даследаванні вядуцца ў Нац.АН.
Літаратура. Развіваецца на таджыкскай мове. У яе развіцці вял. ролю адыгралі фальклор і літ. традыцыі ўсх. іранцаў — продкаў таджыкаў, якія ў старадаўнія часы насялялі Сярэднюю Азію і Харасан (Усх. Іран). Першы помнік стараж. перса-тадж. пісьменнасці — «Авеста». У 3—9 ст. ствараліся эпічныя паэмы, малыя формы паэзіі. Заснавальнік класічнай л-ры на тадж. мове (фарсі) Рудакі. Найб. плённа класічная паэзія развівалася ў 10 — пач. 12 ст. (Дакікі, эпічная паэма Фірдаўсі «Шахнамэ», філас. лірыка Ібн Сіна, Умара Хаяма, Насіра Хасрова). У 12 ст. паявілася маст. проза (творы Балхі, Захіры). Нашэсце Чынгісхана (пач. 13 ст.) амаль на стагоддзе перапыніла развіццё л-ры ў Сярэдняй Азіі. Толькі ў 14 ст. там пачало адраджацца літ. жыццё. Гуманістычныя матывы характэрны для творчасці Саадзі, Хафіза, Кемала Худжандзі, Убейда Закані. У 15 ст. іх развівалі ў сваіх творах Кашыфі, Хатыфі, А.Джамі. Творчая сувязь Джамі з узб. паэтам Алішэрам Наваі мела вял. значэнне для тадж. і узб. л-р. З 16 ст.тадж.л-ра пачала вылучацца з агульнай плыні персамоўнай л-ры, уступіла ў цесную сувязь з мусульм. культурай Індыі. У 16—18 ст. вядомасць набылі паэты і празаікі Хілалі Джагатаі, Мушфікі, Сайідо Насафі, М.Бедыль. У 16 ст. ўзнік асветніцкі кірунак, гал. прадстаўнік якога А.Даніш прапагандаваў рус. культуру і л-ру, сац. рэформы. Яго ідэі развівалі Саўдо, Р.Вазех, М.Хайрат. У пач. 20 ст. традыцыі асветніцтва прадаўжалі Айні, Т. Асіры і інш., якія праўдзіва адлюстроўвалі жыццё народа, выкрывалі ў сваіх творах сац. супярэчнасці тагачаснага грамадства.
Пачынальнікі сав.тадж. прозы — Айні (аповесць «Адзіна»; раманы «Дахунда», «Рабы»), паэзіі — М.Рахімі, Х.Лахуці і інш. Разняволенне жанчын, усталяванне новага жыцця — тэмы творчасці Пайрава, М.Амін-задэ. У 1930-я г. ў л-ру прыйшлі маладыя паэты і празаікі Б.Азізі, Дж.Ікрамі, Х.Карым, Р.Джаліл; развівалася паэтычная творчасць М.Турсун-задэ, А.Дэхаці, М.Міршакара, Хабіба Юсуфі і інш. У Вял.Айч. вайну тадж. пісьменнікі ўслаўлялі гераізм чалавека, братэрства народаў (паэмы Турсун-задэ, Лахуці, вершы Міршакара, Рахімі. Дэхаці і інш.). Пасляваен. л-ра стала жанрава больш разнастайнай, паглыбіла адлюстраванне жыцця і гісторыі тадж. народа. Здабыткам л-ры сталі цыкл вершаў «Індыйская балада» і паэма «Хасан-арбакеш» Турсун-задэ, паэмы «Непакорлівы Пяндж» і «Ленін на Паміры» Міршакара, раман пра вайну «Вернасць» Ф.Ніязі, раманы «Абноўленая зямля» С.Улуг-зада і «Шураб» Джаліла. Вядомасць набылі паэзія Ф.Ансары, Бахары, М.Канаата, Г.Мірзо, Г.Сулейманавай, М.Фархата, проза Дж.Адынаева, У.Кухзода, Ф.Мухамадзіева, Х.Назарава, М.Хаджаева. Паявіліся і гіст. раманы Ікрамі («Дванаццаць варот Бухары»), Улуг-зада («Васе»), аповесці Р.