НЯЧА́ЕЎ (Сяргей Генадзевіч) (2.10.1847, г. Іванава, Расія — 3.12.1882),

удзельнік расійскага рэв. руху. З 1865 у Маскве, займаўся самаадукацыяй. З 1866 у Пецярбургу, выкладаў у Сергіеўскім прыходскім вучылішчы. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях 1868—69 у Пецярбургу. Арганізатар тайнага т-ва «Народная расправа» (1869). Аўтар «Катэхізіса рэвалюцыянера» (1869), у якім прапанаваў у імя рэвалюцыі парваць з законамі, прыстойнасцю, мараллю, заглушыць усе чалавечыя пачуцці. Выкарыстоўваў метады містыфікацыі, правакацыі і шантажу. У 1869 у Маскве забіў па падазрэнні ў здрадніцтве студэнта І.​І.​Іванова і ўцёк у Швейцарыю. Разам з М.П.Агаровым выдаваў газ. «Колокол» (крас.—май 1870). У 1870 у Лондане выдаваў час. «Община». У 1872 арыштаваны ў Цюрыху і перададзены швейцарскімі ўладамі Расіі. У 1873 прыгавораны да 20 гадоў катаргі. Памёр у Аляксееўскім равеліне Петрапаўлаўскай крэпасці.

А.А.Нячаеў.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬТЫ,

плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс. н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.

Літ.:

Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;

Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;

Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.

Да арт. Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).
Да арт. Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)