Німфы 7/519

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́МФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЦЫ́С, Наркіс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі юнак-прыгажун, сын беатыйскага рачнога бога Кефіса і німфы Лірыёпы. Паводле пашыранага міфа, Н. не прыняў кахання німфы Эха, за што быў пакараны Афрадытай: закахаўся ва ўласнае адлюстраванне ў вадзе і памёр ад непадзеленага кахання. Ператвораны багамі ў аднайм. кветку. Вобраз Н. ўвасоблены ў скульптурах Паліклета Старэйшага і Б.Чэліні, карцінах Я.Тынтарэта і М.Караваджа, п’есах П.Кальдэрона дэ ла Баркі і Ж.Ж.Русо, операх Д.Скарлаці, К.В.Глюка і Ж.Маснэ, інш. творах мастацтва і л-ры. У пераносным сэнсе Н. — самаўлюбёны чалавек.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРАРДО́Н ((Girąrdon) Франсуа) (17.3.1628, г. Труа, Францыя — 1.9.1715),

французскі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Труа, потым у Рыме ў Л.Берніні (да 1650), зазнаў уплыў барока. З 1657 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (праф. з 1659). Майстар манум.-дэкар. скульптуры. Аўтар скульпт. груп («Апалон і німфы», 1666—76, «Выкраданне Празерпіны», 1699, і інш.) і дэкар. ваз для палаца і парку ў Версалі, грабніцы кардынала Рышэлье ў царкве Сарбоны (1675—94), коннай статуі Людовіка XIV на Вандомскай пл. ў Парыжы (1683—99; разбурана ў 1792), шэрагу партрэтных бюстаў.

Ф.Жырардон. Апалон і німфы 1666—76.

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы дрэў, якія жывуць у лясах і гаях, дочкі Зеўса і дрэў. Жылі і паміралі разам з дрэвамі, апекавалі ўсіх, хто саджаў і даглядаў дрэвы.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфы, багіні, якія жывуць у крыніцах і ручаях, з’яўляюцца іх захавальніцамі і валодаюць дабрадзейнымі функцыямі. Верагодна, адносіліся да нашчадкаў бога Акіяна і яго жонкі Тэфіды. Лічылася, што Н. каля 3 тыс. У слав. міфалогіі ім адпавядаюць русалкі.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ХНА,

у грэчаскай міфалогіі лідыйская дзяўчына-рукадзельніца, мастацтвам якой захапляліся німфы р. Пактола. На спаборніцтва ў ткацтве яна выклікала Афіну, але тая ператварыла Арахну ў павука, які няспынна тчэ сваю павуціну. Гэты сюжэт выкарыстаны ў карцінах П.​Рубенса, Я.​Тынтарэта, П.​Веранезе і інш.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія німфы, 50 дачок марскога бога Нерэя. Іх імёны ўказваюць на зменлівасць, глыбіню, імклівасць і капрызнасць мора. Лічылася, што Н. добра ставяцца да людзей і дапамагаюць ім у бедствах. Найб. вядомыя з Н.: Амфітрыта (жонка Пасейдона), Фетыда (маці Ахіла), Галатэя.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЛ, Бел,

у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНІС,

у грэчаскай міфалогіі сіцылійскі пастух незвычайнай прыгажосці, стваральнік пастухоўскіх песень. Лічыўся сынам Гермеса і німфы. Паводле адных міфаў, памёр ад безнадзейнага кахання, паводле другіх — быў аслеплены закаханай німфай за здраду і ў адчаі кінуўся са скалы ў мора. Міф пра Д. выкарыстоўваўся ў ант. л-ры (Феакрыт, Вергілій, Лонг) і ў букалічнай паэзіі 17—18 ст.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)