Хадзі-задэ, драмы Г.Абдуло («Полымя свабоды»), Ансары («Прысуд маці»), Улуг-зада («Рудакі») і інш. Развіваецца літ.-знаўства і крытыка (С.Табараў, М.Шукураў, Ш.Ніязі, А.Сайфулаеў). У 1954 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены анталогія «Паэты Таджыкістана» (1966), «Таджыкскія народныя казкі» (1970, 1987); кнігі апавяд. і вершаў «Дом каля крыніцы» (1984) і «Крыніцы Паміра» (1989); аповесць «Раніца нашага жыцця» (1961, пер. І.Сакалоўскі і У.Жыжэнка) і раман «Абноўленая зямля» (1973, пер. Я.Васілёнак) Улуг-зада, зб-кіапавяд. «Абавязак таварыша» Бахары (1965, пер. М.Ваданосаў), «Не адкладвай на заўтра» А.Шарыфі (1984, пер. М.Базарэвіч), вершаў і казак «Пах зямлі» У.Раджаба (1987, пер. В.Лукша і В.Макарэвіч), паэт.зб-кі «Высокае гняздо» Турсун-задэ і «Сорак косак» Сулейманавай (абодва 1982, пер. апошняга Э.Агняцвет), «Рубаі» Умара Хаяма (1989, пер. Р.Барадулін) і інш. У перыяд. друку змяшчаліся пераклады на бел. мову вершаў Айні, Ансары, Н.Бако-задэ, Канаата, С.Мамура, Міршакара, Р.Назры, Ц.Пуладзі, Раджаба, Б.Сабірава, Г.Сафіевай, Сулейманавай, Турсунзадэ, Б.Фаруха, М.Хакімавай, Д.Шарыпава; апавяданняў С.Ганіева, Г.Карыма, Мухамадзіева, Р.Сафарава, Т.Усманава, Шарыфі, А.Шукухі і інш. Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Г.Бураўкін, А.Бялевіч, Э.Валасевіч, В.Вярба, С.Гаўрусёў, С.Грахоўскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Кірэенка, А.Лойка, Е.Лось, П.Макаль, У.Нядзведскі, Р.Няхай, У.Паўлаў, Г.Пашкоў, П.Прыходзька, Я.Семяжон, Ю.Свірка, М.Чарняўскі, Х.Чэрня, У.Шахавец і інш.
Архітэктура. На тэр. Т. выяўлены паселішчы неалітычнай гісарскай культуры (6—5 ст. да н.э.) і эпохі бронзы са слядамі жытлаў. Ад часоў Ахеменідаў захаваліся рэшткі стараж.-бактрыйскага будынка з сырцовай цэглы (6—4 ст. да н.э., гарадзішча Калаі-Мір). Паводле ант. аўтараў вядома пра існаванне на тэр. Т. ў 4—3 ст. да н.э. гарадоў эліністычнага тыпу з абарончымі сценамі і рэгулярнай планіроўкай. Да грэка-бактрыйскага (3—2 ст. да н.э.) і кушанскага (1—4 ст.н.э.) часу належаць руіны гарадоў на Пд Т., якія спалучалі рысы эліністычнай буд. культуры з мясц. традыцыямі. У 5—8 ст. на тэр. Т. ўзнікалі раннесярэдневяковыя гарады з цытадэлямі і ўмацаваннямі, рэгулярна забудаванымі шахрыстанамі (Пенджыкент). Палацы з параднымі заламі і троннымі айванамі і багатыя дамы з 4-стаўповымі параднымі заламі былі ўпрыгожаны жывапісам і драўлянай разьбой. На лініі гар. сцен ці па-за горадам ставілі цытадэлі. У сельскай мясцовасці будавалі ўмацаваныя загарадныя сядзібы, вартоўні, замкі-кёшкі (данжоны; Уртакурган, Калаі-Муг). Адрозніваліся тыпы збудаванняў, што належалі розным веравызнанням (храмы ў Пенджыкенце, будыйскія манастыр Аджына-Тэпе і храм у крэпасці Калаі-Кафірніган). Пасля араб. заваявання і пашырэння ісламу ў архітэктуры Т. з’явіліся мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, ханака. Вакол шахрыстанаў і цытадэляў гарадоў узнікалі гандл.