Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР (Ягор Ягоравіч) (9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),
рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).
Літ.:
Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІНА-КАСІ́ЦКАЯ (Любоў Паўлаўна) (28.8.1827, с. Жданаўка Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 17.9.1868),
руская актрыса. На сцэне з 1843. Іграла ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і інш. у меладрамах, вадэвілях і операх. З 1847 у трупе Малога т-ра. Яе творчасць вызначалася яркім сцэн. тэмпераментам, шчырасцю перажыванняў. Найб. поўна самабытны талент актрысы раскрыўся ў п’есах А.Астроўскага; Кацярына («Навальніца», першая выканаўца гэтай ролі), Дуня («Не ў свае сані не садзіся»), Груша («Не так жыві, як хочацца»). Сярод інш. роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Марыя («Матчына блаславенне», пераробка франц. меладрамы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЗА (ад ням. Hanse саюз, таварыства),
гандлёва-палітычны саюз купецтва многіх паўн.-еўрап. гарадоў у сярэдзіне 13—17 ст. Узнікла як антыпірацкі саюз купецтва 60 гарадоў Паўн. Германіі на чале з г.Любек (назва «Ганза» з 1358). Падзялялася на некалькі філіялаў: прускі на чале з Данцыгам (Гданьскам), рэйнскі — з Кёльнам і інш.; аб’ядноўвала каля 200 гарадоў. Найб. ролю адыгрывала вендская ганза на чале з Любекам, пазней Гамбургам, якая кантралявала гандаль у Паўн. Еўропе да пач. 16 ст. Ганза склікала сходы (ганзетагі) сваіх прадстаўнікоў, мела ўласны флот, абвяшчала вайну і мір, умешвалася ў справы балт. краін і вяла актыўную барацьбу за панаванне на Балт. і Паўн. морах. Мела калоніі, партовыя збудаванні, канторы, цэрквы ў многіх гарадах Еўропы (Амстэрдаме, Бруге, Лондане, Вісбю, Стакгольме, Бергене, Рызе, Ноўгарадзе і інш.), у т. л. на Беларусі (у Віцебску і Полацку). Паступова ганзейскае купецтва выцеснена са сваіх пазіцый англ., галандскімі і франц. купцамі. Апошні ганзетаг адбыўся ў Любеку ў 1669 з удзелам прадстаўнікоў толькі 6 гарадоў.
Літ.:
Рыбина Е.А. Иноземные дворы в Новгороде XII—XVII вв. М., 1986;
Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕК (Lübeck),
горад на Пн Германіі, на р. Траве, каля ўпадзення яе ў Любекскую бухту Балтыйскага м., зямля Шлезвіг-Гольштэйн. 214 тыс.ж. (1994). Марскі і рачны порт на канале Эльба—Траве. Паромная сувязь з г. Ханка (Фінляндыя) і інш. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, суднабудаванне, чорная і каляровая (выплаўка медзі) металургія, дрэваапр., харчовая. Музеі: мастацтва і гісторыі культуры, св. Ганны (сярэдневяковае мастацтва), Дом Бена (мастацтва 19—20 ст.), Гольстэнтар (гісторыя горада). Арх. помнікі 12—18 ст. (раманска-гатычны кафедральны сабор, гатычныя цэрквы, ратуша, брама і інш.), многія з іх знішчаны ў 2-ю сусв. вайну, рэканструяваны; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 1143 каля разбуранага ў 1138 слав. паселішча Любеч. У 1163 атрымаў гар. права, з 1226 імперскі горад. З 13 ст. зыходны пункт ням. каланізацыі ўзбярэжжа Балт.м., адыгрываў вядучую ролю ў паўн.-герм., паўн.-еўрап. гандлі і Ганзе. У 1530-я г. праведзена Рэфармацыя Пасля заняпаду Ганзы страціў ключавое эканам. становішча ў Балт. рэгіёне. У 1806—13 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 вольны горад у складзе Герм. саюза, у 1867—70 — Паўн.-Герм. саюза, у 1871—1918 — Герм. імперыі. У 1937 уключаны ў прускую прав. Шлезвіг-Гольштэйн. Пасля 2-й сусв. вайны ў 1945—49 у брыт.акупац. зоне.
Літ.:
Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважна рэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.