ПЛОСКАСТУПНЁВАСЦЬ,
дэфармацыя ступні з устойлівым памяншэннем вышыні яе зводаў амаль да іх поўнага знікнення. Бывае падоўжаная і папярочная (магчыма спалучэнне абедзвюх форм). Прыроджаная П. назіраецца вельмі рэдка, набытую П. падзяляюць на статычную (ад перагрузкі, асабліва ў час росту арганізма). рахітычную (пры рахіце), траўматычную (пасля пералому ладыжак шчыкалатак* або касцей ступні), паралітычную (пасля поліяміэліту). Прыкметы П.: хуткая стамляльнасць ног, ныючы боль у ступнях, бывае ацёк ступні. Лячэнне артапедычнае.
т. 12, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДАНТЫ́Т, перыцэментыт,
запаленне тканак (перыядонту), што акружаюць корань зуба. Адрозніваюць востры, хранічны і хранічны ў стадыі абвастрэння. Паводле ступені пашыранасці паталаг. працэсу П. падзяляюць на ачаговы і дыфузны. Узнікае ад інфекцыі (напр., нявылечаны пульпіт), траўмы (напр., пералом зуба ад удару, раскусвання арэхаў), таксічнага ўздзеяння лек. сродкаў (напр., мыш’яковістай пасты). Прыкметы: ныючы боль, які ўзмацняецца пры націсканні на зуб, прыпухласць і пачырваненне дзясны вакол хворага зуба. Запаленчы працэс пашыраецца ад цеплавых працэдур. Лячэнне стаматалагічнае.
т. 12, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)