-рамесныя прыгарады (рабады). У крапасных (Калаі-Бало каля Ісфары), палацавых (Хульбук, 10—12 ст.) і мемар. збудаваннях доўга захоўваліся мясц. раннесярэдневяковыя рысы (Ісмаіла Самані маўзалей). Асн.буд. матэрыялы — цэгла-сырэц, пахса (бітая гліна), з 9 ст. — абпаленая гліна. У арх. дэкоры будынкаў са скляпеніста-купальнымі канструкцыямі выкарыстоўваліся ўзорыстая цагляная муроўка, разная тэракота і расфарбаваны разны стука (гліняны міхраб 10—11 ст. з мячэці ў с. Ашт); у пабудовах з плоскімі перакрыццямі — мясц. драўляны ордэр, элементы якога адлюстроўвалі даісламскія вераванні, мелі расл. ўзоры, эпіграфічныя фрызы (порцік маўзалея Хазрацібабо ў с. Чарку каля Ісфары, 12 ст.). Дасягненне тадж.манум. дойлідства 14 ст. — партал Мухамеда Башара маўзалея. Адно з унікальных збудаванняў — маўзалей Мір-Сеід-Хамадані ў г. Куляб (14—17 ст.), першапачаткова 3-партальны з купальнай залай, пахавальняй і разным дэкорам. У 16—17 ст. пераважалі культавыя збудаванні з Г-падобнай купальнай галерэяй (мячэць Абдула-хана ў с. Наўгілем каля Ісфары, мячэць-маўзалей Муслехеддзіна ў Худжандзе, маўзалей Махдумі Азама ў Гісары). У 18 — пач. 19 ст. традыцыі тадж. дойлідства развіваліся ў архітэктуры масавых грамадскіх будынкаў (медрэсэ ў Гісары, квартальныя і сельскія мячэці, лазні) і ў нар. жыллі. Архітэктура 20 ст. прайшла шлях развіцця ад 1-павярховых глінабітных і сырцовых жытлаў, хаатычна забудаваных кішлакоў і некалькіх сярэдневяковых гарадоў да добраўпарадкаваных дамоў і гарадоў, якія развіваюцца паводле генпланаў (Душанбе, Худжанд). У горадабудаўніцтве 1930—40-х г. выкарыстоўваўся прынцып перыметральнай забудовы, панавалі класіцыстычныя формы ў спалучэнні з элементамі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага дойлідства. З 1950-х г. пачалі ствараць мікрараёны з сучаснай сістэмай абслугоўвання, са шматпавярховымі (4—5, 9 паверхаў) сейсмаўстойлівымі дамамі, каркасна-панэльныя збудаванні. Будуюцца новыя гарады Нурэк, Рэгар і г.п. Яван. У 1980—90-я г.арх. формы спалучаюць з традыц. дэкорам, арнаментальнымі і сюжэтнымі размалёўкамі, керамікай, разьбой па ганчу і дрэве, габеленам. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва таджыкаў развівалася як частка гіст.-культ. працэсу сярэднеазіяцкага рэгіёна і цесна звязана з мастацтвам інш. народаў (асабліва узбекаў), шэраг помнікаў з’яўляецца іх агульнай спадчынай (мініяцюры, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва). На тэр. Т. выяўлены наскальныя размалёўкі ў гроце Шахты (15—10-е тыс. да н.