ЛІСО́ЎСКІ (Міхаіл Якаўлевіч) (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),

бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.Брыля, Я.Семяжона (абодва 1967), Н.Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ. жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.

М.Лісоўскі. Настаўніца. 1960.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),

спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.

Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.Хогарту, Дж.Гілрэю (Англія), Ж.Гросу (Германія), Ф.Гоі (Іспанія), А.Дам’е, П.Гаварні (Францыя), Х.Бідструпу (Данія), І.Церабянёву, А.Венецыянаву, П.Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).

У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.Баргэльса, К.Бахматовіча, Я.Дамеля, М.Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.Быхоўскі, П.Гуткоўскі, Я.Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, В.Сідаровіч). У Вял. Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.Букаты, В.Козак, Г.Вальк, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.Лісоўскі, Я.Бусел, Р.Грамыка, М.Гурло, В.Ждан, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.

Літ.:

Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;

Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;

Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;

Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.

В.Ф.Шматаў.

Да арт. Карыкатура. П.Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.
Да арт. Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Свята пчалы. Мн., 1975;

Белая яблыня грому. Мн., 1979;

Вечалле. Мн., 1980;

Паэмы прызвання. Мн., 1982;

Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;

Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;

Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;

Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;

Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;

Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;

Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;

Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр. тв. Мн., 1984. Т. 1;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.

Л.М.Гарэлік.

Р.І.Барадулін.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)