Носов Г. Я. 8/360

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Носов С. Д. 1/105; 6/475

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Апалон Аляксандравіч) (каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),

рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.​М.​Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.​Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́САЎ (Мікалай Мікалаевіч) (23.11.1908, Кіеў — 26.7.1976),

рускі пісьменнік. Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1932). У 1932—51 кінарэжысёр і мастак-мультыплікатар. Друкаваўся з 1938. Пісаў пераважна для дзяцей. У прозе Н., насычанай гумарам і гульнёй, пед. ідэі і пазнавальны матэрыял праламляюцца праз псіхалогію цікаўнага і смешнага хлопчыка-непаседы: зб-кі апавяданняў «Тук-тук-тук!» (1945), «Прыступкі» (1946), «Фантазёры» (1957, аднайм. фільм 1966), «Прыгоды Толі Клюквіна» (1961, аднайм. фільм 1964), аповесці «Вясёлая сямейка» (1949), «Дзённік Колі Сініцына» (1950), «Віця Малееў у школе і дома» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; экранізацыя пад назвай «Два сябры» 1955) і інш. Трылогія «Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў» (1954), «Нязнайка ў Сонечным горадзе» (1958), «Нязнайка на Месяцы» (1964—65, Дзярж. прэмія Расіі імя Н.​К.​Крупскай 1970) — раман-казка з элементамі навук. фантастыкі і паліт. сатыры. Аўтар «Аповесці пра майго сябра Ігара» (1972), п’ес (зб. «Два сябры», 1962), фельетонаў, сцэнарыяў маст. і анімацыйных фільмаў і інш. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі І.​Грамовіч, А.​Якімовіч і інш. Спектаклі паводле яго твораў пастаўлены ў т-рах Беларусі: «Прыгоды Нязнайкі» ў Дзярж. т-ры лялек (1962), Гомельскім абл. драм. т-ры (1963), «Незвычайны Нязнайка» ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1982).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1-4. М., 1979—82;

Приключения Незнайки и его друзей. Мн., 1988;

Незнайка в Солнечном городе. Мн., 1989;

Веселая семейка: Повесть, рассказы. Мн., 1991;

Незнайка на Луне. Мн., 1992;

Бел. пер. — Віця Малееў у школе і дома. Мн., 1953;

Карасік Апаваданні. Мн., 1954;

Дзённік Колі Сініцына. Мн., 1955;

Пра рэпку. Мн., 1961.

Літ.:

Рассадин С. Николай Носов. М., 1961;

Жизнь и творчество Николая Носова. М., 1985.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАНАЎ (Васіль Васілевіч) (2.5.1856, г. Вятлуга Ніжагародскай вобл., Расія — 5.2.1919),

рускі філосаф, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). У 1882—93 настаўнічаў. З 1899 супрацоўнік газ. «Новое время». У першым філас. творы «Пра разуменне» (1886) сфармуляваў ідэю пазнання прыроды як цэлага адзінства. Паводле Р., пазнанне прыроды, чалавека, гісторыі і культуры заснавана на суб’ектыўна-індывідуальным успрыманні, спосаб пазнання — ірацыянальны, хутчэй маст., чым навуковы. Асн. пытанні яго філасофіі: сувязь язычніцтва і хрысціянства, сінтэз «духоўнага» і «плоцевага», суб’ектыўнага светаадчування чалавека і касм. абсалюту. Першаасновай жыцця, на думку Р., з’яўляецца пол; істотная сувязь чалавека з Богам рэалізуецца менавіта праз пол, асвячэнне якога вядзе да сцвярджэння святасці сям’і («У свеце няяснага і нявырашанага», 1901; «Сямейнае пытанне ў Расіі», т. 1—2, 1903). Проціпастаўляў старазапаветнае і новазапаветнае хрысціянства, адзначаў у апошнім «авіталізм», які вядзе да разбурэння сувязі чалавека з Богам («Цёмны твар. Метафізіка хрысціянства», «Людзі месячнага святла. Метафізіка хрысціянства», абодва 1911). Абагаўленне сям’і ў яго звязана са сцвярджэннем самакаштоўнасці быт., прыватнага; звычайнае ўзводзіцца да агульназначнага, «глабальнае» — да мімалётнага. Адсюль асн. прынцыпы паэтыкі яго маст. прозы: абсалютызацыя суб’ектыўнага, сканцэнтраванасць на ўнутр. жыцці асобы, імкненне да фіксацыі мысліцельнага працэсу («Самотнае», 1912; «Смяротнае», 1913; «Апалыя лісты», т. 1—2, 1913—15; «Мімалётнае» 1915). Проза Р. — сінтэз рэліг. філасофіі і маст. л-ры, літ. крытыкі і публіцыстыкі, спалучэнне рыс эпасу і лірыкі, нарыса, рамана, эсэ, паэмы. Аўтар кн. «Апакаліпсіс нашага часу» (1917—18), літ.-крытычных артыкулаў «Легенда пра вялікага інквізітара Ф.​М.​Дастаеўскага» (1891), «На межах паэзіі і філасофіі» (1900), «Загадкі Гогаля...» (1909), «Апакаліптыка рускай літаратуры» (1918), у якіх разглядаюцца шляхі развіцця рус. і сусв. л-ры, праблемы «пісьменнік — пісьменніцтва — л-ра».

Тв.:

[Соч.] Т. 1—2. М., 1990;

О себе и жизни своей. М., 1990;

Религия. Философия Культура. М., 1992;

«Иная земля, иное небо...». М., 1994;

В мире неясного и нерешенного. М., 1995;

О писательстве и писателях. М., 1995;

Уединенное. М., 1998.

Літ.:

Фатеев В.А. В.​В.​Розанов: Жизнь. Творчество. Личность. Л., 1991;

Носов С. В.​В.​Розанов: Эстетика свободы. СПб., 1993;

В В.​Розанов: pro et contra. СПб., 1995;

Синявский А. «Опавшие листья» В.​В.​Розанова. М., 1999;

Николюкин А.Н. Розанов. М., 2001.

М.​Л.​Хаймовіч.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)