э., Усх. Памір), ляпная і ганчарная ангабіраваная кераміка з геам. узорам, прасцейшыя формы ювелірных вырабаў (сярэдзіна 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.), схематычная гліняная выява чалавека (пахавальня Тандыр-Ёл каля Рэгара, 2-е тыс. да н.э.). Ад эпохі Ахеменідаў захаваліся ювелірныя вырабы, творы мастацтва сакаў (бронз. катлы са скульпт. дэкорам, літыя фігурныя бляхі, петрогліфы). Мастацтва грэка-бактрыйскага (3—2 ст. да н.э.) і кушанскага (1—4 ст.н.э.) перыядаў спалучала мясц. традыцыі і эліністычныя элементы. Раннесярэдневяковае мастацтва Т. развівалася ў рэчышчы культур Согда, Уструшаны і Тахарыстана, у якіх фарміраваліся мясц. стылі праз спалучэнне эліністычных і кушанскіх традыцый з рысамі мастацтва Паўн. Індыі і Афганістана: скульптура (прысценныя статуі і гарэльефы, медальёны са сцэнамі барацьбы коннікаў-ваяроў, выявамі фантаст. звяроў) і жывапіс (фрэскі будыйскіх храмаў, размалёўкі палацаў Пенджыкента, Шахрыстана, Калаі-Кафірнігана). Пасля арабскага заваявання і пашырэння ісламу ў мастацтве развіваў пышны разны дэкор, які захоўваўся мясц. даісламскія выяўл. матывы, расл. ўзоры, эпіграфічныя фрызы. Паступова пачалася арнаменталізацыя ўсяго выяўл. мастацтва з перавагай расл., геам. і эпіграфічных матываў. Новы росквіт мастацтва ў 15 ст. звязаны з герацкай школай мініяцюры, у 16—17 ст. — з сярэднеазіяцкай школай ў Бухары і Самаркандзе. Мініяцюра, верагодна, развівалася ў горным Т. (рукапіс «Юсуф і Зулейха» з Дарваза, 1797—98). У дэкар.-прыкладным мастацтве мясц. традыцыі ўзбагаціліся элементамі маст. культур інш. краін Усходу (паліваная размаляваная кераміка, ткацтва, вырабы з металу і шкла, ювелірныя). Развіваліся разьба і размалёўка па стука, дрэве, тэракоце, арнаментальная размалёўка тэмперай і шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль» (па рэльефнай глінянай аснове). У 18 — пач. 20 ст. пашырыліся маст. рамёствы: кераміка з падглазурнай размалёўкай (Паўн. Т.) ці ляпная з ангобнай размалёўкай (Паўд. Т.), ювелірныя вырабы з дэкар. і складанаўзорыстымі спалучэннямі серабра і каляровых камянёў, ткацтва, набіванка, вышыўка. У 1-й пал. 20 ст. ў Т. працавалі мастакі А.Ашураў, А.Камелін, М.Новік, П.Фальбаў, М.Хашмухамедаў, Я.Чамадураў, Б.Шахназараў і інш. З 2-й пал. 20 ст. развіваюцца ўсе віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ў творчасці жывапісцаў З.Давугава, І.Лісікава, А.Рахімава, З.Хабібулаева, Х.Хушвахтава, С.Шарыпава; скульптара К.Жумагазіна; графікаў Р.Азімава, С.Вішняпольскага, С.Краснапольскага, Т.Самандарава, Б.Серабранскага, сцэнографаў М.Мухіна, М.Шыпуліна і інш. У 1938 створаны Саюз мастакоў Т.
