ПРАГУ́Л,
няяўка работніка на работу або адсутнасць яго на рабоце без уважлівых прычын больш за 3 гадз на працягу прац. дня. Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — адна з падстаў для скасавання прац. дагавора (кантракта) да заканчэння тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка. Існуе таксама паняцце т.зв. вымушанага П., які адбываецца з прычыны незаконнага звальнення работніка. Пры аднаўленні яго на рабоце па рашэнні органа, які разглядаў прац. спрэчку, работніку выплачваецца сярэдні заработак за час вымушанага П.
т. 12, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),
воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.
т. 6, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)