Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАПЛА́СТЫКА
(ад гальвана... + пластыка),
спосаб атрымання дакладных метал. копій вырабаў электралітычным асаджэннем. Выкарыстоўваецца для вырабу гальванастэрэатыпаў, хваляводаў, барэльефаў, штампаў грампласцінак і інш.
Робіцца нанясеннем на метал. або неметал. матрыцы слою металу (медзі, нікелю, жалеза), які затым аддзяляюць. Каб метал. слой не счапляўся з матрыцай, перад электролізам наносяць плёнку серабра або нікелю на метал. матрыцу ці дробналускаваты графіт на неметалічную.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЭРЖАКЕ́ТНАЯ ПЕЧ
(англ. water-jacket літар. вадзяная кашуля),
шахтавая плавільная печ, сценкі якой складзены з пустацелых метал. скрынак (кесонаў), што ахалоджваюцца вадой. Выкарыстоўваецца ў металургіі (пры вытв-сці свінцу, медзі, нікелю, волава).
т. 4, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксама арган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).
т. 4, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМЕ́ЛЬ
[ад алюм (іній) + (нік)ель],
сплаў на аснове нікелю з дамешкамі алюмінію (1,8—2,5%), марганцу (1,8—2,2%) і крэмнію (0,85—2,00%), часам цырконію і кобальту. Магнітны, пластычны, са спалучэннем тэрмаэл. уласцівасцяў і гарачатрываласці. Выкарыстоўваецца ў тэрмапарах (з храмелем) для вымярэння т-ры (20—1000 °C).
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІТАВА́ННЕ
(ад ням. alitieren алітаваць),
дыфузійнае насычэнне паверхні метал. вырабаў алюмініем, разнавіднасць алюмінавання. Выкарыстоўваецца для аховы сталяў, чыгуну, гарачатрывалых сплаваў на аснове нікелю і кобальту ад акіслення пры высокіх т-рах (да 1100 °C), змяншэння схоплівання паверхняў (напр., разьбовых злучэнняў пры эксплуатацыі ў вакууме), павышэння зносаўстойлівасці металаў.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНАЯ АНАМА́ЛІЯ,
участак зямной кары або паверхні Зямлі, які значна адрозніваецца ад сумежных канцэнтрацыяй некат. хім. элементаў або іх злучэнняў. Заканамерна звязаны з пакладамі карысных выкапняў і геал. будовай тэрыторыі. Вылучаюцца анамаліі канцэнтрацыі гелію, газападобных вуглевадародаў, медзі, нікелю, цынку і інш. Геахімічныя анамаліі служаць пошукавай прыкметай.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТРО́Н,
двухэлектродная газаразрадная прылада, запоўненая інертным газам, вадародам або ртутнай парай, з тлеючым або несамастойным дугавым разрадам. Бывае з халодным (газатрон тлеючага разраду) або падагравальным катодам. Катод і анод вырабляюць з нікелю, сталі або графіту. Выкарыстоўваецца ў якасці эл. вентыля з некіроўным эл. разрадам у высакавольтных выпрамніках магутных радыёпрылад.
т. 4, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБАЛА́Н
(ад грэч. asbolos куродым, сажа),
мінерал, водны вокісел марганцу, кобальту і нікелю пераменнага саставу; кобальтавы вад, (Co, Ni)O·MnO2·nH2O. Прымесі ванадыю, цынку. Пераважна аморфны. Утварае сажыстыя зямлістыя масы, нацечныя агрэгаты. Колер чорны з сіняватым адлівам. Цв. 4—5. Шчыльн. 3,4 г/см³. Трапляецца ў невял. намнажэннях у кары выветрывання нікеляносных серпенцінаў. Патэнцыяльная кобальтавая руда.
т. 1, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНАПІРЫ́Т
(ад лац. arsenicum + пірыт),
мыш’яковы калчадан, мінерал класа сульфідаў FeAsS. Прымесі кобальту, нікелю, золата і інш. Крышталізуецца ў манакліннай або трыкліннай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, зросткі, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв, 5,6—6 г/см³. Шчыльн. 5,9—6,3 г/см³. Тыповы мінерал гідратэрмальных (у т. л. часта залатаносных), радзей пегматытавых і кантактава-метасаматычных радовішчаў. Руда мыш’яку, іншы раз кобальту і золата.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)