Музыка. Раннія звесткі пра музыку стараж. народаў, гістарычна звязаных з Т., адносяцца да 3—2 ст. да н.э. Музыка развівалася пераважна як аднагалосае мастацтва вуснай традыцыі, была унісоннай, дыятанічнай. Багатая і рознабаковая метрарытміка песень і інстр. п’ес. Характэрны няцотныя (5/8, 7/8 і інш.) і 6-дольныя памеры. Муз. фальклор уключае прац., абрадавыя, лірычныя, эпічныя (у т. л. эпас «Гурутлі») і інш. песні, якія выконваюцца сола і ў суправаджэнні інструментаў. Склаліся своеасаблівыя спосабы спеваў: ішкамі (брушное), бінігі (насавое) і гулугі (гарлавое). Сярод нар. інструментаў: думбрак, дутар, рубаб, сетар, танбур (усе струнна-шчыпковыя), гіджак (струнна-смыкавы), най, кашнай, сурнай, карнай (духавыя), чанг (струнна-ўдарны), дойра, таўляк (ударныя), занг (званочкі), чанг-кобус (варган). Нар. танцы выконваюцца пад акампанемент нар. інструментаў ці унісоннага хору. Найб. росквіту нар.-прафес. і прафес. музыка вуснай традыцыі дасягнула ў сярэдневякоўі ў гарадах. Класічны помнік муз.-паэт. творчасці — цыкл з 6 шматчасткавых вак.-інстр. паэм «Шашмаком». Станаўленне прафес. музыкі пачалося ў 20 ст., калі былі створаны муз. тэхнікум у г. Ленінабад (1929), маст. камбінат (школа) у г. Душанбе (1934, з 1937 — муз.-балетная школа) і інш. Развіваліся шматгалосыя спевы, арк. ігра, муз.сцэн. мастацтва, разнастайныя жанры і формы шматгалосай музыкі. Важную ролю ў станаўленні прафес.тадж. музыкі адыгралі кампазітары Д.Дустмухамедаў, Я.Сабзанаў, Ш.Сайфіддзінаў, Ф.Саліеў, З.Шахідзі, Ф.Шахобаў; музыканты і педагогі С.Баласанян, А.Ленскі, С.Урбах і інш. Сярод першых нац. твораў: опера «Паўстанне Васе» Баласаняна (1939), балет «Дзве ружы» Ленскага (1941), шматгалосы твор «Залаты кішлак» І.Рагальскага (1944), «Таджыкская рапсодыя» Саліева (1947), вак.-сімф. творы Дустмухамедава, Сайфіддзінава. Для 2-й пал. 20 ст. характэрна імкненне кампазітараў да ўзбагачэння муз. мовы сучаснымі сродкамі выразнасці і пераўтварэнне глыбінных фалькл. пластоў. Развіваюцца музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў, эстр. музыка. Сярод муз. дзеячаў дырыжоры І.Абдулаеў, З.Айрапецянц, А.Камалаў, Саліеў, А.Хамдамаў; хар. дырыжор — Х.Мулакандаў; спевакі А.Бабакулаў, М.Бакіева, С.Бандышоева, Р.Галібава, М.Ібрагімава, Б.Ісхакава, Л.Кабірава, Б.Маматкулаў, Х.Маўлянава, Ш.Муладжанава, Дж.Муродаў, Б.Ніёзаў, Р.Талмасаў, Т.Фазылава; выканаўцы нар. песень М.Бахадураў, М.Назардодава, Н.Раупава, Х.Рызо; салістка балета М.Сабірава; выканаўцы на нар. інструментах Г.Гуламаліеў, А.Алаеў. Працуюць: Тадж.т-р оперы і балета (1940, Душанбе); філармонія (1938, Душанбе), у складзе якой ансамбль рубабістак (1940), сімф. аркестр (1965), ансамблі песні і танца; стр. квартэт (1978); пры Дзяржтэлерадыё аркестр нар. інструментаў, ансамбль шашмакамістаў (1964), эстр. ансамбль «Гульшан» (.1966), дзіцячы хор (1982) і інш. У 1949 створаны Саюз кампазітараў Т.
