АНАКАЛУ́Ф (ад грэч. anakoluthos непаслядоўны, няправільны),
стылістычная фігура ў паэтыцы, лагічная ці сінтаксічная няўзгодненасць асобных частак выказвання. Напр.: «Празрыстае — можна каменне злічыць, // Блакітнае — неба ў ім палавіна, // Багатае — рыба лускою блішчыць, // Магутнае — слова ад бацькі і сына» (М.Лужанін. «Запрашэнне на возера Нарач»). У маст. творы дапамагае індывідуалізаваць мову персанажа, надаць ёй асаблівы каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах.ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш.Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЧАГО́Ў (Чычагаў) Павел Васілевіч
(6.7.1767, С.-Пецярбург — 1.9.1849),
расійскі адмірал (1807). Сын В.Я.Чычагова. У час рус.-швед. вайны 1788—90 камандзір лінкора, нач. экспедыцыі па высадцы дэсанта ў Галандыі (1799). З 1802 таварыш (нам.) міністра, са снеж. 1802 да 1811 (фактычна да 1809) міністр марскіх спраў. З крас. 1812 галоўнакамандуючы Дунайскай арміяй, гал.нач. Чарнаморскага флоту і ген.-губернатар Малдавіі і Валахіі. У вер. 1812 Дунайская армія ў раёне Луцка аб’яднана з 3-й арміяй пад камандаваннем Ч. Паводле плана М.І.Кутузава 3-я армія сумесна з корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна павінна была перакрыць шляхі адыходу арміі Напалеона на р. Бярэзіна. 13 ліст. каля в. Новы Свержань рас. войскі адцяснілі атрад Ф.К.Касецкага і разбілі яго ў Койданаўскім баі 1812. 16 ліст. армія Ч. авалодала Мінскам. Авангард Ч. атакаваў войскі ген. Я.Г.Дамброўскага ў Барысаве (гл.Барысаўская бітва 1812) і захапіў горад. Але 23 ліст.рас. войскі выбіты з Барысава корпусам ген. Н.Ш.Удзіно, які пачаў падрыхтоўку да пераправы цераз Бярэзіну асн. сіл франц. арміі. Уведзены ў зман дзеяннямі франц. войск і актывізацыяй польскіх войск каля Свіслачы і аўстр. пад Нясвіжам, Ч. 24—25 ліст. перамясціў большую частку сваіх войск з-пад Барысава на Пд да мяст. Забашавічы, а атрад Я.І.Чапліца — да Барысава. Гэта дазволіла французам захапіць плацдарм на правым беразе Бярэзіны, які Ч. не здолеў ліквідаваць (гл. ў арт.Студзёнка), што дало магчымасць большасці франц. войск пераправіцца цераз Бярэзіну і адысці да Вільні. Пралікі Ч. і Вітгенштэйна, няўзгодненасць дзеянняў асобных вайск. груповак не дазволілі завяршыць разгром франц. арміі (гл. таксама Чашніцкія баі 1812). Аднак грамадская думка Расіі ўсю віну за правал аперацыі ўсклала на Ч. Яго армія яшчэ некат. час праследавала праціўніка, але ў снеж. 1812 яе перадалі пад камандаванне Вітгенштэйна. У лют. 1813 Ч. звольнены ў адстаўку. Выехаў за мяжу; жыў у Італіі і Францыі. Пакінуў мемуары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ЯПО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1904—05,
вайна паміж Расіяй і Японіяй за перадзел сфер уплыву на Д.Усходзе, за панаванне ў Паўн.-Усх. Кітаі і Карэі. Узнікла ва ўмовах абвастрэння рас.-яп. супярэчнасцей у канцы 19 — пач. 20 ст. З абодвух бакоў насіла захопніцкі характар. У выніку япона-кітайскай вайны 1894—95 Японія захапіла ч.