Непраходнасць кішэчніка 2/354; 4/464; 7/483

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПРАХО́ДНАСЦЬ КІШЭ́ЧНІКА,

парушэнне нармальнага праходжання змесціва па кішэчніку ў выніку мех. перашкоды ці функцыянальнага парушэння маторыкі кішак. Бывае мех., дынамічная, вострая і хранічная. Мех. падзяляюць на странгуляцыйную (ад завароту кішак, утварэння вузлоў), абтурацыйную (ад глістоў, жоўцевых камянёў, пухлін, спаечных хвароб) і змешаную (пры спаечнай непраходнасці і інвагінацыі). Дынамічная (паралітычная і спастычная) узнікае ад расстройства інервацыі кішэчніка пры перытаніце, нырачных коліках і інш. Прыкметы: раптоўны схваткападобны боль жывата, уздуцце кішэчніка, затрымка стулу і газаў, ірвота. Лячэнне кансерватыўнае і хірургічнае.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВАРО́Т КІ́ШАК,

гл. Непраходнасць кішэчніка.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Заварот кішак, гл. Непраходнасць кішэчніка

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ц у медыцыне,

участак шчыльнай злучальнай тканкі, які замяшчае дэфект скуры, слізістай абалонкі, органа або тканкі. Узнікае ў выніку апёкаў, абмаражэнняў, хранічных запаленчых працэсаў і інш. Пры рубцаванні краі раны сцягваюцца, што прыводзіць да дэфармацыі органаў і тканак, касметычных дэфектаў. Зрэдку Р. выклікаюць цяжкія парушэнні пры лакалізацыі ў сэрцы (напр., сардэчная недастатковасць), мозга (напр., эпілепсія, зрокавыя парушэнні), страўніку (непраходнасць) і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЖА,

выпучванне ўнутр. органаў або іх тканак праз адтуліны ў анатамічных утварэннях у міжмышачную клятчатку, поласці, пад скуру.

Бывае прыроджаная і набытая; траўматычная, штучная, пасляаперацыйная; поўная і няпоўная і інш. Паводле лакалізацыі адрозніваюць грыжу галаўнога і спіннога мозга, жывата (пахвінная, сцегнавая, эпігастральная, пупочная, сядалішчная і інш.), мышцаў. Утварэнню набытай грыжы садзейнічаюць прыроджаная слабасць пэўных анатамічных абласцей, цяжкая фіз. праца, знясіленне, траўмы. Лячэнне хірургічнае. Хворыя, якім проціпаказана аперацыя, носяць бандаж. Ускладненні: ушчамленне грыжы, магчыма кішэчная непраходнасць грыжы, запаленне і інш.

А.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫДО́З,

інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць і зноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.

У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),

венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.

Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)