МАКО́ЛЕЙ ((Macaulay) Томас Бабінгтан) (25.10.1800, Ротлі-Тэмпл, Вялікабрытанія — 28.12.1859),

брытанскі гісторык і паліт. дзеяч. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. У 1833—38 чл. Вярх. савета пры віцэ-каралю Індыі: кіраваў складаннем крымін. кодэкса, правёў рэформу асветы, накіраваную на пашырэнне сеткі школ і прымусовае ўкараненне англ. культуры і мовы. Ваен. міністр Вялікабрытаніі ў 1839—41. Выступаў супраць ідэі ўсеагульнага выбарчага права, у якім бачыў пагрозу цывілізацыі. Аўтар «Гісторыі Англіі» з 1685 па 1702 (т. 1—5, 1849—61), а таксама папулярных гіст. твораў, дзе ў бліскучай літ. форме паказваў гісторыю Англіі як няспынны рух да росквіту пад кіраўніцтвам вігаў. Самай значнай падзеяй сусв. гісторыі лічыў англ. «Слаўную рэвалюцыю» (дзярж. пераварот 1688—89).

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

аптымальнае спалучэнне рабочай сілы, сродкаў і прадметаў працы ў працэсе вытв-сці тавараў (паслуг) на аснове падзелу працы, абавязкаў і пэўнай іерархічнай структуры з мэтай дасягнення максімальнай сац.-эканам. эфектыўнасці. Ахоплівае асн., дапаможную і абслуговую вытв-сць, а таксама кіраванне вытворчасцю як гарманічна ўвязаныя звёны адзінага працэсу вырабу прадукцыі. Арганізацыя вытворчасці павінна забяспечыць: бесперапыннасць (выкарыстанне сродкаў працы з мінімальнымі стратамі часу, няспынны рух прадметаў працы праз усе стадыі вытв-сці), прапарцыянальнасць (узаемная адпаведнасць сумежных участкаў, што дазваляе больш поўна выкарыстаць іх вытв. магутнасці), рытмічнасць (раўнамерны выпуск прадукцыі і выкананне аднолькавага аб’ёму работ у роўныя адрэзкі часу). Найважнейшыя формы арганізацыі вытворчасці: камбінаванне, канцэнтрацыя, спецыялізацыя. Важнейшыя метады арганізацыі вытворчасці: непаточны, паточны, аўтаматызаваны; адзінкавы серыйны і масавы тыпы вытв-сці. Кожнае прадпрыемства канкрэтызуе арганізацыю вытворчасці з улікам асаблівасцяў сваёй галіны, віду прадукцыі (паслуг), ступені падзелу працы. Існуюць і агульныя, характэрныя для ўсіх прадпрыемстваў стадыі арганізацыі вытворчасці: тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці (праектаванне, вытв-сць новых відаў прадукцыі і арганізацыя для гэтых мэтаў канструктарскай, тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці); стварэнне рацыянальнай вытворчай структуры і арганізацыя асноўных вытворчых працэсаў (склад і структура вытв. падраздзяленняў, рэгламент іх работы, забеспячэнне бесперабойнасці вытв. працэсу); тэхнічнае абслугоўванне вытворчасці (кваліфікаванае абслугоўванне найперш асн. вытв-сці, каб забяспечыць рытмічны выпуск прадукцыі высокай якасці); функцыянальная дзейнасць прадпрыемства (аператыўная, кваліфікаваная і ўзаемазладжаная работа спецыялістаў усіх службаў); рацыянальная арганізацыя кіравання вытворчасцю. На ўсіх стадыях арганізацыі вытворчасці найважнейшае значэнне мае рацыянальная арганізацыя працы. Асн. патрабаванні да вытв. структуры: прастата, гнуткасць і эканамічнасць, якія дасягаюцца змяншэннем колькасці вытв. падраздзяленняў, іх узбуйненнем, пераходам на бясцэхавую структуру кіравання, укараненнем найноўшых тэхнікі і тэхналогій, спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці. Эфектыўнасць арганізацыі вытворчасці заключаецца ў змяншэнні выдаткаў вытв-сці, павышэнні прадукцыйнасці працы. Абагульняльны паказчык эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці — павелічэнне прыбытку ад рэалізаванай прадукцыі ў разліку на 1 руб. сродкаў, укладзеных у работу прадпрыемства.

Г.​Я.​Кажэкін.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)