АКСАЛА́ТЫ,

вытворныя шчаўевай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Аксалаты (эфіры) — вадкасці (напр., дыэтылаксалат C2H5OOC—COOC2H5, tкіп 185,4 °C), растваральныя ў спіртах, эфірах, нерастваральныя ў вадзе. Атрымліваюць этэрыфікацыяй шчаўевай к-ты адпаведным спіртам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смолаў, вытворных цэлюлозы. Аксалаты (солі) — крышт. рэчывы, раскладаюцца без плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. Пашыраны ў прыродзе: водарасці, грыбы, лішайнікі, папараці маюць у саставе аксалаты кальцыю; мінералы — аксалаты жалеза. Выкарыстоўваюцца як рэагенты ў аналітычнай хіміі, як праяўляльнікі ў фатаграфіі і інш. Утварэнне аксалата кальцыю ў арганізме чалавека — прычына ўзнікнення нырачна- і жоўцекамянёвай хваробы.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЙ СІСТЭ́МЫ ХВАРО́БЫ,

хваробы нырак, мачаточнікаў, мачавога пузыра, мочаспускальнага канала ў чалавека і жывёл. Бываюць прыроджаныя, набытыя, вострыя і хранічныя. У норме функцыі органаў мочавыдзяляльнай сістэмы ўзаемазвязаны, і хвароба аднаго з іх вядзе да функцыян. парушэнняў інш. органаў. Вял. група хвароб уключае заганы (анамаліі) развіцця органаў мочавыдзяляльнай сістэмы (гідранефроз, падваенне нырак, мачаточнікаў і мочаспускальнага канала, прыроджаныя звужэнні мочаспускальнага канала і інш.). Найб. пашырана група запаленчых хвароб: запаленне ныркі (нефрыт), ныркі і нырачнай лаханкі (піеланефрыт), розныя формы запалення мачавога пузыра (цыстыты), мочаспускальнага канала (урэтрыт). Да спецыфічных запаленчых хвароб адносіцца туберкулёз нырак, пры якім пашкоджваюцца мачаточнікі і мачавы пузыр. Пры мочакамянёвай хваробе нырак камяні могуць мігрыраваць у мачаточнікі і выклікаць нырачную коліку, выходзіць у мачавы пузыр і па мочаспускальным канале — вонкі, што таксама суправаджаецца рэзкімі болямі, затрымкай мачы. Разрастанне камянёў у мачавым пузыры выклікае неабходнасць іх хірург. выдалення. Да М.с.х. належаць дабраякасныя пухліны нырак (ангіёмы, ліпомы, міёмы і інш.) і злаякасныя (нырачна-клетачны рак, папілярныя пухліны нырачных лаханак), якія могуць пашкоджваць таксама мачаточнікі і мачавы пузыр. Рак мочаспускальнага канала сустракаецца значна радзей. Да М.с.х. адносіцца і апушчэнне нырак (нефраптоз), пашкоджанні органаў мочавыдзяляльнай сістэмы. Лячэнне залежыць ад дыягназу.

М.​І.​Доста.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)