Нім, гл. Элам

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НІМ (Nímes),

горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).

У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст. н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст. значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЗО́ ((Guizot) Франсуа П’ер Гіём) (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл. Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд. т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),

французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.​Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.​Равеля, Д.​Міё, Г.​Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.​Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.

Літ.:

Хентова С. М.​Лонг. М., 1961.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭ́ ((Daudet) Альфонс) (13.5.1840, г. Нім, Францыя — 16.12.1897),

французскі пісьменнік. Ураджэнец Праванса, ён ужо ў першых творах, якія зрабілі яго імя вядомым (зб. вершаў «Закаханыя», 1858; аўтабіягр. раман «Малы», 1868; зб. апавяданняў і нарысаў «Пісьмы з майго млына», 1869), з тонкім лірызмам і мяккім гумарам расказаў пра побыт, норавы, звычаі, паданні сваіх землякоў, з любоўю намаляваў вобраз «маленькага чалавека». На правансальскім матэрыяле напісана і вядомая сатыр. трылогія пра Тартарэна («Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона», 1872; «Тартарэн у Альпах», 1885; «Порт Тараскон», 1890). У вобразе гал. героя ён высмеяў дробнага буржуа, правінцыяльнага абывацеля, фразёра і хвалько. У сац. раманах 1870—80-х г. з гіст. і амаль дакументальнай канкрэтнасцю, паказаў сучасную яму Францыю, стварыў трапныя сатыр. вобразы драпежных дзялкоў і паліт. авантурыстаў («Фрамон малодшы і Рыслер старэйшы», 1874; «Набоб», 1877; «Каралі ў выгнанні», 1879), прадажных журналістаў і рэліг. фанатыкаў («Нума Руместан», 1881; «Евангелістыка», 1883), бяздарных артыстаў і лжэвучоных («Сафо», 1884; «Бессмяротны», 1885). Аўтар п’ес («Арлезіянка», 1872, і інш.), успамінаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—7. М., 1965.

Літ.:

История всемирной литературы. Т. 7. М., 1990.

Т.​У.​Кавалёва.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕДО́К (Languedoc),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на Пд Францыі; на З ад ніжняга цячэння р. Рона паміж Цэнтр. масівам, узбярэжжам Міжземнага м. і Пірэнеямі. На тэр. Л. дэпартаменты Усх. Пірэнеі, Од, Эро, Гар, Лазер і частка некалькіх суседніх. Пл. 42,1 тыс. км². Нас. каля 2,5 млн. чал. (1995). Гал. горад Тулуза. Гал. раён вінаградарства і вінаробства. Прам-сць: харч., лёгкая, маш.-буд., металаапр., нафтаперапрацоўчая. Асн. прамысл. цэнтры — цэнтры дэпартаментаў: гарады Тулуза, Перпіньян, Нім, Каркасон, Манпелье, Манд; г. Маркуль — цэнтр атамнай прам-сці. Невял. здабыча вугалю і баксітаў. Турызм.

З канца 2 ст. да н.э. рым. правінцыя Нарбонская Галія, з 5 ст. пад уладай вестготаў. У 720 захоплены арабамі, у сярэдзіне 8 ст.франкамі. У сярэдзіне 9 ст. на тэр. Л. ўзнікла Тулузскае графства, у 10—11 ст. буйная феад. дзяржава на Пд Францыі. У 12—13 ст. цэнтр ерэтычнага руху. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 далучаны да франц. кароны (канчаткова ў 1271). Меў правы самакіравальнай правінцыі, з 14 ст. правінцыяльныя штаты, з 1420 парламент. У 16 ст. ў час рэлігійных войнаў значную частку Л. захапілі гугеноты. У 17 ст. пры АЖ.​Рышэльё самакіраванне скасавана. У 17—18 ст. цэнтр антыфеад. руху. У 1791 падзелены на дэпартаменты.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДНІЦКІ ФІ́ЛЬМ,

сістэма жанраў кіно, заснаваных на напружаным сюжэце, нечаканых паваротах падзей, розных прыгодах герояў пры раскрыцці таямніцы, пошуках скарбаў, невядомых зямель, пераадольванні катастроф, барацьбе са злачынцамі і інш. Сфарміраваўся пад уплывам прыгодніцкай літаратуры. У залежнасці ад ідэйнай накіраванасці, гіст., геагр., прасторавых умоў падзяляецца на фільмы падарожжаў (гіст. і сучасныя), вестэрн, трылер, ваен., шпіёнскі, крымінальны, дэтэктыўны фільм, навукова-фантастычны фільм, фэнтэзі, парадыйны фільм. Герой П.ф. павінен валодаць пэўнымі фізічнымі і маральнымі якасцямі, загартаваным характарам, нязломнай воляй, у фантаст. сюжэтах — надзвычайнымі магчымасцямі.

