Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ ГУК,
асаблівага роду ваганні, якія могуць распаўсюджвацца ў квантавых фермі-вадкасцях (напр., у вадкім геліі-3) пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Абумоўлены адхіленнем ад раўнаважнага значэння функцыі размеркавання элементарных узбурэнняў (квазічасціц), якія існуюць у фермі-вадкасці. Скорасць распаўсюджвання Н.г. адрозніваецца ад скорасці звычайнага гуку. Прадказаны Л.Д.Ландау (1957), эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі (1966). Н.г. можа існаваць таксама ў металах, электроны якіх утвараюць зараджаную фермі-вадкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ ЦЫКЛ,
комплекс будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні падземнай часткі забудовы і ўпарадкаванні ўнутрыквартальных інж. сетак.
Да работ Н.ц. адносяцца: зрэзка і вывазка расліннага грунту; вертыкальная планіроўка буд. пляцоўкі; пракладка ўнутрыквартальных сетак водаправода, каналізацыі, газаправода, цепла- і электразабеспячэння, тэлефона; правядзенне ўнутрыквартальных дарог і праездаў; мантаж трансфарматарных падстанцый і знадворнага асвятлення, унутрыквартальных газарэгулятарных станцый і цеплавых пунктаў; капанне катлаванаў і траншэй пад фундаменты; буд-ва фундаментаў, падвалаў і інш. Комплекс работ Н.ц. ажыццяўляюць спецыялізаваныя арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
высокадакладны метад вымярэння фіз. велічыні, заснаваны на параўнанні яе з адпаведнай мерай, пры якім на нулявую прыладу ўздзейнічае сігнал, прапарцыянальны рознасці паміж лікавымі значэннямі вымернай і вядомай велічынь. У працэсе вымярэння гэтую рознасць даводзяць да нуля (часам аўтаматычна). Н.м.в. вымяраюць эл. велічыні (эрс, напружанні, ёмістасці, супраціўленні і інш.) і неэл. велічыні, пераўтвораныя ў эл. (тэмпературы, ціскі, дэфармацыі і да т.п.) з выкарыстаннем патэнцыёметраў і мастоў вымяральных. Разнавіднасць Н.м.в. — кампенсацыйны метад вымярэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДА́РАЎ (Армен Сяргеевіч) (н. 3.6.1948, г. Адэса, Украіна),
бел. вучоны ў галіне архітэктуры, дызайну і гісторыі дарог. Канд. архітэктуры (1974). Скончыў БПІ (1970). З 1974 у дарожных установах, з 1990 у рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белдарцэнтр» (з 1995 гал. архітэктар, з 2000 нам.ген. дырэктара — гал. архітэктар). У 1992—98 чл.к-та па ландшафтнай архітэктуры аўтамаб. дарог Транспартнага даследчага савета Нац.АН ЗША. Навук. працы па тэарэт. асновах дарожнай архітэктуры. Стварыў арх.-дызайнерскую службу аўтамаб. дарог Беларусі. Аўтар арх. праекта знака «Нулявы кіламетр», устаноўленага на Кастрычніцкай плошчы Мінска (1998).
Тв.:
История и архитектура дорог Белоруссии. Мн., 1978;
Архитектура автомобильных дорог. М., 1986;
Книга о дорогах: Дороги в человеческой цивилизации и культуре. Мн., 2000.
А.С.Сардараў. Знак «Нулявы кіламетр» (Мінск, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
метад вымярэнняў, пры якім вызначаюць рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай фіз. велічынёй, якая ўзнаўляецца з дапамогай меры. Выкарыстоўваецца пры праверцы сродкаў вымярэнняў, выпрабаванні матэрыялаў і вырабаў (параўнанне іх з узорнымі). Д.м.в. ператвараецца ў нулявы метад вымярэнняў, калі рознасць паміж велічынёй, што вымяраецца, і вядомай даводзяць да нуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],
нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявыбарыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.
Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10−8 да 10−24с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.