Непрамое развіццё, гл. Метамарфоза

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Непрамое дзяленне клеткі, гл. Мітоз

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІТО́З (грэч. mitos нітка),

карыякінез, непрамое дзяленне, асноўны спосаб дзялення эўкарыётных клетак. Забяспечвае строга аднолькавае размеркаванне рэдуплікаваных храмасом паміж даччынымі клеткамі, захоўвае генет. раўнацэннасць клетак і пераемнасць у шэрагу клетачных пакаленняў. У М. ўмоўна вылучаюць некалькі стадый (прафазу, метафазу, анафазу і тэлафазу), якія паступова і бесперапынна пераходзяць адна ў адну. Іх працягласць залежыць ад тыпу тканкі, фізіял. стану арганізма, знешніх фактараў і доўжыцца ад некалькіх мінут да многіх гадзін (у сярэднім 1—2 гадзіны). Перыяд паміж 2 паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі наз. інтэрфазай.

Літ.:

Алов И.А. Цитофизиология и патология митоза. М., 1972.

А.​І.​Ерашоў.

Да арт. Мітоз: 1 — ядро; 2 — храмасома; 3 — цэнтрыёль; 4 — храматыда.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛІВА́ННЕ КРЫВІ́ гематрансфузія,

увядзенне ў крывяносную сістэму хворага (рэцыпіента) крыві здаровага чалавека (донара); эфектыўны лек. метад. Выкарыстоўваюць у хірург. практыцы, пры крывацёках, раненнях, шоках, апёках, анеміях, лейкозах, гемафіліі і інш. Адрозніваюць прамое П.к. (непасрэдна ад донара), непрамое (кансерваваная кроў), аўтагематрансфузію (уліванне хвораму ўласнай крыві), абменнае (частковае або поўнае выдаленне крыві з сасудзістага рэчышча хворага з адначасовым замяшчэннем яе адэкватным аб’ёмам донарскай крыві). Пералітая кроў аднаўляе нармальны кровазварот і газаабмен, спыняе крывацёк, уплывае на абмен рэчываў і кроваўтварэнне, звязвае таксіны ў арганізме. Пераліваюць таксама плазму крыві, клетачныя кампаненты крыві (эрытрацытарная, трамбацытарная, лейкацытарная масы і інш.), кровазаменныя вадкасці. Пры П.к. абавязкова ўлічваюцца групы крыві. На Беларусі даследаванні па П.к. вядуцца ў Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчым інстытуце.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАГЕНЕ́З [ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],

індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.​Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)