Першы П.ф. — славуты вестэрн і гангстэрскі фільм «Вялікае абрабаванне цягніка» (1903, рэж. Э.​С.​Портэр, ЗША). З 1920-х г. у ЗША пашырыліся гангстэрскія фільмы, у Зах. Еўропе — «фільмы плашча і шпагі» (у т. л. пра мушкецёраў з аднайм. рамана А.​Дзюма, шматлікія варыяцыі прыгод «высакародных ліхадзеяў» Зора, Робін Гуда і інш.). З 1960-х г. у еўрап. і амер. кіно развіваюцца традыц. і абноўленыя мадыфікацыі гангстэрскіх фільмаў («Боні і Клайд», 1967, рэж. А.​Пен; «Хросны бацька», 1972, рэж. Ф.​Копала; «Аднойчы ў Амерыцы», 1984, рэж. С.​Леоне), акультныя («Дзіця Розмары», 1968, рэж. Р.​Паланскі; «Выганяючы д’ябла», 1973, рэж. У.​Фрыдкін), катастроф і жахаў («Прыгоды Пасейдона», 1972, рэж. Р.​Нім; «Аэрапорт-75», 1974, рэж. Дж.​Смайт; «Парк юрскага перыяду», 1993, рэж. С.​Спілберг), на ваен. тэму («Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу», 1963, рэж. С.​Кубрык; «Зялёныя берэты», 1968, рэж. Дж.​Уэйн; «Жалезны крыж», 1977, рэж. С.​Пекінпа; «Паляўнічы на аленяў», 1978, рэж. М.​Чыміна; «Апакаліпсіс сёння», 1979, рэж. Копала), філасофска-фантаст. (серыял «Зорныя войны», з 1977, рэж. Дж-Дукас; «Неба над Берлінам», 1987, рэж. В.​Вендэрс; «Пяты элемент», 1998, рэж. Л.​Бесон) фільмы. У канцы 1980—90-х г. вызначыўся постмадэрнісцкі кірунак П.ф.: «Повар, злодзей, яго жонка і каханак» (1989, рэж. П.​Грынуэй), «Крымінальная чытаніна* (1994, рэж. К.​Таранціна), «Рассякаючы хвалі» (1996, рэж. С.​Ларс фон Трыер), «Шырока заплюшчаныя вочы» (1999, рэж. Кубрык) і інш. У рас. кінематографе 1920-х г. элементы П.ф. спалучаліся з ідэйнай рэв. скіраванасцю («Чырвоныя д’ябаляты», 1923, рэж. І.​Перэстыяні; «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», рэж. Л.​Куляшоў; «Прыгоды Акцябрыны», рэж. Р.​Козінцаў і Л.​Траўберг; «Аэліта», рэж. Я.​Пратазанаў; усе 1924). У 1930-я г. адымаліся фільмы пра навук. экспедыцыі («Залатое возера», 1935, рэж. У.​Шнейдэраў; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.​Герасімаў), падарожжы («Дзеці капітана Гранта», 1936; «Востраў скарбаў», 1938, рэж. абодвух У.​Вайншток), шпіёнскія фільмы («Джульбарс», 1936, рэж. У.​Шнейдэраў), з 1940-х г.ваен. («Сакратар райкома», 1942, рэж. І.​Пыр’еў; «Смелыя людзі», 1950, рэж. К.​Юдзін; «А досвіткі тут ціхія...», 1972, рэж. С.​Растоцкі; тэлесерыял «Семнаццаць імгненняў вясны», 1973, рэж. Т.​Ліёзнава; карціны пра міжнар. адносіны («Сакрэтная місія», рэж. М.​Ром, 1950; «Мёртвы сезон», 1968, рэж. С.​Куліш), рэв. тэматыкі («Няўлоўныя мсціўцы», 1967, рэж. Э.​Кеасаян; «Белае сонца пустыні», 1969, рэж. У.​Матыль; «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974, рэж. М.​Міхалкоў). Сярод лепшых П.ф. 1970—90-х г.: фантастычна-філас. прытчы «Салярыс» (1972), «Сталкер» (1980, абодва рэж. А.​Таркоўскі), таксама фільмы пра тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы: «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1975, рэж. М.​Швейцэр), «Экіпаж» (1980, рэж. А.​Міта) і інш.

У бел. кінематографе жанр П.ф. развіваецца з 2-й пал. 1920-х г. («Лясная быль», 1926, рэж. Ю.​Тарыч; «Кастусь Каліноўскі», 1928, рэж. У.​Гардзін). У 1930-я г. структурныя прыкметы П.ф. выявіліся ў фільмах-экранізацыях «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.​Файнцымер), «Салавей» (1937, рэж. Э.​Аршанскі), карцінах пра «ворагаў народа», шпіёнаў, дыверсантаў: «Вораг ля парога» (1931, рэж. Л.​Анцы-Палоўскі), «Дачка Радзімы» (1938, рэж. У.​Корш-Саблін) і інш. З 2-й пал. 1940-х г. пераважалі П.ф. пра рэвалюцыю і гіст. — «Чырвонае лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), ваен. тэматыкі — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін, Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.​Фігуроўскі), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Б.​Сцяпанаў), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.​Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.​Князеў), «У жніўні 44-га» (2000, рэж. М.​Пташук), тэлевізійныя «Руіны страляюць» (1971—72, рэж. В.​Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.​Шульман), «Дзяржаўная граніца» (1980—84). У 1980—90-я г. пашырыліся гісторыка-прыгодніцкія экранізацыі з элементамі дэтэктыва («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, рэж. В.​Рубінчык; «Чорны замак Альшанскі», 1983, рэж. Пташук; «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», 1994, рэж. В.​Тураў), дэтэктывы і трылеры («Уік-энд з забойцам», 1992, рэж. Ю.​Марухін; «Сын за бацьку», 1995, рэж. М.​Яроменка; «Бег ад смерці», 1996, рэж. У.​Дзяругін; «Рэйнджэр з атамнай зоны», 1999, рэж. В.​Нікіфараў), фантаст. фільмы («Адступнік», 1986—87, рэж. Рубінчык; «Кашкадаў Сільвер», 1989, «Анамалія», 1993, рэж. абодвух Ю.​Ялхоў). У жанры П.ф. зняты шэраг фільмаў для дзяцей (гл. ў арт. Дзіцячае кіно), у т. л. «Палескія рабінзоны» (1934, І.​Бахар, П.​Малчанаў), «Корцік» (3 серыі, 1973), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1974, рэж. абодвух М.​Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974. рэж. Рубінчык) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)