тэр. Кітая. Расія ў 1896 заключыла дагавор з Кітаем на буд-ваКітайскай Чанчуньскай чыгункі, у 1898 узяла ў арэнду Квантунскі п-аў з Порт-Артурам (Люйшунем), у час задушэння Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901) акупіравала Маньчжурыю. Інш. дзяржавы, занепакоеныя ўзмацненнем пазіцый Расіі і Японіі ў Кітаі, імкнуліся падштурхнуць абедзве краіны да ваен. канфлікту. Англа-яп. пагадненне 1902 спрыяла падрыхтоўцы Японіі да вайны. Пра свой нейтралітэт у гэтым канфлікце заявілі Германія і Францыя. Расія лічыла Японію слабым праціўнікам і спадзеючыся на лёгкую перамогу, не рыхтавалася належным чынам да вайны. Сілы Японіі ў пач. вайны на Д.Усходзе значна пераўзыходзілі расійскія: яп. армія налічвала больш за 375 тыс.чал., 1140 гармат, 147 кулямётаў, флот — 80 баявых караблёў, што ў 3 разы перавышала рас. войскі ў жывой сіле, у 8 разоў у артылерыі, у 18 разоў у кулямётах, у 1,3 раза ў караблях. Рас. план прадугледжваў часткай войск стрымліваць яп. армію, абараняць Порт-Артур, потым перайсці ў наступленне, разграміць праціўніка і высадзіцца на Японскіх астравах. Японцы меркавалі нечаканым ударам знішчыць рас. флот, перакінуць войскі на мацярык, захапіць рас.ваен.-марскую базу Порт-Артур і разграміць рас. армію ў Маньчжурыі. Вайна пачалася нечаканым нападам у ноч на 9.2.1904 яп. флоту на рас. эскадру ў Порт-Артуры (гл.Порт-Артура абарона 1904—05): У карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон) яп. флот напаў на крэйсер «Вараг» і кананерскую лодку «Карэец». Пасля цяжкага бою пашкоджаны «Вараг», затоплены камандай, а «Карэец» узарваны. Праз суткі Японія афіц. абвясціла вайну Расіі. Яп. флот заблакіраваў рас. эскадру ў Порт-Артуры, перакінутыя на мацярык сухап. войскі ў крас. 1904 пачалі актыўныя дзеянні. Пасля баёў на р. Ялу, каля Цзіньчжоў і Вафангоў (крас.—чэрв. 1904) рас. армія пакінула Карэю і Ляадунскі п-аў. Баі на сушы і моры сведчылі пра няўзгодненасць дзеянняў рас. вышэйшага камандавання (ген. А.М.Курапаткін, адм. Я.І.Аляксееў і інш.). Рас. армія пацярпела паражэнне і пад Ляаянам (гл.Ляаянская бітва 1904). З абложанага Порт-Артура рас. эскадра спрабавала прарвацца ва Уладзівасток, але беспаспяхова. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага р-на А.М.Стэсель здаў крэпасць Порт-Артур. Паражэнне рас. арміі ў Мукдэнскай бітве 1905, разгром 2-й рас. Ціхаакіянскай эскадры ў Цусімскім баі 1905 выклікалі незадавальненне насельніцтва, што паскорыла пачатак рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У выніку абодва бакі апынуліся ў цяжкім эканам. становішчы. Паводле Портсмуцкага мірнага дагавора 1905 Японія набыла перавагу ў Карэі, ёй перададзена паўд.ч. Сахаліна, арэндныя правы Расіі на Квантунскую вобл. (з Порт-Артурам) і ветку Кітайскай Чанчуньскай чыг.Рас.-яп. пагадненне дало Японіі права рыбалоўства ўздоўж усяго далёкаўсходняга ўзбярэжжа Расіі. У гэтай вайне ўдзельнічалі і таленавітыя рас. военачальнікі (С.В.Макараў, Р.І.Кандраценка), масавы гераізм паказалі салдаты і матросы, многія афіцэры і генералы, сярод якіх вызначыліся і ўраджэнцы Беларусі. У вайне ўпершыню ўжыта скарастрэльная зброя — гарматы і кулямёты, з’явіліся мінамёты і ручныя гранаты, набыты вопыт выкарыстання ў ваен. мэтах радыё, аэрастатаў, пражэктараў і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Тайны русско-японской войны. М., 1993;
О.Митрофан Сребрянский. Дневник полкового священника, служащего на Дальнем Востоке. М., 1996;