МАЛ (паводле інш. крыніц, Ніскін, Ніскіня — маларослы чалавек; ? — 946),

князь драўлян у 1-й пал. 10 ст. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», узначаліў паўстанне жыхароў г. Іскорасцень супраць спробы вял. кіеўскага князя Ігара паўторна сабраць даніну, у час якога Ігара забілі (945). Драўляне няўдала спрабавалі ажаніць М. з удавой Ігара кн. Вольгай. У 946 войска Вольгі захапіла Іскорасцень, М. паводле яе загаду пакараны смерцю.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XVI (Louis; 23.8.1754, г. Версаль, Францыя —21.1.1793),

кароль Францыі [1774—92]. З дынастыі Бурбонаў. Унук Людовіка XV [1715—74]. Правіў ва ўмовах вострага эканам. і сац.-паліт. крызісу. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 вымушана супрацоўнічаў з Устаноўчым сходам і Заканадаўчым сходам. У 1791 няўдала спрабаваў уцячы за мяжу. Скінуты з прастола ў выніку нар. паўстання 10.8.1792. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе (тайныя зносіны з урадамі краін антыфранц. кааліцыі, выдача ім ваен. планаў Францыі ў 1792) і паводле прыгавору суда Канвента пакараны смерцю (гільяцінаваны).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКО́ЗАЎ (Дзмітрый Уладзіміравіч) (4.11.1840, с. Жмакіна Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 15.9.1866),

удзельнік рас. рэв. руху. Вучыўся ў Казанскім (1861, 1863—64) і Маскоўскім (1864—65) ун-тах. Чл. радыкальнага крыла ішуцінскага гуртка. З 1866 у Пецярбургу, распаўсюджваў сваю рукапісную пракламацыю «Сябрам-рабочым» з заклікам да рэв. дзеянняў. У крас. 1866 няўдала страляў у Аляксандра II. Пакараны смерцю.

Літ.:

Зильберман Е.Г., Холявин В.К. Выстрел: Очерки жизни и рев. борьбы Дмитрия Каракозова. Казань. 1968;

Ерошкин Н.П. Выстрел у Летнего сада // Вопр. истории. 1993. № 7.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРКУ́ША Ілья, адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час нар.-вызв. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. Нарадзіўся ў Быхаве. Палкоўнік Запарожскага войска. У 1648 з атрадам прыйшоў з Украіны на Беларусь, дзе да яго далучыліся бел. паўстанцы-сяляне. Каля мяст. Горваль перамог атрад войск ВКЛ. У снеж. 1648 няўдала асадзіў Стары Быхаў. У 1651 па дарозе да Чачэрска і ў баі пад Чэрыкавам яго атрад разбіты. У жн. 1651 па загадзе Б.​Хмяльніцкага з атрадам адправіўся па Дняпры да Кіева. У сак. 1654, магчыма, пасол Хмяльніцкага ў Маскве.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.

Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.​Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.

В.​І.​Мялешка.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-МАГО́Н ((Mac-Mahon) Мары Эдм Патрыс Марыс) (13.6.1808, замак Сюлі, Францыя — 17.10.1893),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Францыі. Нашчадак стараж. ірл. роду. Маршал Францыі (1859). Скончыў Сен-Сірскую ваен. школу (1827). З 1830 удзельнічаў у заваяванні Алжыра. У Крымскую вайну 1853—56 дывізія М.-М. 8.9.1855 авалодала пад Севастопалем Малахавым курганам, што прадвызначыла падзенне горада. Удзельнік аўстра-італа-французскай вайны 1859. У 1864—70 ген.-губернатар Алжыра. У час франка-прускай вайны 1870—71 няўдала камандаваў арміяй, разам з якой трапіў ў палон да герм. войск пасля паражэння пад Седанам (1870). Пасля вяртання з палону камандуючы арміяй, якая задушыла Парыжскую камуну 1871. Прэзідэнт франц. рэспублікі ў 1873—79. У 1877 удзельнічаў у падрыхтоўцы няўдалай спробы манархічнага дзярж. перавароту. У студз. 1879 датэрмінова пайшоў у адстаўку.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916, Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916,

наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.​Е.​Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.​Ф.​Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.

А.​М.​Бабкоў.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson) Генры (каля 1550, Вялікабрытанія — 1611), англійскі мараплавец. У пошуках паўн. марскога шляху з Атлантычнага ак. ў Ціхі здзейсніў 4 плаванні ў арктычных морах, арганізаваныя лонданскімі і амстэрдамскімі купцамі, якія шукалі новыя шляхі ў Кітай і Індыю. У 1607 імкнуўся прайсці ў Ціхі ак. праз Паўн. полюс, падняўся да 80°23 паўн. ш., адкрыў в-аў Ян-Маен. У 1608 няўдала спрабаваў знайсці праход паміж а-вамі Шпіцберген і Новая Зямля. У 1609 накіраваўся ў Баранцава м., а адтуль да берагоў Паўн. Амерыкі для пошукаў Паўн.-Зах. праходу, абследаваў частку ўзбярэжжа мацерыка, адкрыў вусце ракі (пазней названа яго імем) і падняўся па ёй на 250 км. У 1610 прайшоў на З пралівам паміж Лабрадорам і Бафінава Зямлёй і адкрыў вял. заліў (пазней названы яго імем). У яго паўд. ч. (зал. Джэймс) карабель Гудзона зазімаваў. У чэрв. 1611 на зваротным шляху каманда ўзбунтавалася. Гудзон з сынам і 7 маракамі былі высаджаны з карабля ў шлюпку і прапалі без вестак.

т. 5, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЯ́Н (Анастас Іванавіч) (25.11.1895, с. Санаін Туманянскага р-на, Арменія — 21.10.1978),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Брат А.І.Мікаяна. Скончыў арм. духоўную семінарыю ў Тбілісі. Чл. КПСС (з 1915), яе ЦК (1923—76), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1936—66, канд. з 1926). У 1917—20 на кіруючай парт. рабоце ў Тбілісі і Баку (у. 1918 няўдала спрабаваў выратаваць бакінскіх камісараў), У 1920—26 — у Ніжнім Ноўгарадзе і Паўн.-Каўк. краі. З 1926 ва ўрадзе СССР: нарком знешняга і ўнутр. гандлю (1926—30), забеспячэння (1930—34), харч. прам-сці (1934—38), знешняга гандлю (1938—46), нам. старшыні Саўнаркома (1937—46). Адначасова ў Вял. Айч. вайну чл. Дзярж. к-та абароны (1942—45). У 1946—64 нам., 1-ы нам. (з 1955) старшыні СМ СССР, адначасова міністр знешняга гандлю (да 1949), унутр. і знешняга гандлю (1953), гандлю (1953—55) СССР. У 1964—65 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),

Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)