Тэатр. Вытокі тэатр. дзействаў у песнях і танцах. нар. гульнях, даісламскіх культавых абрадах. На аснове нар. мастацтва складаліся нар. лялечны т-р «зачабозі» і вусны традыц.т-р масхарабозаў (выступалі на вяселлях, сямейных урачыстасцях), асабліва пашыраны ў 19 ст. У сав. час развіваўся аматарскі т-р. У 1929 у Душанбе з аматарскага гуртка створаны першы прафес.т-р — Таджыкскі драм.т-р імя А.Лахуці, у 1932 — муз.-драм.т-р у Худжандзе. У 1930-я г.прафес. т-ры з’явіліся і ў інш. гарадах і гар. пасёлках (Харог, Куляб, Ісфара, Наў і інш.). У рэпертуары т-раў п’есы С.Саідмурадава, М.Рабіева, М.Міршакара, Дж.Ікрамі, А.Сідкі, Ф.Ансары, Г.Абдуло, Ш.Кіямава і інш.; класічная і сучасная драматургія. Значны ўклад у тэатр. мастацтва зрабілі Б.Аліфбекава, Г.Бакаева, А.Бурханаў, Т.Гафарава, Г.Заўкібекаў, М.Ібрагімава, Б.Карамхудоеў, М.Касымаў, Х.Назарава, Х.Рахматулаеў, Г.Савельева, С.Туйбаева, Т.Фазылава, М.Халілаў, С.Шаісмаілава і інш.
Кіно ўзнікла ў 1929 з вытворчасці дакумент. і хранікальных фільмаў. У 1930 створана кінастудыя «Таджыкфільм». Першы маст. фільм — «Калі паміраюць эміры» (1937, рэж. Л.Пячорына), першыя гукавыя маст. фільмы «Сад» (рэж. М.Досталь) і «Сябры сустракаюцца зноў» (рэж. К.Ярматаў, абодва 1939). У час вайны і першыя пасляваен. гады ствараліся толькі дакумент. карціны. У 1957 адноўлены выпуск маст. фільмаў («Дахунда» паводле Айні, рэж. Б.Кімягараў). Здымаліся фільмы на гіст. тэмы і пабудаваныя на фалькл. матывах і нар. эпасе: «Лёс паэта» (1959, рэж. Кімягараў), фільм-балет «Лейлі і Меджнун» (рэж. Т.Беразанцава, Г.Валаматзадэ), «Насрэддзін у Хаджэнце, або Зачараваны прынц» (абодва 1960, рэж. А.Бек-Назараў, Э.Карамян), «Сцяг каваля» паводле А.Фірдаўсі (1961, рэж. Кімягараў); на сучасную тэматыку: «Мой сябра Наўрузаў» (1957, рэж. Ш.Кіямаў, Н.Літус), «Высокая пасада» (1958, рэж. Кімягараў); камедыі «Я сустрэў дзяўчыну» (1957, рэж. Р.Перэльштэйн), «Сыну пара жаніцца» (1960, рэж. Т.Сабіраў) і інш. У 1960—70-я г. пошук новых тэм, жанраў, выяўл. сродкаў характэрны для маладых рэжысёраў М.Арыпава («Нісо»,1966; «Тайна продкаў», 1972), М.Касымавай («Лета 1943», 1968; «Джура Саркор», 1970), С.Хамідава («Сустрэча ў старой мячэці», 1969; «Легенда турмы Павіяк», 1971), А.Тураева («Трэцяя дачка», 1971) і інш. Маральныя праблемы ўздымаліся ў фільмах «Пад попелам агонь» (1967, рэж. Рахімаў), «Як патрабуе сэрца» (1968) і «Аднаго жыцця мала» (1975, рэж. Кімягараў). Экранізаваўся нац. эпас: «Сказанне пра Рустама» (1971), «Рустам і Сухраб» (1972), «Сказанне пра Сіявуша» (1977, рэж. усіх Кімягараў). У 1960—80-я г. кіно для дзяцей здымалі рэжысёры В.Ахадаў, Б.Арабаў, Касымава; сярод рэжысёраў-дакументалістаў В.Кузін, В.Фамін, Г.