НО́БІЛЕ ((Nobile) Умберта) (21.1.1885, Лаура, Італія — 30.7.1978),

італьянскі палярнік, канструктар дырыжабляў, генерал. У 1926 удзельнічаў у экспедыцыі Р.Амундсена як камандзір дырыжабля «Нарвегія» ўласнай канструкцыі. У 1928 узначаліў італьян. экспедыцыю на Паўн. полюс на дырыжаблі «Італія», які пацярпеў катастрофу каля Шпіцбергена (група ўдзельнікаў экспедыцыі выратавана сав. ледаколам «Красін», другая група прапала без вестак). У 1932—36 працаваў у СССР, потым у ЗША, у 1945 вярнуўся ў Італію.

Літ.:

Самойлович Р.Л. На спасение экспедиции Нобиле. 4 изд. Л. 1967.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нобіле У. 1/305; 7/590

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕН ((Amundsen) Руаль) (16.7.1872, г. Борг, Нарвегія — 1928),

нарвежскі палярны падарожнік і даследчык. У 1903—06 упершыню праплыў Паўн.-Зах. праходам з У на З ад Грэнландыі да Аляскі. На судне «Фрам» адправіўся ў Антарктыку, 14.12.1911 на сабаках дасягнуў Паўд. полюса. Спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса дрэйфам на судне «Мод» (1918—21) і самалётам (1925). У 1926 узначаліў 1-ы трансарктычны пералёт праз Паўн. полюс на дырыжаблі «Нарвегія». Загінуў у Баранцавым м., шукаючы экспедыцыю У.​Нобіле. Імем Амундсена названы заліў і катлавіна ў Арктыцы, гара, ледавік, мора, заліў і навук. станцыя ЗША у Антарктыдзе.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1936—39;

Перелёт через Ледовитый океан. М.; Л., 1927 (разам з Л.​Эльсвартам);

На корабле «Мод»: Экспедиция вдоль северного побережья Азии. М.; Л., 1929;

Южный полюс. М.; Л., 1937.

Літ.:

Дьяконов М. Амундсен. М., 1937;

Яковлев А. Руал Амундсен, 1872—1928. М., 1957.

Р.Амундсен.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),

польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац. сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.​Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф. Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.​Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел. муз. культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.​Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж. т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССР паст. Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.​Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.​Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.​К.​Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.​Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.​Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).

Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.

Літ.:

Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;

Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;

Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;

Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;

Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;

Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.

А.​Л.​Капілаў, С.​Г.​Нісневіч.

С.Манюшка.

т. 10, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)