род харавых водарасцей сям. нітэлавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды ў азёрах, апрэсненых участках мораў. На Беларусі адзначана N. sp. (як від не вызначалася) і Н. грацыёзная (N. gracilis). Растуць пераважна на мяккіх ілістых грунтах у чыстай, спакойнай вадзе.
Талом кусцістаразгалінаваны, ніткападобны, выш. да 1 м, прымацаваны да грунту рызоідамі. Асн. парасткі і галінкі маюць доўгія (да 25 см) аднаклетачныя міжвузеллі і шматклетачныя вузлы. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац.Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).