Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Нёўда (р.) 6/597; 7/352 (к.), 495; 10/157
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЁЎДА,
вёска ў Ваўковіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., каля р.Нёўда, на аўтадарозе Баранавічы—Навагрудак. Цэнтр саўгаса. За 4 км на Пд ад г. Навагрудак, 166 км ад Гродна, 28 км ад чыг. ст. Наваельня. 304 ж., 114 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁЎДА, Нявода, Палужанка,
рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас.р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 240 км². Пачынаецца каля в.Нёўда Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі. Упадае ў р. Сэрвач на Пн ад в. Беразавец. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 2—3 км, са стромкімі схіламі, выш. да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шыр. 100—500 м. Рэчышча моцна звілістае, ад в. Аколіца да вусця каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЧА́ТКА, Зенчанка, Малюшыца,
рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р.Нёўда (бас.р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 61 км². Пачынаецца каля в. Міратычы, на ўсх. схілах Навагрудскага ўзв. На працягу 6,2 км ад вусця каналізаваная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУ́ЖЖА,
вёска ў Карэліцкім пас. Савеце Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р.Нёўда. Цэнтр племзавода «Карэлічы». За 6 км на ПдЗ ад г.п. Карэлічы, 191 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 603 ж., 120 двароў (2000). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕЎКА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р.Нёўда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пд ад Навагрудка, 178 км ад Гродна, 29 км ад чыг. ст. Наваельня, на скрыжаванні аўтадарог Баранавічы—Навагрудак і Наваельня—Карэлічы. 570 ж., 235 двароў (1996).
Згадваецца ва ўспамінах Ф.М.Еўлашоўскага (1602). У 17 ст. належала Курчам, пазней — Незабытоўскім, набыла статус мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Райчанскай вол. Навагрудскага пав. У 1830 канфіскавана царскім урадам. У 1886 — 126 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Валеўскага раёна. З 25.11.1940 да 1962 у Карэліцкім р-не. У 1970 — 434 жыхары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (18 ст.). Каля Валеўкі стаянка эпохі мезаліту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
частка фізіка-геагр. раёна Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады на У Гродзенскай і Пн Брэсцкай абласцей. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на З, Пн і ПнУ, Стаўбцоўскай раўнінай на У, Капыльскай градой і Баранавіцкай раўнінай на ПдУ і Пд, Слонімскім узв. на ПдЗ. Выш. да 323 м (Замкавая гара). Пл. 3550 км². Выцягнута з Пн на Пд на 72 км, з З на У на 45—50 км. Раўніны і даліны рэк, якія акаймоўваюць Н.ў., знаходзяцца на выш. 165—175 м, на Пд — да 180—200 м.
Н.ў. прымеркавана да Цэнтральнабел. масіву Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты на цэнтр. і паўн.-ўсх. участках верхнявендска-ніжнекембрыйскім комплексам парод, на паўд. — сярэднерыфейска-ніжнекембрыйскім. Тоўшча даантрапагенавых парод (магутнасць больш за 200 м) пераважна складаецца з мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, якія на асобных участках у выніку дзейнасці ледавікоў моцна дэфармаваны. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць 60—316 м) суцэльным чахлом перакрывае даантрапагенавыя пароды. У ёй найб. развіты ледавіковыя адклады ранняга і сярэдняга плейстацэну. Складзена з пясчана-жвіровага матэрыялу, валунных суглінкаў і супескаў з удзелам адорвеняў даантрапагенавых парод, а таксама азёрных і балотных намнажэнняў міжледавіковых эпох. У час паазерскага зледзянення ў пародах Н.ў. ўзніклі мярзлотныя дэфармацыі, намнажаліся лёсавыя ўтварэнні (магутнасць да 8 м).
Перадумовы ўзнікнення Н.ў. абазначыліся ўжо ў рэльефе крышт. фундамента, дзе выяўлена серыя невял. выступаў. Першыя ледавікі стварылі ядро ўзвышша. Канчаткова рэльеф Н.ў. сфарміраваўся ў выніку дняпроўскага зледзянення і сожскага зледзянення. На Н.ў. вылучаюць 3 тыпы рэльефу. Градава-ўзгорыстыя краявыя ўтварэнні ў цэнтры ўзвышша, на Пд ад г.п. Дзятлава і на ўчастках, што прылягаюць да далін рэк Моўчадзь, Нёўда, Сэрвач, Валоўка. Выш. 300—320 м, глыб. расчлянення 30—60 м/км². Даўж. град да 20—30 км. Спадзіста-выпуклыя схілы расчлянёныя мноствам стараж. лагчын ледавіковага сцёку і ярамі. Узгорыста-марэнны дэнудацыйны рэльеф на б.ч. ўзвышша. Выш. 170—250 м, адносныя перавышэнні 10—30 м. Густата расчлянення да 2—3 км/км². Узгорыста-марэнны рэльеф на лёсападобных пародах вызначаецца згладжанымі і платопадобнымі водападзельнымі паверхнямі і інтэнсіўным ярыста-лагчынным (3—5 км/км²) расчляненнем схілаў. Водна-ледавіковая раўніна нешырокай паласой акаймоўвае зах. схіл узвышша. Далінныя зандры развіты ўздоўж р. Моўчадзь і яе прытокаў. На плоскіх паверхнях трапляюцца тэрмакарставыя западзіны, занятыя балотамі. Карысныя выкапні: мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, Навасёлкаўскае радовішча жалезных руд. Сярэднія т-ры студз. -6,6 °C, ліп. 17,4 °C, ападкаў 706 мм за год (г. Навагрудак). Рачная сетка належыць да бас. Нёмана. Н.ў. перасякае р. Моўчадзь, на схілах вытокі рэк Іса, Мышанка, Шчара, Сэрвач. Нёўда, Валоўка. На Пд ад г. Навагрудак воз. Свіцязь. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-балотныя, дзярновыя, перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі; лясы яловыя, яловыя з дамешкамі дубу, грабу, ясеню, вязу, клёну; дубровы. Па тэрасах р. Моўчадзь — хваёвыя бары, па далінах рэк і сухадолах — лугі. Пад ворывам 41% тэрыторыі.