Артыкаў, Е.Кімягарава, М.Мансурхаджаеў, М.Юсупава і інш. У 1980-я г. кіно Т. папоўнілася стужкамі рэжысёраў Д.Худаназарава, Ю.Юсупава, А.Тулаева і інш. У 1990-я г. ў сувязі з грамадзянскай вайной фільмаў стваралася мала. Шэраг рэжысёраў выехалі з краіны. Сярод фільмаў 1990-х — 2000 г.: «Кош ба кош» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі «Сярэбраны леў»), «Месячны тата» (1999, Гран-пры расійскага кінафестывалю «Кінатаўр», рэж. абодвух Худаназараў), «Прысутнасць» (1995, рэж. Т.Хамідаў), «Палёт пчалы» (1998), «Крыніца» (2000), «Анёл правага пляча» (2002, рэж. усіх Дж.Усмонаў) і інш. Сярод папулярных акцёраў кіно Т.: М.Арыпаў, С.Азаматава, Х.Абдуразакаў, М.Касымаў, С.Туйбаева і інш. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Т.
Літ.:
История таджикского народа. Т. 1—3. М., 1963—65;
Актуальные проблемы истории таджикского народа. Душанбе, 1988;
Гафуров Б.Г. Таджики: Древнейшая, древняя и средневековая история. М., 1972;
История Таджикской ССР, Душанбе, 1983;
Масов Р.М. История исторической науки и историография социалистического строительства в Таджикистане. Душанбе. 1988;
История таджикского народа. Т. 1—2. Душанбе. 1998—99;
Очерки истории таджикской советской литературы. М., 1961;
История советской многонациональной литературы. Т. 1—6. М., 1970—74;
История музыки народов СССР. Т. 1—5. М., 1970—74;
Музыкальная жизнь Советского Таджикистана. Вып. 1—2. Душанбе, 1974—75: Нурджанов Н.Х. Таджикский театр: Очерк истории. М., 1968;
Ахроров А., Азизова С. Кино Таджикистана. М., 1982;
Огонек. 2001. Спец. вып.
П.І.Рогач (прырода. насельніцтва. гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), М.М.Валачко (узброеныя сілы), І.М.Ключановіч (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.Л.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Таджыкістана.Да арт.Таджыкістан. У адгор’ях Паміра.Да арт.Таджыкістан. Падножжа ледавіка Масквіціна.Да арт.Таджыкістан. Канал і тунэль, па якім вада з Нурэкскага вадасховішча паступае ў Дангарынскі раён.Да арт.Таджыкістан. Нурэкская ГЭС.Да арт.Таджыкістан. Статак якаў на горнай пашы.Да арт.Таджыкістан. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў Таджыкскай АССР. 1.12.1926. Душанбе.Да арт.Таджыкістан. Мячэць-маўзалей Муслехеддзіна ў г. Худжанд. 16—17 ст.Да арт.Таджыкістан. Прэзідэнцкі палац у Душанбе.Да арт.Таджыкістан. На праспекце Рудакі ў Душанбе.Да арт.Таджыкістан. Скульптурная кампазіцыя «Зоркі паэзіі» ў Душанбе.Да арт.Таджыкістан. Мемарыяльны комплекс да 1100-годдзя дзяржавы Саманідаў у Душанбе.Да арт.Таджыкістан. З.Хабібулаеў. Бахор (вясна). 1967.Да арт.Таджыкістан. Х.Хушвахтаў. Былыя гады. 1967.Да арт.Таджыкістан. А.Рахімаў. Дары маёй даліны. 1974.