ХВАРО́БА ХО́ДЖКІНА,
злаякаснае новаўтварэнне, тое, што лімфагрануламатоз.
т. 16, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛУС, калюс (ад лац. callus тоўстая скура, мазоль),
тканкавае новаўтварэнне ў раслін на паверхні ранення. Узнікае на трэшчынах, у аснове чаранка, у месцах зрастання прышчэпы з прышчэпкам і інш. Спрыяе загойванню ран. Складаецца з парэнхімных клетак, паблізу якіх назіраецца рост, абумоўлены актыўнасцю мерыстэмы. Потым магчыма ўтварэнне лубу, драўніны і інш. тканак. У К. могуць закладвацца прыдаткавыя карані і пупышкі. Выкарыстоўваюць для атрымання культуры ізаляваных тканак.
т. 7, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],
хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.
т. 13, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,
злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (у грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.
Літ.:
Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;
Лимфогранулематоз. М., 1985.
В.Я.Рэбека, І.В.Рэбека.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́Я (ад пан... + грэч. gē зямля),
старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.
Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд. г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд. г. назад, пра што сведчыць узрост найб. стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд. г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх. Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл. Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).
Распад П. 2 пачаўся 200 млн. г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.
Р.Р.Паўлавец.
т. 12, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ,
агульнабіялагічны працэс узроставых змен у арганізме, які прыводзіць да зніжэння жыццяздольнасці і павелічэння верагоднасці смерці. Уласціва ўсім арганізмам і адбываецца на ўсіх узроўнях арганізацыі жывога — ад малекулярна-генет. да арганізменнага. Развіваецца гетэрахронна (з рознай хуткасцю ў розных клетках, тканках, органах) і гетэратопна (неаднолькавыя якасныя змены ў розных структурах). Вядучыя механізмы С. на клетачным узроўні: дэградацыя і гібель ч. клетак, зніжэнне мітатычнай актыўнасці і колькасці мітахондрый, разбурэнне лізасом, змена эл. уласцівасцей плазматычных мембран, паніжэнне лабільнасці клетак і памяншэнне адэкватных рэакцый на фізіялагічна актыўныя рэчывы. Вядучыя механізмы на арганізменным узроўні (для вышэйшых жывёл): аслабленне функцый асн. фізіял. сістэм арганізма (нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і інш.), зніжэнне нерв. кантролю над іх дзейнасцю, змена рэактыўнасці на ўздзеянне гармонаў, парушэнні на этапе паступлення інфармацыі ў нерв. цэнтры. Агульнапрынятыя тлумачэнні працэсаў С. адсутнічаюць. Існуе мноства гіпотэз, у адпаведнасці з большасцю іх — першасныя механізмы С. звязаны са зменай генет. апарата клеткі. У ходзе жыцця ў арганізме мабілізуюцца прыстасавальныя механізмы, якія тармозяць працэсы С. і спрыяюць павелічэнню працягласці жыцця. У чалавека высокі ўзровень сацыяльна-прац. актыўнасці і пастаянныя трэніроўкі спрыяюць захаванню разумовай і фіз. працаздольнасці да глыбокай старасці. Навука аб С. — геранталогія.
У раслін, як і ў жывёл, наступленне С. звязана са зніжэннем інтэнсіўнасці асн. функцый у клетках і тканках, актыўнасці анабалічных ферментаў і павышэннем гідралітычнай актыўнасці. У выніку назапашваюцца канечныя прадукты метабалізму і адбываюцца структурныя парушэнні арганоідаў клеткі (мітахондрый, хларапластаў і інш.). Спецыфіка мнагаклетачных раслін у тым, што С. клетак, тканак і цэлых органаў не прыводзіць да С. ўсяго арганізма адразу, таму што на працягу жыцця адначасова з адміраннем органаў у раслін адбываецца іх новаўтварэнне. Найб. выяўлена С. ў адна-, двух- і шматгадовых монакарпічных раслін, у якіх пасля плоданашэння пачынаюцца неабарачальныя дэструктыўныя змены. У полікарпічных мнагалетнікаў парасткавая і каранёвая сістэмы пастаянна амалоджваюцца. Прыкметы С. цэлага арганізма паяўляюцца ў іх, калі колькасныя дэструктыўныя працэсы пераважаюць над новаўтварэннямі (у дрэў утвараюцца дуплы, у цэнтры кустоў і дзярнін — прагаліны і інш.). Выраджэнне некат. культ. сартоў мнагалетнікаў пры вегетатыўным размнажэнні звязана са С. іх клонаў.
Літ.:
Биология старения. Л., 1982;
Гилберт С.Ф. Биология развития: Пер. с англ. Т. 3. М., 1995;
Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)