НО́СТРА (ад італьян. nostro conto наш рахунак),

рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́ЗА НО́СТРА»

(італьян. «Cosa nostra» літар. наша справа),

назва тайнай злачыннай арг-цыі ў ЗША. Узнікла сярод эмігрантаў-сіцылійцаў у пач. 20 ст. як разнавіднасць даўнейшай сіцылійскай мафіі. У час дзеяння «сухога закону» (1920—33) яна зарабіла на кантрабандзе, нелегальнай вытв-сці і распаўсюджанні алкаголю мільярды долараў, з канца 1940-х г. перайшла на вытв-сць і распаўсюджанне наркотыкаў. Здабытыя на злачынных аперацыях сродкі ўкладвае ў легальны бізнес, што дало ёй магчымасць кантраляваць асобныя галіны прам-сці, частку сродкаў масавай інфармацыі, прафсаюзаў, кантактаваць на ўзаемавыгаднай аснове з уплывовымі дзелавымі і паліт. коламі. Складаецца з 24 т.зв. сем’яў (ад 20 да 1000 членаў), што жывуць ў розных гарадах. Ёю кіруе шэф (бос), які мае юрыд. дарадчыка. Дзейнасць гэтых сем’яў і інш. груп, што не з’яўляюцца мафіёзнымі арг-цыямі, каардынуе Нац. злачынны сіндыкат.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭСПАНДЭ́НЦКІ РАХУ́НАК,

рахунак, на якім адлюстроўваюцца разлікі, праведзеныя банкам па даручэнні і за кошт інш. банка на аснове карэспандэнцкага дагавора. Мае 2 віды: «ностра» (рахунак банка ў банку-карэспандэнце) і «лора» (рахунак банка-карэспандэнта ў банку).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ФІЯ [італьян. maf(f)ia],

тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, гвалту, забойстваў і да т.п. Узнікла на в-ве Сіцылія (Італія) спачатку як арганізаваная самаабарона насельніцтва. У 20 ст. ў Італіі, а потым і ў інш. краінах (напр., «Коза ностра» ў ЗША) манапалізавала злачынны бізнес (найперш наркабізнес, ігральныя дамы, прастытуцыю і да т.п.), пранікла ў паліт. сферу. Адметнай рысай М. як крыміналагічнага феномена з’яўляецца сувязь з перажыткамі родаплемянных звычаяў, якія надаюць М. асаблівую ўстойлівасць і ўнутр. згуртаванасць. Часам тэрмінам «М.» пазначаюць усе формы арганізаванай злачыннасці.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)